Бага аформіў запіску, каб дапамагчы фанатам БАТЭ адпрасіцца на матч з «Дынама»
- 20.09.2019, 11:53
- 6,972
Паядынак пройдзе 25 верасня ў Берасці.
Галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага аформіў адмысловую службовую запіску, каб дапамагчы фанатам барысаўчанаў адпрасіцца з працы ці вучобы на матч чэмпіянату Беларусі з берасцейскім "Дынама", паведамляе pressball.by.
Няма сумненняў, што чыннік працоўнага дня стане перашкодай для кагосьці з заўзятараў, якія захочуць наведаць мегаважны выязны паядынак "жоўта-сініх" з берасцейскім "Дынама" ў сераду, 25 верасня. Для таго каб своечасова дабрацца ў горад над Бугам і не прапусціць нічога цікавага з таго, што адбываецца на полі, неабходна выязджаць з Барысава або сталіцы ў раёне абеду ці крыху пазней.
Натуральна, рэкамендуем ні ў якім разе не прагульваць працу ці вучобу, а пастарацца знайсці агульную мову са сваім кіраўніцтвам. Спадзяемся, падмогай у развязанні пытання стане падрыхтаваны варыянт службовай запіскі аўтарства Аляксея Багі, якую можна спампаваць праз спасылку ніжэй. Раздрукоўвайце, запаўняйце пустыя радкі – і да кіраўніцтва!
Хочацца верыць, што яно прасякнецца сітуацыяй і пойдзе насустрач, а ў выніку ўсе месцы на трыбунах АСК "Берасцейскі", якія належаць прыхільнікам 15-кратных чэмпіёнаў Беларусі, будуць занятыя! – паведамляе прэс-служба БАТЭ.
Паядынак пройдзе 25 верасня ў Берасці і пачнецца ў 20.45.