28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Швэдскі досвед: Як зрабіць так, каб беларусы сталі менш піць

22
Швэдскі досвед: Як зрабіць так, каб беларусы сталі менш піць

У суботу раніцай швэды адпраўляюцца на прабежку, а беларусы – пакутуюць ад пахмелля.

У 2018 годзе Беларусь заняла 27-е месца ў свеце ў спажыванні алкаголю. Паводле звестак СААЗ, штогод беларусы ўжываюць 11,2 літра чыстага алкаголю, а ў структуры спажывання больш за 50% займае гарэлка і каньяк, піша «Заўтра тваёй краіны».

Адносна бяспечным мяркуецца паказнік спажывання спіртнога 8 літраў на чалавека, а дзель моцнага алкаголю 15%. Такім чынам, праблема алкагалізацыі насельніцтва ў нашай краіне стаіць вельмі востра.

– Для беларусаў алкаголь становіцца спосабам адаптацыі да навакольнага свету. І калі на гэтую праблему сёння не звяртаць увагі, то яна будзе пагаршацца, – заявіла падчас дыскусіі «Алкаголь: дазволіць ці забараніць? Дзе ставяць кропку Швэцыя і Беларусь?» у рамках праекта Nordic Talks in Belarus лекарка-псіхатэрапеўтка, нарколаг Ірына Барысевіч.

Як вынік, у Беларусі будуць павышацца захворванні на розныя хваробы (пачынаючы ад нырачнай недастатковасці і язвы, заканчваючы псіхічнымі разладамі) і смяротнасць. Пры гэтым забарона на продаж алкаголю або рэзкае павышэнне коштаў на яго ні да чаго добрага не прывядуць, упэўненая экспертка.

– Калі чалавек ужо заахвоціўся да алкаголю, то ён знойдзе спосаб задаволіць сваю патрэбу. А ўжыванне самагону і розных сурагатаў толькі абвострыць праблему, – мяркуе Ірына Барысевіч.

На думку экспертаў, змагацца з алкагалізацыяй трэба асцярожна з аглядкай на тое, як гэта рабілася ў іншых краінах.

Швэдскі досвед

Вельмі падобная сітуацыя са спажываннем алкаголю была ў Швэцыі – колькасць штогод спажыванага алкаголю ў першай палове 20-га стагоддзя там было нават вышэйшая, чым цяпер у Беларусі. Швэдскія ўлады прадпрымалі розныя спробы гэта выправіць – ад павышэння коштаў да ўвядзення картак на набыццё алкаголю. Аднак станоўчага выніку яны не прыносілі.

– Сітуацыя пачала мяняцца ў сярэдзіне 50-х, калі ўрад увёў манаполію на продаж алкаголю. З тых часоў алкаголь, мацнейшы за 3,5%, у Швэцыі можна набыць толькі ў крамах Systembolaget, – апавядае дырэктар Міжнароднага цэнтра правоў чалавека і наркапалітыкі Дэйман Барэт.

Гэтых крамаў адносна няшмат – 444 на ўсю 10-мільённую Швэцыю. Пры гэтым у Стакгольме, дзе жыве блізу мільёна чалавек іх крыху больш за дваццаць.

– Продаж алкаголю ў Systembolaget дазволены толькі асобам, што дасягнулі 20 гадоў. У барах і рэстаранах набыць спіртное можна з 18 гадоў, але алкаголь там значна даражэйшы і маладыя людзі не могуць дазволіць сабе выпіць вельмі шмат, – тлумачыць Дэйман Барэт.

Важным з'яўляецца таксама рэжым працы гэтых крамаў – у буднія дні яны адчыненыя да 7-й вечару, а ў выходныя зачыняюцца ўжо а 3-й удзень. Акрамя таго, у Systembolaget няма лядоўняў, каб выключыць спакусу выпіць піва адразу пасля набыцця, не бывае акцый «шэсць бляшанак за кошт пяці».

– Усё гэта практычна выключае імпульсіўнае набыццё алкаголю. Швэды п'юць толькі калі запланавалі гэта загадзя, загадзя набылі сабе спіртное і астудзілі яго ва ўласнай лядоўні, – апавядае эксперт.

Таксама ў Швэцыі нельга ў рэкламе заклікаць набываць алкаголь, сцвярджаць, што ён лепшы, якасны. Кошт на моцны алкаголь у шмат разоў перавышае кошт віна і піва.

Усё гэта дапамагло значна знізіць колькасць спажывання спіртнога. Цяпер шведы выпіваюць за год усяго блізу 7 літраў чыстага алкаголю, а дзель моцных спіртных напояў знізілася да 14%.

Віно замест гарэлкі

Аднак нельга проста ўзяць і пераняць досвед іншай краіны.

– У другой эканамічнай, палітычнай і, галоўнае, культурнай рэальнасці гэтыя правілы і абмежаванні могуць не падзейнічаць – людзі проста пачнуць вырабляць і прадаваць алкаголь нелегальна. У Беларусі трэба, перш за ўсё, мяняць культуру ўжывання спіртнога, – мяркуе Дэйман Барэт.

З ім згодны і незалежны беларускі эксперт Сяргей Уставіцкі.

– Вечар пятніцы і ў Стакгольме і ў Менску выглядае прыкладна аднолькава – людзі весяляцца, ужываюць алкаголь. Аднак у суботу швэды ў 6.30 устаюць на прабежку, а беларусы – пакутуюць ад пахмелля. Уся рэч у тым, што ў Швэцыі п'юць віно і піва, а ў Беларусі – гарэлку, – мяркуе ён.

Паводле словаў эксперта, у першую чаргу трэба зрабіць так, каб беларусы пілі менш менавіта моцных спіртных напояў. Дамагчыся гэта можна, напрыклад, увядзеннем прагрэсіўнай шкалы акцызаў на алкаголь у залежнасці ад ягонай моцы.

– Калі гарэлка і каньяк будуць каштаваць дорага, а піва і віно нашмат танней, то людзі паступова будуць адмаўляцца ад першага на карысць другога. Вельмі важна фармаваць культуру ўжывання алкаголю як на ўзроўні дзяржавы, так і на ўзроўні сям'і, – рэзюмуе эксперт.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках