20 красавiка 2024, Субота, 0:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэсмэн: Падатковы кодэкс «саюзнай дзяржавы» – гэта хаўрус вожыка і каровы

3
Бізнэсмэн: Падатковы кодэкс «саюзнай дзяржавы» – гэта хаўрус вожыка і каровы

Беларускі бізнэс выступае супраць «інтэграцыі».

Урад адмовіўя публікаваць дакументы пра інтэграцыю, якія два тыдні таму парафіявалі прэм'еры Беларусі і Расеі. На запыт «дэпутаткі» «палаты прадстаўнікоў» Алены Анісім адказалі, што абнародаванне пагаднення прывядзе да маніпуляцый. А тым часам Міністэрства фінансаў пацвердзіла, што працуе над уніфікацыяй Падатковага кодэкса так званай «саюзнай дзяржавы», паведамляе «Белсат».

Праз два дні пасля публікацыі расейскага выдання «Камерсант» урад нашай краіны так і не апублікаваў праграмы інтэграцыі, якую 6 верасня парафіявалі прэм'еры Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў.

З адказу міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога Алене Анісім:

«Публікацыя праекта Праграмы... магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцый і фармавання ў грамадстве скажоных уяўленняў датычна інтэграцыйнага працэсу».

Між тым Міністэрства фінансаў у каментары парталу tut.by пацвердзіла прынамсі адзін тэзіс з пазаўчорашняй публікацыі «Коммерсанта»: адзіны Падатковы кодэкс так званай Саюзнай дзяржавы сапраўды рыхтуюць.

«Той кодэкс, які яны хочуць распрацаваць супольна, гэта як спаравацца вожыку і карове, прабачце за такі выраз. Таму што занадта шмат вады выцекла», – мяркуе кіраўнік РГА «Перспектыва», бізнэсовец Анатоль Шумчанка.

Напрыклад, у Расеі падатковая нагрузка меншая, затое ў Беларусі – больш простае падатковае адміністраванне, кажа Жанна Тарасевіч, дырэктарка бізнэс-звязу, які Міністэрства фінансаў паклікала ў працоўную групу для распрацоўкі супольнага кодэкса:

«Найбольшы камень спатыкнення, які хутчэй за ўсё будзе (і пра гэта трэба будзе дамаўляцца), – гэта сацыяльныя адлічэнні, якія ў нас з'яўляюцца страхавымі выплатамі, і сацыяльны падатак у Расейскай Федэрацыі. Гэта значыць, па якім шляху мы пойдзем?»

Паводле словаў Жанны Тарасевіч, уніфікацыя правілаў гульні на рынках Беларусі і Расеі нясе вялікія магчымасці для супрацоўніцтва, свабоднага руху капіталаў. Але беручы да ўвагі, што расейская эканоміка амаль у 30 разоў большая за нашу, паўстае законнае пытанне, хто ад гэтага ўсё атрымае выгоду.

«Не магу сказаць, што гэта пагроза, але пытанне таго, наколькі будзе даступнай, наколькі практычна ўзмоцніцца канкурэнцыя за атрыманне рэсурсаў, за прыватызацыю, можа быць, і ўсё астатняе, тут, вядома, гэтыя рэчы павінны разглядацца», – адзначае Жанна Тарасевіч.

У сваю чаргу прадстаўнікі малога бізнэсу звяртаюць увагу на розны ўзровень культуры вядзення справаў у Беларусі і Расеі.

«Калі ў нас, дапусцім, прымаецца закон для бізнэсу, то бізнэс гэты закон выконвае. І адказнасць, у прынцыпе, незваротная, бо яна ў любым выпадку наступае. У Расеі ж, калі прымаюць закон, то ён, як правіла, з нашых адчуванняў, не выконваецца. Адказнасці я там таксама асабліва не ўбачыў», – кажа Анатоль Шумчанка.

А таму навіну пра эканамічнае збліжэнне з Расеяй у асяродку ІП многія ўспрынялі скептычна. Што тычыцца іншых пунктаў інтэграцыі, апублікаваных «Коммерсантом», то асаблівую ўвагу звяртае фармулёўка «агульны знешнегандлёвы рэжым».

«Беларусь будзе вымушаная далучыцца да расейскіх антысанкцый, не пускаць прадукты з Еўропы, Малдовы, Грузіі, што відавочна зусім не ў нашых інтарэсах», – канстатуе старшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Калі ж казаць пра працу над агульнымі падатковым і грамадзянскім кодэксамі, то, на думку Вадзіма Іосуба, тут Беларусь таксама не атрымае эканамічнай выгады. Зрэшты, не атрымае яе і Расея. Але для апошняй перш за ўсё мае значэнне палітычная перамога.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках