22 кастрычнiка 2019, aўторак, 10:10
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Пяскоў пра адказнасці Пуціна за рэпрэсіі: Не ўважаю дарэчным гэтае пытанне

11
Пяскоў пра адказнасці Пуціна за рэпрэсіі: Не ўважаю дарэчным гэтае пытанне
Павел Усцінаў

Крэмль адмовіўся рэагаваць на прысуд Паўлу Усцінаву, за якога заступіліся дзясяткі актораў.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў правёў у аўторак брыфінг, на якім пракаментаваў апошнія рэзанансныя крымінальныя справы, звязаныя з пратэстнымі акцыямі ў Маскве, а таксама серыю ператрусаў у прыхільнікаў Навальнага больш чым у сарака гарадах Расеі. Расшыфроўку брыфінгу прыводзіць выданне «Медуза».

Пяскоў адзначыў, што Пуцін, «безумоўна, у курсе» і «атрымлівае інфармацыю па ўсім», але традыцыйна падкрэсліў, што «прэзідэнт не можа ні рэагаваць, ні ўплываць на рашэнне суда», а «ў таго, у дачыненні да каго вынесена гэтае рашэнне, існуе прадугледжанае законам права абскарджвання».

Пры гэтым прэс-сакратар Пуціна сказаў, што «прэзідэнт наўрад ці глядзеў відэа затрымання» актора Паўла Усцінава, якога напярэдадні прысудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле справы аб прымяненні гвалту да супрацоўніка паліцыі. На кадрах, якія адмовіўся разглядаць суд, відаць, як паліцыянты збіваюць Усцінава з ног, б'юць яго дубінкамі, а той не аказвае ніякага супраціву. Пяскоў заявіў, што разбірацца ў абставінах крымінальных спраў - не прэрагатыва Пуціна.

На заўвагу журналістаў аб тым, што менавіта прэзідэнт з'яўляецца гарантам канстытуцыі і правоў грамадзян, а таксама прызначае кіраўнікоў сілавых ведамстваў, Пяскоў сказаў, што яму ўсё «зразумела» і ён не ўважае «дарэчным гэтае пытанне».

Журналісты таксама пацікавіліся, як ідуць службовыя праверкі па скаргах журналістаў Івана Галунова, якому паліцэйскія падкінулі наркотыкі, Іллі Азара, якога паліцыянты гвалтам вывелі з кватэры, пакінуўшы ў ёй яго паўтарагадовую дачку, а таксама па скарзе ўдзельніцы пратэстнай акцыі за сумленныя выбары ў Маскве, якую супрацоўнік Расгвардыі ўдарыў у жывот. Пяскоў заявіў, што «вынікаў пакуль няма», і параіў звяртацца ў МУС.

Нарэшце, прэс-сакратар Пуціна пракаментаваў дзеянні следчых пры вобшуку ў кватэры бабулі юрыста варонежскага штаба Навальнага Данііла Новікава. Падчас следчых дзеянняў 79-гадовай жанчыне стала дрэнна, яе адвезлі ў лякарню з інфарктам, дзе праз некалькі дзён яна памерла.

«На жаль, не ведаю, з чым была звязаная смерць згаданай вамі бабулі, - сказаў Пяскоў. - Гэта прэрагатыва медыкаў - даваць нейкія высновы».