14 кастрычнiка 2019, панядзелак, 17:23
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Эканаміст: Лукашэнка ўключыў дурня

24
Эканаміст: Лукашэнка ўключыў дурня
Лев Марголин

Што стаіць за чарговым «разносам» ад дыктатара?

19 верасня беларускія ўлады правялі нараду паводле вынікаў працы эканомікі за мінулы перыяд 2019 года. Лукашэнка папярэдзіў урад, што калі не будуць выкананыя зацверджаныя на гэты год планы, то адбудуцца жорсткія кадравыя пастановы:

«Усе адказныя – ад прэм'ер-міністра – пойдзеце на супакой».

Прэм'ер Сяргей Румас парадаваць кіраўніка краіны не змог. З 7 зацверджаных на 2019 г. прагнозных паказнікаў пакуль выконваюцца 4. Не дасягнутыя планы ў экспарце, прадукцыйнасці працы і валавым унутраным прадукце.

Асабліва ўражвае правал у апошнім паказніку: пры планах росту 4% ВУП за студзень – жнівень вырас толькі на 1,1%.

Эканаміст Леў Марголін у каментары UDF.BY выказаў сумнеў, што ва ўраду да канца года атрымаецца выканаць прагнозныя паказнікі.

«І рэч тут не ва ўрадзе. У нас усе міністры – пешкі, таму што дзейнічаюць у той прасторы, што ім вылучае Лукашэнка. Ён дзесяцігоддзі не дае ім магчымасці праводзіць рэформы. І па-ранейшаму мяркуе, што ягоная стратэгія слушная. А прычыны ўсіх няўдачаў – эксцэс выканаўцаў, якія не ўмеюць працаваць. Адсюль вынікае выснова: калі нічога не атрымліваецца, трэба мяняць выканаўцаў», – патлумачыў Марголін логіку кіраўніка Беларусі.

Эканаміст звярнуў увагу на заяву Лукашэнкі, у якой ён пагражаў ураду жорсткімі кадравымі пастановамі:

«І каб потым мяне асобныя разумнікі не абвінавачвалі, што ў нас, бачыце, перадвыбарная кампанія. Колькі разоў казаў: я не збіраюся балатавацца ў парламент. Якая ў мяне перадвыбарчая кампанія?»

«Гэта называецца ўключаць дурня. Ён робіць выгляд, што не разумее, што гаворка ідзе пра “выбары” х, якія адбудуцца налета – “прэзідэнцкія”. Ягоная фраза пра тое, што народ павінен на сабе адчуць станоўчыя вынікі працы эканомікі, якраз кажа пра занепакоенасць з нагоды набліжэння прэзідэнцкіх выбараў. Выдае ягоныя асцярогі, што народ будзе незадаволены адсутнасцю паляпшэння жыцця», – мяркуе Марголін.

Хто можа больш паспяхова замяніць Румаса ў рамках дзейнай сістэмы?

«Ніхто. Сапраўды, гэтак сама як Румас не стаў паспяховай заменай Кабякову. Чалавек, які зменіць цяперашняга прэм'ера, асуджаны на тую самую няўдачу, бо любыя нясмелыя спробы ўрада пераканаць Лукашэнку ў неабходнасці рэформаў натыкаюцца на жорсткі супраціў», – падсумаваў эканаміст.