19 красавiка 2024, Пятніца, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы патлумачылі, што за расліны ператварылі раку Піну ў «газон»

3
Навукоўцы патлумачылі, што за расліны ператварылі раку Піну ў «газон»

Гэта расліна ўнесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Адной з раслін, якая «азеляніла» раку Піну ў раёне пантоннага моста ў Пінску, з'яўляецца сальвінія плаваючая. Гэта водная папараць унесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі, паведаміў tut.by намеснік дырэктара навуковай работы Палескага аграрнага экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык.

ФОТА: ВІКТАР КУЗНЯЦОЎ

- Людзі ў Пінску занепакоіліся, што знікне рака. Яны прывыклі лічыць, што ад багавіння адбываецца загніванне, летнія заморы, але сальвінія - гэта не багавінне. Яна гніць не будзе. Яна, наадварот, убірае арганіку для ўласнага харчавання, а калі прыйдуць халады, ляжа на дно. Сальвінія плаваючая толькі карысць прыносіць. Яна з'яўляецца індыкатарам добрага стану вады, - распавёў Віктар Дзямянчык.

Сальвінія плаваючая - не рэдкасць для паўднёвых рэгіёнаў Беларусі. Расце яна на плыткаводдзі ў прэснаводных стаячых і слабацякучых добра прагрэтых вадаёмах. Выбірае пераважна месцы, абароненыя ад ветру высокімі берагамі, дрэвамі і кустамі.

У Беларусі гэту водную папараць можна сустрэць у нацпарку «Прыпяцкі», Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, заказніках «Прыбужскае Палессе», «Прастыр», «Сярэдняя Прыпяць» і іншых месцах, паведамляецца ў Чырвонай кнізе Беларусі.

- У нас, на поўдні Беларусі, яе шмат. А вось у цэнтральнай і паўночнай частках краіны яе няма. У Піне такая колькасць звязаная з тым, што там на час рэканструкцыі моста ўсталявалі пантонную пераправу, якая нейтралізавала паверхневы рух вады. Сальвінія плаваючая пачынае ўсплываць вясной маленькімі зараснікамі, яны разрастаюцца да канца лета і потым іх плынню зносіць. Пінчукі ніколі не бачылі такога масавага збору, а так яе заўсёды можна было ўбачыць на пінскай набярэжнай, ля камянёў. Наплыўны мост не даў ёй у гэтым годзе ходу - і яна там сабралася, - кажа навуковец.

ФОТА: ВІКТАР КУЗНЯЦОЎ

Акрамя сальвініі плаваючай, у водах Піны таксама знайшлі тыповыя для Беларусі водныя расліны: раску малую і многакарэннік звычайны, пісаў партал «Першы рэгіён».

Нагадаем, на днях у інтэрнэце з'явіліся фотаздымкі «пазелянелай» Піны. У каментарах карыстальнікі называлі раку «траўнікам» і «футбольным полем».

Але падставаў для хваляванняў няма, паведаміла тады начальніца Пінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Надзея Міхнюк. З яе слоў, з'яўленне раскі на Піне выклікана двума фактарамі: устаноўкай на час рэканструкцыі асноўнага моста пантоннай канструкцыі для руху аўтатранспарту, якая аслабіла плынь ракі, і засушлівае лета.

Рэканструкцыя моста праз Піну пачалося ў красавіку 2019 года. Чакаецца, што рух па ім адкрыецца ў канцы 2019-га - пачатку 2020 года.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках