19 сакавiка 2024, aўторак, 10:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа адмаўляецца ад расейскага вугалю

10
Еўропа адмаўляецца ад расейскага вугалю
ФОТА З САЙТА INVESTING.COM

Расея не верыць у страту рынку.

Такое ўражанне, што Еўразвяз і Расея жывуць у розных энэргетычных рэаліях. Ва ўсякім выпадку іхнія ўяўленні пра будучыню вугалю ў еўрапейскай энэргетыцы на здзіўленне рэзка разыходзяцца, піша dw.com.

У ЕЗ буйныя краіны адна за адной прымаюць праграмы закрыцця ўсіх вугальных электрастанцый ужо ў найбліжэйшай дзесяцігоддзі, 20 верасня такі план мае намер зацвердзіць урад Нямеччыны. Тым часам у расейскіх партах пад Пецярбургам і Мурманскам укладаюць грошы ў мадэрнізацыю старых і будаўніцтва новых вугальных тэрміналаў з відавочным спадзяваннем на высокі і доўгі попыт у Еўропе.

Што чакае расейскіх шахцёраў і чыгуначнікаў?

Так што ж чакае на еўрапейскім рынку гэты важны для Расеі экспартны тавар, калі браць да ўвагі, што ў 2018 годзе больш за палова расейскіх паставак вугалю, больш як 100 млн т, сышла за мяжу па чыгунцы і па моры менавіта ў заходнім кірунку (уключаючы Украіну і Турцыю )? Ад дакладнасці прагнозу залежаць адказы на шэраг іншых пытанняў, якія тычацца перспектываў эканомікі і сацыяльнай сітуацыі ў РФ.

ВУГАЛЬНЫ ТЭРМІНАЛ У ПОРЦЕ УСЦЬ-ЛУГА

Напрыклад, на што варта настройвацца такой буйной і ўплывовай сацыяльнай групе, як шахцёры, а таксама вуглездабыўнаму рэгіёну РФ, перш за ўсё Кемераўскай вобласці: на ўстойлівыя прыбыткі, на іх рост – ці на пагаршэнне матэрыяльнага становішча і нават страту працоўных месцаў?

У якой ступені будуць забяспечаныя замовамі расейскія чыгуначнікі, бо на каменны вугаль прыпадае амаль трэць усіх грузаперавозак дзяржаўнай кампаніі РЧ? І не ці апынуцца памылковымі тыя велізарныя інвестыцыі, якія накіроўваюцца цяпер у Расеі на будаўніцтва і пашырэнне вугальных тэрміналаў на Балтыцы і Баранцавым моры?

Закрыццё вугальных электрастанцый у Еўропе

Сітуацыя ў ЕЗ уяўляецца досыць відавочнай: асноўныя эканомікі Заходняй Еўропы адна за адной прымаюць, галоўным чынам з экалагічных меркаванняў, пастанову пра спыненне выкарыстання вугалю ў энэргетыцы. Вялікая Брытанія плануе ў 2022 годзе закапаць адразу 7 вугальных электрастанцый, апошняя спыніць працу ў 2025-м. У тым самым годзе ад вугалю адмовіцца Італія.

Францыя абяцала паскорыць прызначанае на 2023 год закрыццё і без таго неістотных для яе вугальных электрастанцый і ажыццявіць яго ўжо ў 2021-м. Нідэрланды сама пазней да 2030-га спыняць спальваць вугаль для вытворчасці электраэнэргіі, першую з пяці вугальных электрастанцый збіраюцца адключыць ужо ў 2021-м. Швецыя мае намер абыходзіцца без вугалю з 2022-га, Аўстрыя – самае позняе з 2025-га, Фінляндыя – з 2029-га.

Экалагічная праграма ўрада Нямеччыны

Цяпер на чарзе Нямеччына, найбуйнейшая эканоміка Еўропы. 20 верасня ўрад ФРГ пад моцным ціскам грамадскасці прыме даўно гатовую шырокамаштабную праграму скарачэння выкідаў у атмасферу вуглякіслага газу CO2, закліканую забяспечыць выкананне абавязальніцтваў, узятых на сябе ў Парыжскім пагадненні пра клімат. Важным складнікам праграмы стане план адмовы ад вугалю, які з'яўляецца найбольш неэкалагічным выкапнёвым энэрганосьбітам.

У цэлым план ужо вядомы, яго прапанавала ў студзені спецыяльна створаная вугальная камісія, але ўрад яшчэ можа змяніць некаторыя ключавыя паказнікі. Напрыклад, хуткасць, з якой будуць адключаць электрастанцыі. Адны працуюць на каменным вугалі, а яго пасля закрыцця ў снежнм 2018 года апошняй у Нямеччыне шахты цяпер толькі імпартуюць. Іншыя выкарыстоўваюць буры вугаль, які здабываецца на тэрыторыі ФРГ.

НЕ ТОЛЬКІ ЭКАЛОГІЯ, АЛЕ І ПАРЫЖСКАЯ ДАМОВА ПРА КЛІМАТ ПАТРАБУЕ АД ФРГ ЗАЧЫНІЦЬ ВУГАЛЬНЫЯ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ

Можна зыходзіць з таго, што ў інтарэсах нямецкіх вуглездабыўных рэгіёнаў зачыняць будуць у першую чаргу тыя электрастанцыі, якія спальваюць прывазное паліва. Мяркуючы з праекта пастановы, дзейныя магутнасці, што працуюць на каменным вугалі нямецкіх электрастанцый, ужо ў 2020–2022 гадах могуць скараціць больш чым на чвэрць: з 21 да 15 гігаватаў.

Значыць, у самыя кароткія тэрміны прыкладна ў такім самым аб'ёме павінен знізіцца і імпарт каменнага вугалю. А галоўны яго пастаўшчык ў Нямеччыну – гэта Расея. Паводле звестак Федэральнай статыстычнай установы ФРГ (Destatis), РФ забяспечвала летась і ў першай палове гэтага года парадку 45% усіх паставак на нямецкі рынак – больш, чым ЗША, Аўстралія і Калумбія разам узятыя. Аб'ёмы паставак склалі ў 2018 годзе 17,64 млн тонаў, са студзеня да чэрвеня – 8,47 млн тонаў.

Новыя вугальныя тэрміналы на Балтыцы і Баранцавым моры

Такім чынам, у найбліжэйшыя два-тры гады як у Нямеччыне, так і ў Вялікай Брытаніі, Нідэрландах, Францыі праз закрыццё электрастанцый варта чакаць рэзкага зніжэння попыту на імпартаваны каменны вугаль. Усе гэтыя краіны да гэтага часу ўваходзілі ў лік найбуйнейшых еўрапейскіх рынкаў збыту для расейскіх вугальнікаў. Якая рэакцыя вугальных кампаній і ўрада РФ?

Яны будуюць парты для пашырэння экспарту ў Еўропу. У цяперашні момант у Ленінградскай вобласці ў Прыморску будуецца новы порт з вугальным тэрміналам, у Усць-Лузе мадэрнізуецца дзейны, у Высоцку ў дадатак да наяўнага плануецца другі. Адначасова пад Мурманскам вядзецца будаўніцтва вугальнага тэрмінала "Лаўна".

БУДАЎНІЦТВА НОВАГА ПОРТА Ў ПРЫМОРСКУ ПРЫВЯЛО ДА МАШТАБНЫХ ВЫСЕЧАК ЛЕСУ

Усе гэтыя парты, асабліва балтыйскія, арыентаваныя, натуральна, у першую чаргу на рынкі Цэнтральнай, Заходняй і Паўночнай Еўропы. Усе пералічаныя аб'екты павінны ўвайсці ў строй у 2020–2022 гадах – у самы разгар рэалізацыі еўрапейскіх праграмаў адмовы ад вугалю.

Расейскія вугальнікі сумняюцца ў планах Еўразвязу

Але расейскіх вугальнікаў і ўлады РФ, як федэральныя, так і абласныя, усё гэта, падобна, не турбуе. Чаму? Адно з магчымых тлумачэнняў: яны проста не вераць у рэалістычнасць і реалізаванасць еўрапейскіх планаў, як расейскія газавікі і нафтавікі доўга не верылі ў сланцавую рэвалюцыю ў ЗША.

Тым больш, што досвед апошніх гадоў у Еўропе сапраўды гаворыць пра адваротнае: імпарт вельмі таннага расейскага вугалю павялічваўся, асабліва ў Нямеччыне, якая пашырыла закупкі ў Расеі з 12,62 млн тонаў у 2014 годзе да 17,64 млн тонаў у 2018-м: рост на 40% за пяць гадоў! Але гэта і было якраз адно з тых абуральных адхіленняў ад вызначаных экалагічных мэтаў, праз якія ўрад ФРГ вымушаны будзе 20 верасня ўжываць катэгарычныя і нават радыкальныя захады.

Нявера расейскіх вугальнікаў, напэўна, звязаная яшчэ і з вельмі распаўсюджаным у Расеі грэблівым стаўленнем да аднаўляльных крыніцаў энэргіі (АКЭ) і іх патэнцыялу, бо ў большасці выпадкаў менавіта яны павінны прыйсці на замену зачыненым у ЕЗ вугальным электрастанцыям.

Магчымае і іншае тлумачэнне, што зусім не выключае першае: будаўніцтва або пашырэнне вугальных тэрміналаў на паўночным захадзе Расеі звязанае не толькі і нават не столькі з ацэнкай рынкавых перспектываў у Еўропе, колькі з палітычнай устаноўкай з Масквы. Расейскае кіраўніцтва патрабуе перанакіраваць грузаплыні, якія ідуць пакуль праз краіны Балтыі, у айчынныя парты. Вось іх і будуюць, каб надалей, напрыклад, не экспартаваць вугаль праз Рыжскі порт.

Не выключаны і такі аргумент: нават калі Заходняя Еўропа з часам адмовіцца ад вугалю, з партоў на Балтыйскім моры цалкам можна будзе забяспечваць пакупнікоў у Паўднёвай Еўропе, Паўночнай Афрыцы або на Блізкім Усходзе, а з Мурманска па Паўночным марскім шляху – кліентаў у Азіі.

Зрэшты, для паставак у паўднёва-ўсходнюю частку ЕЗ, дзе сапраўды ад вугалю адмаўляцца не збіраюцца (але дзе і патрэба ў электраэнэргіі істотна ніжэйшая, чым у буйных індустрыяльных дзяржавах Заходняй Еўропы), новыя вугальныя тэрміналы мэтазгодней было б будаваць на Чорным моры. Аднак да пашырэння порта ў Тамані, як стала вядома ў пачатку верасня, расейскія вугальнікі цікавасць якраз страцілі.

Вось і атрымліваецца разлівая для вачэй супярэчнасць: пакуль на паўночным захадзе Еўропы абвяшчаюць адмову ад вугалю, на паўночным захадзе Расеі ўкладаюць дзясяткі мільярдаў рублёў у пашырэнне інфраструктуры для ягонага экспарту.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках