Еўракамісія падрыхтавала праект пастановы пра візавае пагадненне з Беларуссю
10- 20.09.2019, 9:14
- 13,977
Цяпер яго будуць разглядаць Еўрапарламент і Еўрарада.
Еўракамісія вынесла падпісанне пагаднення пра спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю на разгляд працоўных органаў Рады ЕЗ. Дакумент павінен ухваліць Еўрапарламент і Еўрарада, пасля чаго Рада ЕЗ павінна прыняць пастанову кваліфікаванай большасцю галасоў. І ўжо пасля гэтага пагадненне будзе падпісанае Менскам і Брусэлем, піша tut.by.
Сам праект дамовы «Аб прыняцці пастановы ў заключэнні пагаднення паміж Еўрапейскім звязам і Рэспублікай Беларусь пра палягчэнне выдачы візаў» быў падрыхтаваны яшчэ 30 жніўня, але з'явіўся ў базе нарматыўных актаў ЕЗ 18 верасня.
Праект уяўляе з сябе нарматыўны дакумент для заключэння пагаднення.
Пагадненне ў спрашчэнні візавага рэжыму прадугледжвае зніжэнне кошту візаў да 35 еўраў і прыняцце пастановы пра выдачу візы ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін выдачы можа павялічыцца да 30 дзён).
Акрамя таго, у дакуменце прапісаныя катэгорыі, для якіх выдача «шэнгену» будзе бясплатнай:
дзеці ва ўзросце да 12 гадоў;
школьнікі, студэнты і суправаджальныя іх настаўнікі або выкладнікі, якія ажыццяўляюць паездкі ў навучальных або адукацыйных мэтах;
даследнікі – грамадзяне трэціх краінаў, якія ажыццяўляюць паездкі ў мэтах правядзення навуковых даследаванняў;
прадстаўнікі некамерцыйных арганізацый ва ўзросце да 25 гадоў, якія ўдзельнічаюць у семінарах, канферэнцыях, спартовых, культурных або адукацыйных мерапрыемствах, што арганізуюцца некамерцыйнымі арганізацыямі.
Цяпер усё ўпіраецца ў тэрміны падпісання пагаднення – дакумент павінен ухваліць Еўрапарламент і Еўрарада, пасля чаго Рада ЕЗ павінна прыняць пастанову кваліфікаванай большасцю галасоў. Пасля падпісання пагаднення ўсімі бакамі яно пачне дзеянне першага дня другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Аднак ужо ў лютым 2020 года пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы візаў Еўразвязам. Калі Беларусь і ЕЗ не паспеюць падпісаць пагадненне, то беларусам за візу замест 60 еўраў (менавіта столькі каштуе для нас «шэнген» цяпер) давядзецца заплаціць 80 еўра.