29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На мяжы Кыргызстана і Таджыкістана адбылася страляніна

1
На мяжы Кыргызстана і Таджыкістана адбылася страляніна

Адзін чалавек загінуў і некалькі параненыя.

Увечары 16 верасня ў выніку перастрэлкі на мяжы Кыргызстана з Таджыкістанам, паводле папярэдніх звестак, загінуў кыргызскі вайсковец, яшчэ двое пацярпелі. Пра гэта паведамляе «Радио Азаттык» са спасылкай на Дзяржаўную памежную службу Кыргызстана.

У Бішкеку заяўляюць, што Таджыкскі бок першым ужыў зброю, абстраляўшы кыргызскі памежны пост Максат, а затым - часовы памежны пост Сай у Баткенскай вобласці.

«Прычынай узнікнення інцыдэнту стала тое, што грамадзяне Рэспублікі Таджыкістан пачалі правядзенне будаўнічых работ на неапісаным участку дзяржаўнай мяжы; у адказ на гэта грамадзянін Кыргызстана таксама пачаў будаўніцтва плота на тэрыторыі свайго дома, размешчанага ў гэтай мясцовасці. Адбылася сустрэча памежных прадстаўнікоў Кыргызстана і Таджыкістана, на якой было прынятае рашэнне аб спыненні будаўнічых работ бакамі. Але нягледзячы на дасягнутыя дамоўленасці, насуперак патрабаванням памежнікаў, грамадзяне Рэспублікі Таджыкістан працягнулі працы. У адказ на дзеянні таджыкістанцаў будаўнічыя работы працягнуў і грамадзянін Кыргызстана», - распавялі ў памежнай службе.

Вечарам 16 верасня таджыкскія вайскоўцы «ў агрэсіўнай форме» запатрабавалі ад кыргызскага грамадзяніна спыніць будаўніцтва; завязалася слоўная сварка, якая перарасла ў перастрэлку, гаворыцца ў паведамленні.

Паводле версіі таджыкскага боку, адказнасць за эскалацыю канфлікту кладзецца на кыргызскі бок. Прэс-служба таджыкскіх памежных войскаў распаўсюдзіла на сайце дзяржаўнага агенцтва «Хавар» паведамленне, у якім гаворыцца, што на тэрыторыі спартыўнай пляцоўкі, якая належыць да Сагдыйскай вобласці Таджыкістана, кыргызскія грамадзяне пачалі будаўніцтва невядомага збудавання.

«Кыргызскі бок мабілізаваў на месца падзей дадатковыя вайсковыя сілы, якія складаюцца з 250-300 чалавек. Затым яны звярнуліся да правакацыйных дзеянняў і адкрылі агонь у бок няўзброеных грамадзян махаллі (квартала. - Заўвага) Бахор, у выніку чаго некалькі грамадзян Рэспублікі Таджыкістан атрымалі агнястрэльныя раненні», - сцвярджаюць таджыкскія памежнікі.

Прадстаўнік мясцовых уладаў памежнага раёна Таджыкістана Абдухамід Адзінаеў сказаў «Радио Азаттык», што машына хуткай дапамогі забрала ў шпіталь 12 яго землякоў. Ён не ведае, хто першым пачаў страляць.

Агульная працягласць мяжы Кыргызстана з Таджыкістанам складае 970 км. Прыкладна палова мяжы лічыцца спрэчнай. Краіны падпісалі пагадненне аб тым, што на спрэчных участках дзяржмяжы будаўніцтва весціся не будзе, аднак яно часта не выконваецца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках