28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Завод АКБ пад Берасцем адклікаў дакументы з дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы

1
Завод АКБ пад Берасцем адклікаў дакументы з дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы

Дакументы адклікалі для «больш поўнага паказу інфармацыі аб унесеных зменах».

ТАА «АйПаўэр» адклікаў дакументацыю паводле праекту акумулятарнага завода пад Берасцем з дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы. Пра гэта паведамілі tut.by у прэс-службе 1AK-Group.

Дакументы адклікалі для «ўсебаковага і больш поўнага паказу інфармацыі аб унесеных зменах».

«Пасля ўнясення неабходных звестак «АйПаўэр» зноў падасць праектную дакументацыю на разгляд у ДУА «Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы і павышэння кваліфікацыі кіроўных работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды», - удакладнілі на прадпрыемстве.

Што наогул адбываецца?

Акумулятарны завод будуе на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» ТАА «АйПаўэр». Жыхары Берасця і некалькіх вёсак Берасцейскага раёна мяркуюць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. З 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць супраціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, якія гутараць паміж сабой і абменьваюцца апошнімі навінамі аб будаўніцтве прадпрыемства.

29 красавіка 2018 года на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг «Берасцейкі супраць свінцу», на які сабраліся блізу дзвюх тысяч чалавек. З тых часоў неаднаразовыя спробы супраціўнікаў будаўніцтва завода атрымаць дазвол на правядзенне мітынгу поспехам не ўвянчаліся: гарадскія ўлады пад рознымі падставамі не давалі дабро.

Раней старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс заявіў, што калі будуць выяўляцца парушэнні экалагічнага і прыродаахоўнага заканадаўства, акумулятарны завод пад Берасцем працаваць не будзе.

14 чэрвеня Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне губернатара Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў». 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

2 ліпеня стала вядома, што Генпракуратура праводзіць праверку аб сітуацыі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю акумулятарнага завода ў Берасці. У распрацоўку прынятыя крымінальныя справы, распачатыя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі на падставе арт.430 (Атрыманне хабару) і 431 (Дача хабару) Крымінальнага кодэкса Беларусі ў дачыненні да кіраўніка ТАА «ПАК-управа» Віктара Лемяшэўскага, галоўнай бухгалтаркі ТАА «Белінвестторг-Сплаў» Святланы Лемяшэўскай, былога дырэктара ТАА «Белінвестторг-Сплаў» Сяргея Ахрэмчука, намесніка дырэктара ТАА «Белінвестторг-Сплаў» Івана Пакіслюка. 1 ліпеня іх узялі пад варту. Акрамя таго, падчас следства будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням і іншых службовых асоб, у тым ліку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.

22 жніўня губернатар Анатоль Ліс расказаў, што паводле ўмоў дамовы з ТАА «АйПаўэр» 31 ліпеня завод павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю. Паколькі гэтага не зроблена, то праект уважаецца за нерэалізаваны, і аблвыканкам на законных падставах адмовіўся ад выканання ўмоў дамовы і прапанаваў інвестару добраахвотна вярнуць бюджэтныя грошы, выдаткаваныя на ўвасабленне праекта, - і сума немаленькая.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках