19 красавiка 2024, Пятніца, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп: Злучаныя Штаты Амерыкі цалкам гатовыя адказаць на атакі на НПЗ у Саудаўскай Аравіі

14
Трамп: Злучаныя Штаты Амерыкі цалкам гатовыя адказаць на атакі на НПЗ у Саудаўскай Аравіі
ДОНАЛЬД ТРАМП
ФОТА: REUTERS

Пры гэтым прэзідэнт ЗША заявіў, што хоча даведацца меркаванне Эр-Рыяда пра тое, хто стаяў за атакай беспілотнікаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што амерыканскія вайскоўцы «знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці» да адказу на атакі на адно з найбуйнейшых нафтавых радовішчаў Саудаўскай Аравіі і найбуйнейшы ў свеце завод для стабілізацыі нафты, паведамляе «Голас Амерыкі».

«Ёсць падставы меркаваць, што мы ведаем вінаватага», – напісаў Трамп у Твітэры вечарам у нядзелю.

Пры гэтым ён дадаў, што хоча даведацца меркаванне Саудаўскай Аравіі пра тое, хто стаяў за гэтай атакай і «на якіх умовах мы будзем дзейнічаць».

Раней дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа напісаў у Твітэры, што «Іран ажыццявіў беспрэцэдэнтную атаку на сусветныя пастаўкі энэргарэсурсаў». Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі адхіліў заявы падтрыманых Іранам паўстанцаў хуці ў Емене, што гэта яны ажыццявілі атаку з ужываннем беспілотнікаў.

Іран назваў абвінавачванні на свой адрас «самай вялікай хлуснёй».

Верагоднымі мэтамі ЗША ці Саудаўскай Аравіі ў Іране «маглі б стаць нафтаперапрацоўчыя заводы і важныя нафтавыя аб'екты», – заявіў заснавальнік аналітычнага цэнтра Arabia Foundation Алі Шыхабі.

Паводле словаў Шыхабі, нягледзячы на твіт Трампа, незалежна ад «пастановы» Эр-Рыяда «дзеянні ў адказ [саудаўскага боку] на другім баку Персідскага заліва справакуюць атаку з боку Ірана на амерыканскія войскі і аб'екты, таму [Саудаўская Аравія] павінна каардынаваць свае дзеянні з ЗША».

Навуковы супрацоўнік Мідлберыйскага інстытута міжнародных даследаванняў Джэфры Льюіс мяркуе заяву Трампа пра тое, што ён пакідае пастанову за Саудаўскай Аравіяй, «патэтычнай».

Льюіс, выдавец і заснавальнік блога Arms Control Wonk, прысвечанага кантролю над узбраеннямі, заявіў, што прэзідэнт ЗША «відавочна рыхтуе сабе апраўданне», каб ён мог абвесціць, што ён «хацеў адпомсціць, але саудаўскі бок сказаў не».

Льюс адзначае, што Трамп «любіць рабіць жорсткія заявы», і ён не можа выключыць «нейкія сімвалічныя дзеянні», але не думае, што ў прэзідэнта ЗША «хопіць мужнасці пачаць вайну».

Узмацненне напружанасці прывяло да рэзкага росту коштаў на нафту на гандлі ў Азіі ў панядзелак.

Ф'ючарсы на нафту пры адкрыцці рынкаў выраслі на 11,73 даляра, склаўшы 71,95 даляра. Гаворка ідзе пра найбуйнейшы скок у даляравым выразе з пачатку гандлю ф'ючарсамі ў 1988 годзе.

Трамп таксама абвесціў у нядзелю, што ён санкцыянаваў выкарыстанне нафты з стратэгічнага рэзерву ў выпадку неабходнасці «ў аб'ёмах, якія будуць вызначаныя пазней», але дастатковыя для падтрымання нармальнага ўзроўню прапановы на рынку.

Атакі на завод у паселішчы Абкаік і радовішча ў раёне Хурайс у Саудаўскай Аравіі на досвітку ў суботу прывялі да вялікіх пажараў.

Паводле заяваў саудаўскіх уладаў, у выніку паветраных удараў ніхто не пацярпеў. Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што гаворка ідзе пра высокадакладную атаку з ужываннем крылатых ракетаў, якія былі запушчаныя з Ірана або з іракскай тэрыторыі.

Разбурэнні сур'ёзна скарацілі штодзённую здабычу нафты Саудаўскай Аравіяй, якая складала 5,7 мільёна бараляў за дзень або блізу 6 адсоткаў сутачнай сусветнай здабычы.

Саудаўскія ўлады спрабуюць аднавіць працу пацярпелых аб'ектаў і кажуць, што скарыстаюцца рэзервамі краіны для забеспячэння бесперабойных паставак.

Трамп у нядзелю таксама назваў «фэйкавымі навінамі» паведамленні пра тое, што ён нібыта гатовы сустрэцца з прадстаўнікамі Ірана «без якіх-небудзь умоваў».

Аднак 10 верасня два чальца ягонага кабінета, Пампеа і міністр фінансаў Стывен Мнучын, заявілі, што прэзідэнт гатовы сустрэцца з прэзідэнтам Ірана Хасанам Рухані «без папярэдніх умоваў».

Меркавалася, што такая сустрэча можа адбыцца ў ходзе сесіі Генеральнай Асамблеі ААН пазней у гэтым месяцы ў Нью-Ёрку.

Тэгеран заявіў, аднак, што гэта будзе немагчыма, калі Вашынгтон не здыме санкцыі супраць Ірана.

ЗША прадаўжаюць кампанію так званага «максімальнага ціску» на Тэгеран у сувязі з ягонымі праграмамі распрацоўкі ядзернай зброі і балістычных ракетаў, пасля таго як Трамп летась вывеў ЗША з шматбаковага пагаднення пра абмежаванні іранскіх праграмаў распрацоўкі зброі масавай паразы.

Трамп заявіў, што Супольны ўсёабдымны план дзеянняў, узгоднены пры ягоным папярэдніку Бараку Абаму, з'яўляецца адным з самых горшых і самых аднабаковых пагадненняў, заключаных Злучанымі Штатамі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках