29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нас падманулі!»: З мантажнікамі з БелАЭС, што пратэставалі, дагэтуль не разлічыліся

29
«Нас падманулі!»: З мантажнікамі з БелАЭС, што пратэставалі, дагэтуль не разлічыліся

15 жніўня прыблізна 50 рабочых з Расеі выйшлі на галоўную плошчу ў Астраўцы.

Мантажнікам з Расеі, якія працавалі на будоўлі БелАЭС, і якія месяц таму мітынгавалі на галоўнай плошчы ў Астраўцы праз нявыплачаныя заробкі, грошай за ліпень так і не далі. Ім спярша абяцалі выдаць грошы ў сярэдзіне жніўня, потым - да пачатку верасня. Паводле дамовы мантажнікі павінны былі атрымаць ліпеньскі заробак да 15 верасня, але работнікі атрымалі ўсяго па 20% ад належных сум. Многія рабочыя ўжо з'ехалі на вахту на іншыя аб'екты, каб хоць нешта зарабіць і кампенсаваць страты, якія яны панеслі ў Беларусі, піша tut.by.

ФОТА: ВОЛЬГА ШУКАЙЛА, TUT.BY

Нагадаем, 15 жніўня прыблізна 50 рабочых з Расеі, якія займаліся мантажнымі работамі на БелАЭС, выйшлі на галоўную плошчу ў Астраўцы. Западозрыўшы, што іх могуць падмануць, людзі патрабавалі выплаціць ім заробак за два месяцы, бо на той момант квіткі дадому ўжо былі набытыя, а заробленых грошай не было.

Сяргей Гусеў, галоўны інжынер АТ «Сезам» - кампаніі, якая запрасіла на працу ў Беларусь фірму «Стройинвестпроект», паабяцаў яе работнікам, што яны да вечара 19 жніўня (у крайнім выпадку - на наступны дзень) атрымаюць грошы за чэрвень. Работнікам таксама абяцалі аванс за ліпень.

За чэрвень рабочых разлічылі. Але авансу за ліпень не было. Сяргей Гусеў тлумачыў, што «Сезам» па дамове павінен перавесці грошы за ліпень «Стройинвестпроекту» 15 верасня. «Не ўсё і ад нашага жадання залежыць. Знайшлі грошы, каб усяму персаналу выплаціць камандзіровачныя і квіткі купіць, частцы персаналу ўжо аплацілі ліпень. Думаю, наступным тыднем усё закрыем», - тлумачыў Сяргей Гусеў.

Але сёння ўжо 16 верасня, а работнікі атрымалі ў сярэднім па 20% ад ліпеньскіх заробкаў.

- Я і яшчэ некалькі работнікаў, якія працавалі на БелАЭС, цяпер у Новакузнецку, паехалі працаваць на новы аб'ект, таму што патрэбныя грошы. Таму што за працу ў Беларусі нам так і не заплацілі цалкам заробак за ліпень ні ў тэрміны, у якія абяцаў галоўны інжынер «Сезам», ні ў тэрміны, якія прапісаныя ў дамове, - канстатуюць мантажнікі. - Нам авансам пералічылі па 20%. З 76 тысяч расейскіх рублёў, якія мне былі вінныя, я атрымаў толькі 14 з капейкамі. Таварыш, які зараз са мной працуе ў Новакузнецку, нават 20% не атрымаў. З 72 тысяч яму далі толькі 5 з хвастом. «Сезам» накшталт як пералічыў частку грошай. У пятніцу на мінулым тыдні яшчэ нейкую суму, атрымалася 12 мільёнаў расейскіх рублёў. Але кіраўніцтва «Стройинвестпроекта» сказала, што заробкаў нам не відаць, пакуль «Сезам» не выплаціць усю суму. А тыя грошы, якія пералічылі, пайшлі на заробкі мэнэджарам і іншым, а не простым рабацягам. Нас проста падманулі.

Цалкам разлік за ліпень атрымаў адзін з працаўнікоў Аляксандр, які і звярнуўся ў СМІ, калі зразумеў, што заробак могуць не даць.

- Так, я адзіны, хто атрымаў поўны разлік за ліпень. Але за жнівень пакуль няма, - распавядае суразмоўца. - Мы па 8-10 дзён і ў жніўні працавалі.

Калі прытрымлівацца сістэмы разліку за папярэднія месяцы, то «Сезам» павінен перавесці аплату за жнівень да 15 кастрычніка.

Аператыўна звязацца з кіраўніцтвам кампаніі «Стройинвестпроект» нам не ўдалося, каб высветліць, ці атрымаюць работнікі разлік.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках