28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт бестурботнасці

7
Кошт бестурботнасці
Фотa: Getty Images

У вянку эканамічнай інтэграцыі можа раптам з'явіцца калючы палітычны дрот.

За апошнія пару дзён шэраг аналітыкаў ацанілі праект «Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ у рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні “саюзнай дзяржавы”». Многія з іх мяркуюць, што гэты дакумент не нясе асаблівай пагрозы суверэнітэту Беларусі, піша «Салiдарнасць».

У вянку эканамічнай інтэграцыі можа раптам з'явіцца калючы палітычны дрот

Адзін з самых аўтарытэтных беларускіх экспертаў у галіне эканомікі, дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык у канцэнтраваным выглядзе выклаў tut.by асноўныя аргументы ў пытанні праграмы. Ён мяркуе, што такія планы прасцей абмяркоўваць, чым ажыццяўляць:

– З апублікаванага «Коммерсантом» плана вынікае, што мы ўніфікуем з Расеяй падатковы і іншыя кодэксы. І чамусьці ў гэта мы гатовыя паверыць. Не трэба забывацца і пра тое, што з 1 ліпеня 2003 года ў Беларусі «жалезна» павінен быў быць уведзены безнаяўны расейскі рубель, а з 1 студзеня 2005 года Беларусь павінна была цалкам перайсці на расейскі рубель. А чаму цяперашняя рэінкарнацыя «саюзнай дамовы» павінна даць іншы вынік?

Аргументы з серыі «нічога не атрымаецца» выглядаюць цалкам лагічнымі. І менавіта ў гэтым іх асноўны недахоп.

Давайце задамося пытаннем: як бы мы ў сярэдзіне лютага 2014 года ацанілі верагоднасць таго, што праз месяц Крым будзе адабраны Расеяй ва Украіны? Думаю, пераважная большасць адказала б – 0%. Немагчыма. Тым больш у такія кароткія тэрміны. Ды і ўвогуле...

І, тым не менш, гэта здарылася.

Праблема ў тым, што ў экспертаў і расейскага кіраўніцтва – розныя рацыянальнасці. Менавіта таму прагнозы часам разыходзяцца з рэальнасцю.

Ёсць верагоднасць таго, што цяперашнія інтэграцыйныя ініцыятывы – проста рытуальныя скокі да 20-годдзя дамовы пра стварэнне так званай дзяржавы. Або кан'юнктурная палітычная камбінацыя, падчас якой Масква хоча атрымаць нейкае маральнае задавальненне, а Менск – чарговую порцыю прэферэнцый.

Але існуюць і іншыя расклады. Шчыра кажучы, з цяжкасцю верыцца ў тое, што Крэмль ужо цягам года прыкладвае столькі намаганняў для актывізацыі інтэграцыі (уключаючы шматлікія сустрэчы Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам) толькі дзеля чарговай порцыі «пацалункаў».

Зноў жа, расейскае кіраўніцтва ўжо мае багаты досвед стасункаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Наўрад ці ў Крамлі прагнуць зноў прагуляцца па старых граблях. Укладваючыся ў цяперашняе «паглыбленне інтэграцыі», Масква вельмі пастараецца, каб пагадненні далі іншы вынік, чым дамова, падпісаная ў 1999-м.

Не будзем забывацца і пра «праблемы-2024». Аб'яднанне з Беларуссю – безумоўна не адзіны варыянт, які дазваляе Уладзіміру Пуціну застацца ва ўладзе пасля заканчэння свайго чарговага тэрміну, і ўжо дакладна не самы просты. Затое вельмі маляўнічы, а расейскі прэзідэнт ужо неаднаразова дэманстраваў сваю любоў да спецэфектаў.

Таму спакой экспертаў з нагоды цяперашняга развіцця расейска-беларускага сюжэту выглядае як мінімум празмерным. Маючы такога суседа, «перапільнаваць лепш, чым недапільнаваць». У адваротным выпадку кошт бестурботнасці можа апынуцца катастрафічна высокім.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках