28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацька школьніка з Гомеля: Бачыць дзіця 20 хвілін і ўжо такое дазваляе

54
Бацька школьніка з Гомеля: Бачыць дзіця 20 хвілін і ўжо такое дазваляе

Бацька распавёў, чым ягоны сын «угнявіў» настаўніцу, якая замахнулася партай.

Бацька чацвёртакласніка пракаментаваў інцыдэнт у гомельскай школе. Мужчына абураны рэакцыяй дарослых, якія абвінавачваюць ягонага сына.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» бацька заявіў, што звяртацца ў міліцыю з заявай не будзе, бо не хоча браць на сябе адказнасць за лёс іншага чалавека.

- Я настаўніцу толкам не ведаю, яна першы раз у нас была на замене. Разумею, калі б дзіця нешта сістэматычна парушала, у настаўніцы б назапашвалася гэта. Тут яна бачыць дзіця 20 хвілін і ўжо такое сабе дазваляе, - адзначае тата школьніка.

Мужчына не разумее, што магло зрабіць дзіця, каб да яго ўжыць такое ўздзеянне. З ягоных слоў, сын не ставіў настаўніцы падножку: гэта версія карыстальнікаў інтэрнэту.

- Я прасіў бацькоў з нашага класа пагутарыць з дзецьмі, і яны сказалі, што ніякай падножкі не было, ніякіх шклянак з фарбай або вадой мой сын не кідаў — сцвярджае суразмоўца. - Я так зразумеў з усёй сітуацыі, што гэтая шклянка стаяла на стале, упала і вада разлілася.

Дзіця, сцвярджае бацька, не абражала настаўніцу.

- На відэа бачна - ён проста пытаўся: «Якія гадасці я вам зрабіў?». Настаўніца адказала: «Іржаў як конь!» Але гэта эмоцыі. Дык што - казаць дзіцяці, што «панясуць цябе на могілкі?»- абураецца бацька.

Яго таксама здзіўляе рэакцыя некаторых бацькоў.

- У маёй галаве не ўкладаецца, калі іншыя бацькі казалі: «Ну і мы брыдкімі словамі на дзяцей крычым, што ў гэтым такога?» Яны мяркуюць, што гэта — норма. Я так не думаю. Нельга брыдкасловіць у дачыненні да дзіцяці — яно азлобіцца. З дзіцем трэба размаўляць, - упэўнены бацька.

Што адбылося?

13 верасня «Сильные новости» апублікавалі відэа, знятае ў сярэдняй школе №15 Гомеля. На ім настаўніца падчас урока расейскай мовы ў 4-м класе замахваецца на вучня партай і брыдкімі словамі пагражае яму: «Я пайду ў турму, а табе п...дзец».

Вечарам 13 верасня ў школе адбыўся бацькоўскі сход. Настаўніцу звольнілі.

Меркаванне ў падтрымку

Вядомая настаўніца расейскай мовы Ганна Севярынец стала на бок звольненай настаўніцы.

- Са шматлікіх каментароў, ды і з асабістага досведу, усе мы ведаем, што аб'яднаныя ў класы дзеці ўмеюць і любяць, калі маюць такую магчымасць, паздзекавацца з дарослага чужынца, - піша яна. - Настаўніцкая агрэсія амаль заўсёды — сведчанне бездапаможнасці (у прынцыпе, як і вучнёўская). Маем завязку: настаўніца прыходзіць на замену ў чужы клас. Дзеці не любяць замен, асабліва калі настаўнік мае намер не проста адбыць чужы занятак, дазволіўшы дзецям сядзець у тэлефонах, а правесці паўнавартасныя ўрокі. Дзеці наогул цяжка прымаюць чужынцаў, тым больш тых, хто цяпер будзе тут камандаваць, і таму яны імгненна і падсвядома аб'ядноўваюцца супраць.

Сітуацыя, якая ўзнікла ў класе, бачыцца педагогу інакш.

- Настаўніца нясе парту, каб адсадзіць хулігана, які зрывае ўрок, а ён ставіць ёй падножку. Што было б, калі б яна ўпала разам з партай на гэтага вучня? Думаю, яна адразу прадставіла сабе такі варыянт разгортвання падзей. Тут, ведаеце, і Гасподзь Бог вылаяўся б, - адзначае Ганна Севярынец.

Педагог мяркуе, што ў нашых настаўнікаў не выпрацаваныя інструменты супраць булінгу.

- Толькі інструменты ціску. Крык. Пакаранне. Запіс у дзённік. Кабінет дырэктара. Здаецца, усё. Аднак звычайная спакойная ветлівасць і цвёрдая прыстойнасць дзейнічае на дзяцей значна мацней. Але дзе ж браць?

Меркаванне «супраць»

А вось заснавальнік «Сильных новостей» Пётр Кузняцоў мяркуе, што ў дачыненні да дзяцей павінна дзейнічаць прэзумпцыя невінаватасці.

- Дзеці - народ складаны. Нават самых выхаваных, бывае, заносіць. Ну дык для гэтага дарослым даюць педагагічную адукацыю. Псіхалогію вывучаюць, практыкуюцца. Досвед, стаж. Педагог - гэта прафесія. Складаная і няўдзячная, - піша ён. - Магчыма, я дзесьці згушчу фарбы, хоць я так не думаю. Але ацэньваць гэты эпізод правільна толькі з аднаго пункту гледжання: 12 верасня 9-гадовы хлопчык цудам пазбег смерці або інваліднасці. Цудам. Пазбег. Смерці або інваліднасці. Таму што калі ў «педагога» нервы сваволяць настолькі, што яна можа занесці над галавой вучня парту, сказаць словы «п... дзец» і «могілкі», то ніякай гарантыі таго, што ў яе спрацуе наступны клапан і яна ж не апусціць парту яму на галаву, проста не існуе. Проста не існуе. Таму што ўжо гэтыя дзеянні - махаць партай і пагражаць забойствам вучню - яны ўжо настолькі за гранню, што трэба казаць аб аглядзе ў псіхіятра.

Пётр Кузняцоў мяркуе, што дзіця 9-ці гадоў вінаватым у гэтай сітуацыі быць не можа.

- Дзіця 9-ці гадоў - гэта не «быдла», не «казёл дробны». Гэта проста дзіця. Я пагаджуся, што можна пытацца і ўскладаць адказнасць на 12-14-гадовага – у гэтым узросце ўжо піць і займацца сэксам многія пачынаюць. Але не ў 9 гадоў, калі некаторыя яшчэ гуляюць у машынкі. Але ў нас, у тым, што павінна называцца «грамадствам», мінімум палова дарослых людзей мяркуюць, што такіх «настаўнікаў» звальняць не трэба. Што дарэчы казаць «давялі» і абзываць дзяцей брыдкімі словамі – замест таго, каб тлумачыць і, прабачце, выхоўваць.

Ён не можа зразумець, што ў галаве ў бацькоў, якія прасілі не звальняць настаўніцу.

- Як можна хацець, каб твой сын ці твая дачка вучыліся ў чалавека, які можа дасягнуць такога афекту, каб замахвацца на чацвёртакласніка партай і пагражаць могілкамі. Для мяне гэта неяк за гранню. Я разумею, што нічога рацыянальнага ў гэтым поглядзе на рэчы проста няма. Рацыянальна - гэта шукаць для сябе і свайго нашчадка бяспеку. Аддаваць у небяспеку – гэта ірацыянальна, — мяркуе Пётр Кузняцоў.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках