16 красавiка 2024, aўторак, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі ў сям'і, якая выхоўвае шасцярых дзяцей, спрабавалі канфіскаваць маёмасць

6
У Гомелі ў сям'і, якая выхоўвае шасцярых дзяцей, спрабавалі канфіскаваць маёмасць
ФОТА: ГРАМАДСТВА ГОМЕЛЬ

Бацька не пусціў іх у дом.

Вінаваўца мяркуе, што супрацоўнікі прымусовага выканання пакаранняў не выканалі ўсе неабходныя працэдуры для вопісу ягонай маёмасці.

Невыкананне пакарання

У пятніцу 13 верасня судовыя выканаўцы чарговы раз з'явіліся да Аляксея Елісеева, які жыве ў Гомельскім раёне. У рэдакцыю «Моцных навінаў» патрапіў відэазапіс таго, што адбываецца. Мяркуючы з яго – прыём супрацоўнікаў быў не самы сардэчны.

Вінаваўца сустрэў супрацоўнікаў прымусовага выканання заявай пра свае законныя правы. Судовыя выканаўцы прыбылі з атрадам міліцыі, але Елісееў таксама быў не адзін. І адразу ж запатрабаваў у судовага прыстава прад'явіць яму пасведчанне, пашпарт і даверанасць. Дакументы, якія сведчаць асобу, супрацоўнік паказаў. А вось даверанасці не было. Выканаўца быў упэўнены, што такі дакумент не прадугледжаны працэдурай. Аднак Елісееў настойваў на прад'яўленні яму менавіта даверанасці. На думку Аляксея, гэта неабходна, каб пераканацца – гэтая асоба сапраўды ўпаўнаважаная рабіць у дачыненні да яго юрыдычныя дзеянні.

Елісееў заявіў: «Як мне пераканацца, што вы сёння знаходзіцеся не ў адпачынку, не выходны ў вас? І вы проста не сабраліся з гэтымі хлопцамі ў форме і як банда не надумалі адціснуць трошкі грошай? І разам у вас групоўка сабралася?»

Прагучала таксама патрабаванне да судовых выканаўцаў спыніць відэаздымку.

Абарона прававым полем

Журналісты звязаліся з Аляксеем Елісеевым і папрасілі яго расказаць, што адбываецца і чым справа скончылася? Ён паведаміў наступнае:

– У 2017 годзе фінансавая міліцыя і Следчы камітэт пачалі супраць мяне справу паводле артыкулаў «ілжэпрадпрымальніцтва» і «сыход ад падаткаў». Суму шкоды для дзяржавы яны ацанілі на 200 тысячаў даляраў. Таксама пачалі працэдуру банкруцтва, і быў прызначаны антыкрызісны кіраўнік. Раней я браў крэдыт у «ВТБ-банку» на закупку абсталявання. Палову мы з жонкай аплацілі, а палову – не паспелі. Фірма яшчэ працавала, але ўвесь прыбытак ужо ішоў дзяржаве. Таму я ўжо фізічна не мог выплачваць пазыкі ў крэдыце. Я прапаноўваў банку забраць абсталяванне сабе, але яны падалі ў суд.

У жніўні 2018 года да Аляксея ўпершыню прыйшлі супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання (АПВ) Гомельскага раёна. Але ён не пусціў іх, спасылаючыся на артыкул Канстытуцыі РБ, якая гарантуе недатыкальнасць жылля. Судовыя выканаўцы падалі пазоў у суд Гомельскага раёна і перамаглі. Аднак Елісееў аспрэчыў справу ў Гомельскім абласным судзе і пастанова раённага суда была скасаваная. Але АПВ таксама звярнуўся з абскарджаннем і суддзі зноў пастанавілі, што грамадзянін Елісееў усё ж абавязаны дапусціць судовых выканаўцаў.

Аляксей Елісееў прадаўжае:

– Пасля гэтага я падаў апеляцыю ў абласны суд. Але там разгляд справы задоўжыўся, перавысіўшы ўсе адведзеныя законам тэрміны. І раптам да мяне сёння зноў прыязджаюць выканаўцы са старой пастановай суда. А на пытанне пра маю апеляцыю заяўляюць, што яе скасавалі. На якой падставе?

Аднак Елісееў іх зноў у дом не пусціў. Праўда, на гэты раз судовыя выканаўцы прыбылі не толькі з міліцыяй, але і з «узломнікамі». У якасці апошніх узялі супрацоўнікаў ЖЭУ, якія павінны былі ўскрыць уваход у жыллё. Аднак такія катэгарычныя дзеянні так і не адбыліся. Прабыўшы блізу сямі гадзінаў каля дома, судовыя выканаўцы з'ехалі ні з чым. Паводле словаў Елісеева, зрабілі яны гэта незаўважна. Гэта быў ужо шосты візіт АПВ да вінаваўцы.

У жыхара Гомельскага раёна свая, арыгінальная аргументацыя ў ягоным супрацьстаянні з сістэмай прымусовага выканання. Ён гаворыць:

– Калі падыходзіць да справы з усёй юрыдычнай дбайнасцю, то АПВ як арганізацыі не існуе. Яна створаная на падставе ўказу Лукашэнкі № 530. Але рэч у тым, што гэты дакумент да гэтага часу не падпісаны Лукашэнкам. Прынамсі яго з подпісам Лукашэнкі ніхто не бачыў. Я заходзіў на ўрадавы партал, дзе змешчаныя ўсе заканадаўчыя акты і спецыяльна цікавіўся гэтым пытаннем. Я таксама не знайшоў нідзе ў базе звестак АПВ Гомельскага раёна. На іхняй адрэсе зарэгістраваная першасная прафзвязная арганізацыя.

Пры гэтым судовыя выканаўцы папярэдзілі Елісеева, што яны могуць ужыць у дачыненні да яго розныя захады ўздзеяння. Напрыклад, занесці ў базу асобаў, якім забаронены выезд за межы РБ. Ці пазбавіць правоў кіроўцы. Аднак у святле свайго своеасаблівага светапогляду ён не баіцца такіх санкцый. Што там правы кіроўцы – нядаўна ён нават адмовіўся ад пашпарта.

– Я пазбягаю таго, каб быць фізасобай РБ. Я – суверэн. РБ для мяне – гэта перш за ўсё фірма для выціскання падаткаў з насельніцтва. Пры гэтым наша эканоміка, адукацыя, медыцына знаходзяцца ў крызісным стане.

Елісееў кажа, што ўзяць з яго няма чаго. І што ён усё робіць паводле закона. На ягоную думку, таму судовыя выканаўцы і не могуць, застаючыся ў прававым полі, што-кольвечы з ім зрабіць. Пра гэта сваё супрацьстаянне ён здымае і распаўсюджвае відэаролікі. І сцвярджае, што робіць гэта перш за ўсё для навучання і прыкладу іншым людзям.

Наколькі апраўданыя і эфектыўныя такія падыходы і метады абароны сваіх правоў – пакажа будучыня.

Характэрна, што ў Аляксея Елісеева і ягонай жонкі шасцёра дзяцей. Сям'я непітушчая, з усіх прыкметаў шчасная, раней пра яе неаднаразова пісалі станоўчыя артыкулы СМІ. Аднак як будзе прадаўжацца жыццё сям'і і выхаванне дзяцей, калі ў іх канфіскуюць маёмасць – пытанне адкрытае.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках