29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў расчараваны палітыкай ФРГ у дачыненні да Пуціна

4
Гары Каспараў расчараваны палітыкай ФРГ у дачыненні да Пуціна
Гарри Каспаров

У інтэрв'ю газеце Bild расейскі апазіцыянер назваў Пуціна дыктатарам.

Экс-чэмпіён свету ў шахматах, расейскі апазіцыянер Гары Каспараў выказаў глыбокае расчараванне палітыкай Нямеччыны і ўсяго Захаду ў дачыненні да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, якога ён назваў дыктатарам.

У інтэрв'ю газеце Bild (пераклад - «Нямецкая хваля»), апублікаваным у панядзелак, 16 верасня, Каспараў падкрэсліў, што прынятых Захадам санкцый супраць Масквы недастаткова, каб прымусіць Крэмль адмовіцца ад падаўлення ў Расеі грамадзянскіх свабод і ваяўнічай ролі ў свеце. «Нам трэба выбудаваць лінію абароны супраць шкоднага ўплыву Пуціна», - падкрэсліў Каспараў.

«Каму ёсць справа да санкцый? Санкцыі, магчыма, непрыемныя Пуціну. Але ж Нямеччына з часу анэксіі Крыма як мінімум падвоіла аб'ём закупак расейскага газу», - сказаў Каспараў.

Апазіцыянер таксама дадаў: «Еўропа не здолела экспартаваць дэмакратыю ў Расею. Затое Пуціну ўдалося экспартаваць у Еўропу карупцыю. А мы рухаемся ў процілеглым кірунку. На Захадзе кажуць, што бізнэс з Расеяй трэба пашыраць - пра што мой улюбёны міністр замежных спраў ФРГ Хайка Маас ( Heiko Maas) нядаўна чарговым разам заявіў у Маскве», - іранічна адзначыў Каспараў.

«Санкцыі супраць Крамля - чыстая фармальнасць»

Недастаткова жорсткая, на думку Каспарава, лінія Захаду ў дачыненні да Пуціна прыводзіць да негатыўных вынікаў і на сусветнай арэне. «Паглядзіце на Венесуэлу. Мадура ўсё яшчэ ва ўладзе, бо ёсць Пуцін. Асад таксама ва ўладзе - бо ёсць Пуцін. Яны засвоілі ў Пуціна ўрок: калі ты дзейнічаеш досыць жорстка, калі табе няма справы да таго, што ў людзей у галаве, калі ты знішчыш дастаткова супраціўнікаў, то можна ўтрымацца ва ўладзе», - растлумачыў ён.

Санкцыі, са слоў Каспарава, - гэта чыстая фармальнасць. «Магчыма, яны прычыняюць некаторы боль, але ў канчатковым выніку не спыняюць Пуціна. А вось нулявая рэакцыя вольнага свету толькі ўзмацняе Пуціна. Менавіта таму я быў у такой лютасці на нямецкага міністра замежных спраў, які ўсхваляў вяртанне Расеі ў ПАРЕ і пры гэтым ні словам не абмовіўся пра яго першыя вынікі - масавыя затрыманні ў Маскве і іншых гарадах», - сказаў апазіцыянер.

«Пуцін – дыктатар»

У інтэрв'ю Bild Гары Каспараў таксама патлумачыў, чаму ён уважае Уладзіміра Пуціна за дыктатара. «Дыктатар - гэта той, хто трымаецца ва ўладзе і перарабляе законы на сваю карысць, а затымі ліквідуе апазіцыю. Паглядзіце на працэс станаўлення Пуціна. У ім прысутнічаюць усе мажлівыя якасці дыктатара - нават непрыхаваная агрэсія супраць суседніх дзяржаў. Пуцін прыняў у Ельцына Расею і, скажам так, далікатную дэмакратыю. Наш падмурак быў вельмі слабым, але ў нас былі выбары. (...) Існавалі элементы палітычных свабод з патэнцыялам ператварыць Расею ў сапраўдную дэмакратыю», - растлумачыў апазіцыянер.

«Што ж зрабіў Пуцін? За першыя тры гады ён знішчыў незалежную тэлевізію, а затым - усе незалежныя СМІ ў краіне. Сёння не існуе СМІ, не кантраляваных Крамлём. Нельга таксама зарэгістраваць партыю, калі Крэмль гэтага не жадае, а ты не хочаш станавіцца марыянеткай Крамля. Акрамя таго, Пуцін нападаў на іншыя краіны і ўмешваўся ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, напрыклад, Нямеччыны, Францыі, ЗША і ў выпадку з Brexit. Яго набліжаныя кантралююць eсе прадпрыемствы. Самыя багатыя людзі ў Расеі - гэта сябрукі Пуціна з Санкт-Пецярбургу. Таму я задаю пытанне: чаму ж яго нельга называць дыктатарам?» - сказаў Каспараў.

Асцярогі за ўласную бяспеку

Гары Каспараў, які з 2013 года жыве ў ЗША, прызнаў, што адчувае асцярогі за ўласную бяспеку, але не жадае станавіцца параноікам. «Што я магу зрабіць? Я ж не магу проста перастаць казаць тое, што казаў многія гады, бо гэта справа гонару і прынцыпу», - адзначыў ён.

У той жа час апазіцыянер, нагадаўшы пра замах ў Вялікай Брытаніі на былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля, сказаў, што ён не ездзіць у тыя краіны, дзе бесперашкодна арудуюць расейскія спецслужбы.

У сувязі з гэтым яму надта прыкра, што не можа наведваць Турцыю, адкуль толькі за апошнія паўтара года ён атрымаў дзесяць запрашэнняў ад добрапрыстойных і буйных прадпрыемстваў. «На жаль, гэта краіна, дзе ва ўладзе таксама знаходзіцца дыктатар, у якога на заднім двары арудуюць расейскія агенты», - канстатаваў Каспараў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках