20 красавiка 2024, Субота, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як праходзяць працоўныя будні прафзвязу РЭП

1
Як праходзяць працоўныя будні прафзвязу РЭП

Толькі за два месяцы прафзвяз РЭП дапамог вярнуць сваім сябрам блізу 100 тысяч рублёў незаконна ўтрыманых сродкаў.

Сезон адпачынкаў прайшоў, наступілі суровыя рабочыя будні. Офіс прафзвязу РЭП у Менску працаваў у аўральным рэжыме і ўлетку, але цяпер нагрузка на супрацоўнікаў прафзвязу істотна ўзрасла.

Пра працоўныя будні і праблемы, з якімі людзі прыходзяць па адрасе Кульман, 4, сайт praca-by.info пагутарыў з лідарам прафзвязу РЭП Генадзем Фядынічам.

- Прыярытэтам прафзвязу РЭП, нароўні з планавымі мерапрыемствамі, застаецца аказанне юрыдычнай дапамогі. Толькі ў Менску штодня раздаецца блізу 10-12 тэлефаванняў, як правіла, ад не сябраў прафзвязу з просьбамі аб дапамозе.

Некалькі прыкладаў. Чалавек адпрацаваў галоўным інжынерам на прадпрыемстве больш за дзевяць месяцаў (будаўнічая фірма), аднак па стаўцы галоўнага інжынера з работнікам так і не разлічыліся. Больш за тое, у працоўнай кніжцы няма адзнакі, што ён працаваў на гэтай пасадзе. Натуральна, будзем звяртацца ў суд з патрабаваннем аднавіць правы работніка і спагнаць не толькі заробак, але і выплаты за кожны дзень пратэрміноўкі.

Ці ўвогуле знакавая справа, у якой фігуруе міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Жанчына працавала ў паспяховым IT-прадпрыемстве, якое раптам стала стратным і яго ліквідавалі. А жанчыне не выплацілі досыць вялікую суму - блізу 6 тысяч рублёў. Здавалася б, няма прадпрыемства - няма праблемы? А праблемы ёсць, бо крызісны кіраўнік не ўсё зрабіў у адпаведнасці з законам. Справа не простая, але мы плануем давесці яе да лагічнага завяршэння.

Пенсіянерам таксама даводзіцца вельмі несалодка ў нашай краіне. Пенсіянер за 70 гадоў, які раней працаваў на расейскую фірму ў Алжыры, атрымліваў пенсію з улікам стажу працы ў Расеі. Потым раптам чыноўніку з камісіі па прызначэнні пенсіі ў адміністрацыі Першамайскага раёна Менска стукнула ў галаву, што няма дакумента з Расеі аб тым, што грошы ўносіліся ў Пенсійны фонд. Дэпартамент дзяржінспекцыі працы належным чынам адрэагаваў і прапанаваў камісіі накіраваць запыт у Расею. Работнікам пенсійных фондаў Беларусі павінна быць вядома, што з 2001 да 2010 год у Расеі не існавала Пенсійнага фонду, існаваў адзіны падатак, які пералічвалі ў тым ліку на пенсію. Тым не менш чалавека незаконна пазбавілі часткі пенсіі, і ён ходзіць кругамі па чынавенскіх кабінетах...

І яшчэ адзін прыклад. Да нас звярнуліся працаўнікі прадпрыемства, якое належыць кіраванню справамі Прэзідэнта. У гандлёвым доме «Усходні» выявілі нястачу, і наймальнік ставіць сціснутыя тэрміны па яе выплаце. Між тым работнікі на працягу доўгага часу ўказвалі наймальніку на тое, што не выконваюцца правілы захоўвання матэрыяльных каштоўнасцяў, не працуюць касавыя апараты. Але працадаўца праігнараваў усе звароты, насупраць, звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем прыцягнуць работнікаў да адказнасці. Гэта ні куды не годна і ўсё вельмі нагадвае элементарны шантаж! Да нас звярнуліся не 5 чалавек, а 15 чалавек! Мы маем намер узяць на кантроль гэтую справу і дапамагчы нашым новым сябрам прафзвязу.

Вось толькі павярхоўны зрэз праблем, якія ўздымалі наведвальнікі прафзвязу на мінулым тыдні; па маіх адчуваннях, цяперашні тыдзень выдасца не лягчэйшым. Пытанняў шмат, але, на жаль, ні афіцыйныя прафзвязы (нашы наведвальнікі ў чатырох названых справах былі менавіта ў афіцыйных прафзвязах), ні прадстаўнікі ўладных структур, якія ганяюць грамадзян па коле, не займаюцца праблемамі належным чынам. Дык навошта людзям такія прафзвязы і такія чыноўнікі?

Але самая галоўная бяда грамадства - паўсюдная прававая непісьменнасць нашага насельніцтва. А ведаеш свае правы, значыць, зможаш іх абараняць.

- З якімі праблемамі людзі часцей за ўсё звяртаюцца ў прафзвяз?

- Дамова падраду, нявыплата грашовых сродкаў, прадугледжаных дамовамі падраду, матэрыяльная адказнасць, пенсійнае забеспячэнне. І, на жаль, пытанне, якое ўжо на працягу доўгага часу застаецца актуальным: як звольніцца да заканчэння тэрміну кантракту? Гэтая праблема важная для работнікаў як дзяржаўнага, так і недзяржаўнага сектара эканомікі.

- Часцей у прафзвяз звяртаюцца несябры прафзвязу, аднак РЭП мае права аказваць дапамогу толькі сваім сябрам. Як выходзіце з гэтай сітуацыі?

- Мы сумленныя перад людзьмі і адкрыта гаворым, што паводле закона не маем права дапамагаць несябрам прафзвязу. А даём ім бясплатныя кансультацыі. Калі чалавек гатовы далей бараніць свае правы самастойна - слава Богу, калі не - людзі ўступаюць у прафзвяз, плацяць унёскі, працуюць, а наўзамен атрымліваюць прафесійную абарону прафзвязу. І мы не можам і не павінны адмовіць грамадзяніну, які ўступае ў прафзвяз, у рэальнай юрыдычнай дапамозе.

- Прафзвяз адмаўляе наведвальнікам у дапамозе?

- Частка людзей самастойна ўжо прайшлі ўсе магчымыя судовыя інстанцыі, дайшоўшы аж да Вярхоўнага суда - а праблема так і не вырашаная. Людзі, якія не маюць юрыдычных ведаў, робяць памылкі, абараняючы самі сябе. У такіх выпадках мы шчыра гаворым людзям, што не бачым новых абcтавін у справах, таму нічым дапамагчы не можам. Але існуе шэраг спраў, па якіх на пачатковым этапе можна было дапамагчы, і, калі б чалавек своечасова прыйшоў да нас, зыход быў бы зусім іншы.

- Але юрыдычныя службы РЭП працуюць не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах.

- Юрыдычныя службы працуюць у Гомелі, Берасці, Магілёве, Менску, таксама працуюць і валанцёры. Гэтага, вядома, недастаткова. Кажуць, РЭП некласічны прафзвяз. Людзі кажуць, і дзякуй Богу, што ёсць такі некласічны прафзвяз, які імі запатрабаваны. Калі б было больш такіх прафзвязаў, нам было б значна лягчэй працаваць у класіцы жанру: калектыўная дамова, наймальнік, тарыфнае пагадненне. Такім чынам весці перамоўны працэс значна лягчэй, чым хадзіць па інстанцыях і судах; нашых прававых інспектараў добра ведаюць у раённых, гарадскіх і абласных судах. Таму хачу сказаць усім: тэлефануйце, прыходзьце своечасова і ніколі не адчайвайцеся.

Праўда не за тым, за кім сіла, а за тым, за кім праўда.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках