25 красавiка 2024, Чацвер, 9:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр аховы здароўя: Мы не павінны крычаць «ваў» ад захаплення

22
Экс-міністр аховы здароўя: Мы не павінны крычаць «ваў» ад захаплення

Палітыка дзяржавы ў адносінах да здароўя людзей аднабокая.

Міністр аховы здароўя Беларусі ў 1997–2001 гадах Ігар Зелянкевіч апавёў «Салідарнасці» пра тое, якія выклікі стаяць перад беларусамі праз чвэрць стагоддзя.

– Прыемна, што зацверджаная праграма дэмаграфічнай бяспекі і пазначаныя шляхі развязання праблемы дэпапуляцыі. Але я трохі пакрытыкую распрацоўнікаў дакумента. Асноўны ўпор там робіцца на павышэнні нараджальнасці. Але нараджальнасць – гэта працэс, які носіць цыклічны характар. Цяпер у перыяд дзетанараджэння ўступаюць людзі, якія з'явіліся на свет у 90-я гады, калі назіралася дэмаграфічная яма.

Маё глыбокае перакананне: старацца павысіць нараджальнасць і не ствараць пры гэтым у краіне культ сям'і – гэта аднабока.

Другі складнік дэпапуляцыі – смяротнасць. І тут нам трэба зрабіць вельмі шмат.

Упэўнены, што магчымасці для зніжэння смяротнасці ёсць. Так, высокатэхналагічныя цэнтры (цэнтр трансплантацыі і г.д.) ратуюць жыцці, але гэта толькі вярхушка айсберга. У нас вялікая розніца паміж даўжынёю жыцця мужчынаў і жанчынаў – адна з самых вялікіх у Еўропе. Трэба зніжаць смяротнасць ад сэрцава-судзінных і анкалагічных захворванняў. Але якім чынам?

Ёсць некалькі шляхоў развязання праблемы. Мяркую, Міністэрствам аховы здароўя цяпер узяты правільны курс на замену тэрапеўтаў лекарамі агульнай практыкі – рэанімаваная ідэя, якая ўзнікла падчас маёй працы міністрам. Куды ідзе пацыент? Не да прафесара, не да акадэміка, а да свайго лекара на месцы жыхарства. Ад ведаў, падрыхтаванасці, шыраты кругагляду гэтага лекара залежыць лёс канкрэтнага чалавека.

Мяркую, з'яўленне лекараў агульнай практыкі зменіць у лепшы бок сітуацыю ў першасным звяне нашай аховы здароўя. Лекар агульнай практыкі – гэта тэрапеўт з навыкамі кардыёлага, неўролага, хірурга, лора... Вузкія спецыялісты павінны быць у яго кансультантамі. Лекар агульнай практыкі будзе лекаваць не хваробу, а чалавека.

Дарэчы, трэба вучыць лекара агульнай практыкі і асновам анкалогіі. Унёсак анкалагічных захворванняў у смяротнасць насельніцтва блізу 17%. Гэта шмат? Вядома, шмат. Да таго ж захворванне на анкалогію расце.

– Калі Вы з'яўляліся прыхільнікам увядзення інстытута лекара агульнай практыкі яшчэ быўшы міністрам, то што замінала рэалізаваць ідэю столькі гадоў?

– Гэта трэба спытаць у тых людзей, якім гэты інстытут перашкаджаў. Некаторых ужо немагчыма спытаць...

Заўсёды здзіўляўся: чаму людзі не разумеюць, што папярэднікі былі не дурнейшыя іх? Не трэба саромецца браць у іх рацыянальнае.

Іншы момант, які недаацэньваецца пры развязанні праблемы смяротнасці. Калі я пытаўся, колькі на ўчастку на 1800 чалавек дыспансэрных хворых з гіпертаніяй, мне адказвалі: блізу 100. Гэта ж вельмі дрэнна! Паводле звестак РНПЦ кардыялогіі сёння ў краіне 47% гіпертонікаў.

Зноў жа – мы змагаемся з гіпертанічнай хваробай. А трэба перш за ўсё павышаць узровень культуры людзей і ўзровень прафілактыкі.

Чалавек павінен палюбіць сябе і пачаць вымяраць артэрыяльны ціск. У выпадку, калі ён падвышаны, нескладана расшыфраваць паказнікі: правесці ЭКГ, аналіз крыві на халестэрын, цукар і г.д. Не трэба даводзіць да «фінішнай прамой».

Менск – выдатны горад, нарадзіўся тут і ўлюбёны ў яго, мне іншага горада не трэба. Але чаму б нам не арганізаваць месячнікі барацьбы з гіпертаніяй, падчас якіх людзі маглі б вымераць артэрыяльны ціск і атрымаць рэкамендацыі ў лекаванні? Аднаму дапамаглі б ужо мачагонныя травы, іншаму, магчыма, толькі прэпараты, якія трэба прымаць пажыццёва, змяняючы схему.

– Тут узнікае пытанне пра даступнасць лекавых сродкаў.

– Я не буду падрабязна каментаваць пытанне кошту – усё відавочна. Кошты ў нас вышэйшыя, чым у суседзяў. І ў гэтай праблеме трэба разабрацца: чаму так адбываецца?

Летась у нас было дзевяць з паловай мільёнаў наведванняў паліклінік з нагоды выпіскі рэцэпта – гэта жахлівая лічба. Тут таксама трэба разабрацца. Адрываць праз гэта людзей ад працы...

Калі спецыяліст прызначыў пацыенту схему лекавання – ён што, вораг сабе? Я ўжо некалькі гадоў п'ю прэпараты, прызначаныя ад павышанага артэрыяльнага ціску. Педантычна, раніцай і ўвечары, як немец. Што дазваляе мне ўтрымліваць ціск у нармальных лічбах. У нашага народа таксама павінна быць адпаведная культура.

Мы не павінны цяпер крычаць «ваў» ад захаплення – паглядзіце, якія ў нас высокатэхналагічныя цэнтры, які высокі ўзровень аперацый. Будзем крычаць, калі больш-менш будзем здаровыя. Ідэя пра здаровую нацыю – тая ідэя, якая можа аб'яднаць народ і дзеля якой варта змагацца.

Акрамя таго, я мяркую, што наша сістэма аховы здароўя павінна быць ініцыятарам вытворчасці ў краіне экалагічна чыстых прадуктаў харчавання. Каб у нашым рацыёне не было пальмавага алею і іншай дрэні. Бо даказана ўжо, да чаго гэта прыводзіць.

Няма іншай сілы ў грамадстве, якая будзе ініцыятарам зменаў у гэтым кірунку. Што, банкіры будуць крычаць? Не, мы, медыкі, павінны біць у набат.

– Як Вы ставіцеся да адтоку спецыялістаў за мяжу?

– Я не валодаю дакладнымі лічбамі пра тое, колькі лекараў з'язджае. У любым выпадку, гэта кажа пра высокую ацэнку кваліфікацыі нашых спецыялістаў.

Вядома, трэба думаць пра тое, каб медсупрацоўнікі ў цэлым атрымлівалі годны заробак. Якім чынам гэта зрабіць? Нам усім трэба лепш працаваць, каб эканоміка расла і можна было больш сродкаў накіроўваць на заробкі.

Варта таксама браць да ўвагі чыннік матывацыі. Гэта не толькі высокі заробак, але і стаўленне да медыкаў у грамадстве. Хоць, відаць, варта прызнаць: у любым статку ёсць чорныя авечкі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках