12 лiстапада 2019, aўторак, 7:49
Час
Рубрыкі

Экспэрт: Ёсць сцэнар дэвальвацыі рубля на 50%

28
Экспэрт: Ёсць сцэнар дэвальвацыі рубля на 50%
Фотa: Reuters

Усё будзе залежыць ад кошту нафты.

Магчымай прычынай значных ваганняў курсаў замежных валют на Беларускай валютна-фондавай біржы апошнім часам можа быць змена маркет-мейкера біржавога валютнага рынку: з 2 верасня беларускі «Банк Дабрабыт» страціў гэты статус і ім стаў Еўразійскі банк развіцця.

Пакуль Нацыянальны банк не патлумачыў,што адбываецца на рынку РБ, таму даводзіцца разглядаць магчымыя варыянты тлумачэння падзей, якія адбываюцца. Адной з магчымых прычын з'яўляецца змена валютнай палітыкі Нацбанку ў мэтах паслаблення рубля для падтрымкі беларускага экспарту ў развіваныя краіны без уліку Расеі (гл. «Курс рубля зменшыўся амаль на 4%. Што гэта было?»). Аднак на мінулым тыдні рубель зноў падаражэў, амаль кампенсаваўшы гэтыя страты, што прымушае шукаць і іншыя прычыны скокаў курсу на біржы. Магчыма, назіраныя працэсы - справа рук не Нацбанку, а Еўразійскага банка развіцця, да якога, відавочна, перайшлі паўнамоцтвы рэгулявання курсу рубля.

Маркет-меркер рэгулюе курс

Да 2 верасня маркет-мейкерам на валютным рынку РБ быў «Банк Дабрабыт», які належыць Нацбанку. Яны супольнымі намаганнямі і згладжвалі ваганні курсу беларускага рубля.

Маркет-мейкер на валютным рынку – гэта кампанія, якая прымае на сябе некаторыя абавязацельствы для рэгулявання рынку, то бок, па падтрыманню ліквіднасці рынку – гарантаванага попыту і прапановы валюты вызначанымі коштамі. Ён гарантуе пэўную стабільнасць курсаў, згладжваючы іх скокі, якія ўзнікаюць з прычыны неадпаведнасці попыту і прапановы валюты ў пэўныя моманты часу. Найбуйнейшым маркет-мейкерам на сусветным валютным рынку з'яўляецца, паводле інфармацыі агенцтва Reuters, Deutsche Bank.

У Беларусі з 2 верасня маркет-мейкерам беларускага рубля на БВФБ стаў замежны банк – Еўразійскі банк развіцця. Гэта само па сабе крыху дзіўна. Зрэшты, паводле свайго статусу ЕАБР з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй і Беларусь мае невялікі пакет яго акцый, якія, у асноўным, належаць Расеі. Гэта значыць, без асаблівага перабольшання Еўразійскі банк развіцця можна ўважаць за дзяржаўны расейскі банк, які працуе ў краінах ЕўрАзЭС.

Таму было б натуральным чакаць, што такі маркет-мейкер будзе імкнуцца прывязаць курс беларускага рубля да расейскага. Калі звярнуцца да валютных таргоў на мінулым тыдні, то можна зрабіць выснову, што ў некаторым набліжэнні гэта і адбываецца. За тыдзень курс расейскага рубля ў дачыненні да беларускага знізіўся ўсяго на 0,3%, у той час як курсы еўра і даляра страцілі больш за адсотак. Праўда, на гэтым тыдні (у панядзелак-аўторак 16-17 верасня) сітуацыяа змянілася – кошт валютнага кошыка з даляра, еўра і расейскага рубля стабілізаваўся. Гэта значыць, не выключана, што назіраныя ваганні курсу рубля з'яўляюцца проста следствам прыцірання новага маркет-мейкера да беларускага валютнага рынку і наадварот.

Насельніцтва пакуль спакойнае

Спакой на біржавым валютным рынку РБ быў парушаны яшчэ ў жніўні. Аб'ём таргоў валютамі на БВФБ тады значна вырас, а курс рубля ў дачыненні да трох асноўных валют, якія таргаваліся на біржы, спачатку знізіўся, а затым значна павысіўся. Пры гэтым на першым месцы ў аб'ёмах укладзеных угод выявіўся не «Банк Дабрабыт», а «Беларусбанк». «Дабрабыт» быў другім. Еўразійскі інвестыцыйны банк у рэйтынгу яшчэ не фігураваў.

Фізічныя асобы, відавочна, на павышаную валацільнасць курсу рубля ў жніўні не адрэагавалі.

Аб'ём чыстага продажу валюты насельніцтвам у жніўні вырас да 107,8 млн даляраў з 66,9 млн даляраў у ліпені, але гэта сезоннае павелічэнне. У гадавым вылічэнні продажы скараціліся: у жніўні 2018 года фізічныя асобы рэалізавалі валюты ў чыстым вылічэнні на 152,4 млн даляраў, гэта значыць, прыкладна ў паўтара разы больш, чым у 2019 годзе.

Скарачэнне чыстых продажаў адбылося, у асноўным, за кошт павелічэння валавой куплі валюты насельніцтвам у жніўні гэтага года ў параўнанні са жніўнем мінулага на 85,8 млн даляраў. Павелічэнне аб'ёмаў набыцця валюты звязанае, хутчэй за ўсё, не з падзеямі ў жніўні гэтага года, а з павелічэннем заробку ў краіне, бо рост попыту на валюту назіраецца цягам усяго года.

Сезоннымі фактарамі тлумачыцца і дынаміка рублёвых і валютных дэпазітаў насельніцтва ў беларускіх банках у жніўні гэтага года. У гэтым месяцы тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва выраслі на 126,8 млн рублёў у параўнанні з ліпенем, склаўшы на 1 верасня 4,66 млрд рублёў. Але год таму таксама назіраўся прырост гэтага параметру, хоць і на меншую велічыню (на 74,8 млн даляраў). У жнівеньскім росце вінаватае не толькі агульнае павелічэнне заробкаў, але і заканчэнне асноўных сельскагаспадарчых работ, у сувязі з чым даходы сельскіх жыхароў значна павялічыліся.

У адрозненне ад рублёвых дэпазітаў, валютныя ўклады фізічных асоб у беларускіх банках у жніўні гэтага года знізіліся на 7,7 млн даляраў, што нашмат менш, чым год таму, калі яны скараціліся на 53,8 млн даляраў. Зніжэнне таксама носіць сезонны характар, а памяншэнне яго велічыні ў гэтым годзе цалкам можа тлумачыцца ростам сярэдняга заробку, а не занепакоенасцю ў сувязі з падзеямі, якія адбыліся на валютным рынку РБ у жніўні.

Такім чынам, у жніўні паводзіны фізічных асоб на валютным рынку яшчэ былі цалкам традыцыйнымі. Аднак у верасні ўсё можа змяніцца. З аднаго боку, пры росце курсаў валют некаторыя людзі імкнуцца прадаваць яе, каб зрабіць выгадныя пакупкі, пакуль кошты імпартных тавараў у крамах не выраслі. З іншага боку, назіраныя значныя ваганні курсу рубля знізяць давер насельніцтва да яго, які і так не вялікі.

Так, у жніўні гэтага года, паводле даследавання інфляцыйных чаканняў насельніцтва, праведзенага Нацбанкам, 65,2% жыхароў Беларусі лічылі замежную валюту пераважнай валютай для зберажэнняў, у той час як у траўні так думалі 64,5%. Магчыма, да гэтага росту, хоць і невялікага, як раз і прывялі падзеі на біржы, якія адбыліся ў жніўні. Больш за тое, павялічылася і колькасць прыхільнікаў ажыццяўлення зберажэнняў гатоўкай: да 40,8% з 39,8%. Зрэшты, павелічэнне даволі нязначнае. Але можна чакаць, што рост прывабнасці валюты пасля змены маркет-мейкера прадоўжыцца. Калі, вядома, ён не навучыцца эфектыўна згладжваць ваганні кошту валютнага кошыка.

Прагноз: дэвальвацыя на 50% у выпадку негатыўнага сцэнару

Вядома, расейскі рубель сёлета паводзіць сябе нашмат больш стабільна, чым у мінулыя гады, таму прывязка беларускага рубля да яго, калі яна будзе ажыццёўленая Еўразійскім банкам развіцця, таксама гарантуе некаторую стабільнасць і беларускаму рублю. Але трэба мець на ўвазе, што пагроза глабальнага эканамічнага крызісу становіцца ўсё больш рэальнай, што можа прывесці да падзення коштаў нафты. Расейскія ЦБ і Мінфін назапасілі велізарныя золатавалютныя рэзервы, але, як стала вядома з апошняга дакладу Банка Расеі «Аб грашова-крэдытнай палітыцы», у выпадку развіцця падзей паводле негатыўнага сцэнару, то бок, падзення сярэдніх коштаў нафты да 25 даляраў за барэль, Банк Расеі дапускае дэвальвацыю рубля прыкладна ў паўтара разы: курс даляра можа падскочыць да 94 расейскіх рублёў за даляр. Беларускі рубель у гэтым выпадку чакае такое ж падзенне, калі не большае. Цяпер, вядома, на фоне скачка коштаў нафты на сусветным рынку праз тэракты ў Саудаўскай Арабіі, развагі аб такім развіцці падзей здаюцца дзіўнымі, але ж і ў прагнозе расейскага ЦБ (у негатыўным сцэнары) глабальны крызіс можа пачацца не сёння ці заўтра, а ў 2020 годзе.

Уладзімір Тарасаў, «Белрынок»