24 красавiка 2024, Серада, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штайнмаер Шродынгера

27
Штайнмаер Шродынгера
ВАДЗІМ ПРЫСТАЙКА

Што адбылося ў Менску і як формула Штайнмаера стала такой важнай.

"Формула Штайнмаера". За апошні тыдзень пра яе пачулі амаль усе, але далёка не кожны разумее, што хаваецца пад гэтай фразай. Нават прадстаўнікі ўкраінскай улады не могуць вывесці кананічную трактоўку формулы. Але менавіта план Штайнмаера стаў ключавым прадметам гандлю для расейскага боку ў рамках менскага працэсу. РФ настойвае на пісьмовай фіксацыі формулы, а Украіна, нягледзячы на вусную згоду, адмаўляецца што-небудзь падпісваць. З чым звязаныя такія паводзіны Украіны, чаму абмен палоннымі і "нармандскі фармат" пад пагрозай і што будзе з Менскам, – у кароткім разборы LIGA.net.

ШТО ЗДАРЫЛАСЯ. У сераду, 18 верасня, у Менску адбылося чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы (ТКГ). Гэта першае пасяджэнне пасля абмену палоннымі 35 на 35, які адбыўся 7 верасня. Напярэдадні прадстаўнік Украіны ў ТКГ Леанід Кучма заявіў, што ключавымі пытаннямі сустрэчы 18 верасня будуць бяспека і вызваленне ўтрыманых асобаў. У той самы час расейскія СМІ чакалі, што ТКГ павінна замацаваць "параметры палітычнага ўрэгулявання канфлікту ў Данбасе". Сярод іншага, пісьмова зацвердзіць так званую "формулу Штайнмаера".

ДАВЕДКА. "Формула Штайнмаера" – гэта прапанаваны ў 2016 годзе тагачасным міністрам замежных справаў Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам варыянт рэалізацыі менскіх пагадненняў, галоўным пунктам якога з'яўляецца наданне Данбасу "асаблівага статусу праз сумленныя, дэмакратычныя выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ". Паводле словаў міністра замежных справаў Украіны Вадзіма Прыстайкі, формула прадугледжвае, што закон аб адмысловым статусе Данбаса пачне дзеянне пасля таго, як АБСЕ прызнае, што мясцовыя выбары на тэрыторыі АРДЛА "праведзеныя сумленна і ў адпаведнасці са стандартамі". У той самы час экс-міністр Павел Клімкін падкрэслівае, што стандарты АБСЕ забараняюць правядзенне выбараў пры наяўнасці замежных войскаў і наймітаў.

У сераду, 18 верасня міністр замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў на супольным пасяджэнні парламенцкіх камітэтаў еўраінтэграцыі і замежных справаў, што даў згоду на гэтую формулу. "Мы дамовіліся пра формулу Штайнмаера на сустрэчы дарадцаў 2 верасня, і я магу прывесці тое, на што я даў згоду. Закон пра асаблівы статус пачне дзеянне ў папярэднім фармаце на момант правядзення выбараў, а канчаткова пачне дзеянне пасля пастановы БДІПЧ АБСЕ (аб прызнанні выбараў сумленнымі – рэд.)", – сказаў Прыстайка.

У той самы час паводле вынікаў пасяджэння ТКГ расейскі бок і АБСЭ заявілі, што ўдзельнікі групы пакуль не дасягнулі кансэнсусу ў пытанні пісьмовага зацвярджэння "формулы Штайнмаера". Паўпрад РФ у групе Барыс Грызлоў паведаміў, што Украіна адмовілася падпісаць формулу, хоць гэты дакумент, паводле ягоных словаў, "быў узгоднены 11 верасня палітычнымі дарадцамі лідараў краінаў" нармандскай чацвёркі "і прапанаваны кантактнай групе для падпісання".

ЧАМУ ГЭТА ВАЖНА. Паводле словаў Грызлова, адмовай падпісваць "формулу Штайнмаера" Украіна "сарвала прыняцце пастановы пра развядзенне сілаў у Пятроўскім і Залатым, а таксама паставіла пад пагрозу саміт "нармандскай чацвёркі".

Украінскі бок, наадварот, абвінаваціў Расею ў блакаванні вызначэння магчымай даты развядзення, паведаміла прэс-сакратарка Кучмы Дарка Аліфер у Facebook паводле вынікаў пасяджэння ТКГ. "Прадстаўнік Украіны ў ТКГ адзначыў, што ўкраінскі бок не мае прынцыповых пярэчанняў датычна сутнасці так званай формулы Штайнмаера пра мясцовыя выбары. Аднак рэалізацыя гэтай формулы магчымая толькі пры ўмове выканання шэрагу пунктаў", – напісала Аліфер.

Сярода іншага неабходна забяспечыць поўнае спыненне агню і эфектыўны маніторынг СММ АБСЕ на ўсёй тэрыторыі Украіны; вывад узброеных фармаванняў замежных войскаў і тэхнікі; развядзенне сілаў і сродкаў уздоўж усёй лініі сутыкнення: забеспячэнне працы ЦВК Украіны, украінскіх партый і СМІ, а таксама ўстанаўленне кантролю над непадкантрольным Украіне адрэзкам мяжы з РФ. Пры гэтым, паводле словаў Аліфер, "дасягнуты значны прагрэс пра ўзаемнае адначасовае вызваленне палонных".

ШТО ДАЛЕЙ. Сітуацыя з "формулай Штайнмаера" паказала, што ў каманды Уладзіміра Зяленскага няма доўгатэрміновага плана ва ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе, мяркуе палітолаг-міжнароднік Мікалай Капітоненка. "Няма ніякага доўгатэрміновага плана. Калі б ён быў, то ў ім было б выразна прапісана, на якія саступкі можна ісці. А паколькі плану няма, то мы на хаду імправізуем. Атрымалася зымправізаваць з абменам – добра, паспрабуем зымправізаваць са Штайнмаерам", – паведаміў ён у каментары LIGA.net.

Адмову ад падпісання "формулы" Капітоненка звязвае, сярод іншага, з вялізным грамадскім рэзанансам, які выклікала гэтае пытанне. "Ва Украіне лёгка распачаць грамадскую думку і абвінавачванні ў здачы нацыянальных інтарэсаў. Таму асцярожныя палітыкі паспрабуюць гэтых абвінавачванняў пазбегнуць", – тлумачыць палітолаг. Ён мяркуе, што пасля сённяшніх падзей шанцы на правядзенне саміту нармандскага фармату і наступнага абмену палоннымі значна знізіліся.

На думку палітолага Пятра Алешчука, Расея патрабуе фіксацыі "формулы Штайнмаера" для таго, каб мець чарговыя козыры на выпадак адсутнасці прагрэсу ў пытанні Данбаса, каб потым абвінаваціць Украіну ў невыкананні менскіх пагадненняў. "І запатрабаваць, каб на Украіну таксама наклалі санкцыі", – адзначыў палітолаг у каментары LIGA.net.

Паводле ягоных словаў, Расея рухаецца па шляху няспыннага павелічэння ставак. "Зяленскі заявіў пра жаданне найхутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе. Расея можа гэта ўспрыняць як магчымасць затарможваць працэс і вылучаць новыя патрабаванні. Расея адчула сітуацыю і будзе спрабаваць дамагчыся максімуму для сябе", – рэзюмаваў Аляшчук.

Капітоненка мяркуе, што ў Зяленскага ўсяго два шляхі і абодва пагражаюць яму стратай рэйтынгу. Першы – пакінуць усё як ёсць і не ісці на кампрамісы. Другі – пошук кампрамісу з РФ. "І той, і іншы варыянт для Украіны невыгодны. Таму палітык, які будзе за яго адказваць, будзе расплачвацца рэйтынгам", – мяркуе палітолаг.

Мабыць, украінскі бок пачынае разумець, што трэба шукаць новыя падыходы ў менскім працэсе. У сераду Прыстайка ўжо паспеў заявіць, што ўвядзенне міратворчай місіі ў Данбасе стане наступным крокам, калі не атрымаецца развязаць канфлікт дзякуючы менскім пагадненням.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках