16 кастрычнiка 2019, Серада, 6:26
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Андрэй Маркаў: 87-гадовы дзядуля паставіў подпіс і паабяцаў прывесці сваякоў

5
Андрэй Маркаў: 87-гадовы дзядуля паставіў подпіс і паабяцаў прывесці сваякоў
АНДРЭЙ МАРКАЎ

Жыхароў Маладзечна запрашаюць паставіць подпіс за кандыдата ад «Еўрапейскай Беларусі» штодня ў краме «3,7 вольт».

Андрэй Маркаў, які бярэ ўдзел у «парламенцкай кампаніі» па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72, распавёў прэс-службе грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» аб тым, як праходзіць збор подпісаў:

- Мы сабралі больш за чвэрць ад запланаванай колькасці подпісаў. Многія выказваюць падтрымку, ціснуць рукі і зычаць поспеху. Нядаўна быў цікавы выпадак: да нас на пікет падышоў дзядуля 87 гадоў, які не толькі паставіў подпіс, але і паабяцаў прывесці сваякоў і сяброў, распавесці пра нас і нашу дзейнасць. Вельмі спадзяецца, што застане перамены і ўбачыць свабодную Беларусь.

Людзі распавядаюць пра свае праблемы. Скардзяцца на тое, што немагчыма працаўладкавацца, што складана выжыць на пенсію. Асобная гісторыя - пра штрафы. Калі мы збіралі подпісы па дамах, адзін чалавек распавёў, што атрымаў штраф у суме 20 тысяч даляраў толькі за тое, што зрабіў рамонт у сваёй кватэры. Яна не прыватызаваная, прыйшлі кантрольныя органы і сказалі: «Ага, у вас тут рамонт. Досыць нядрэнна. А калі кватэра не ваша, а дзяржаўная - атрымаеце штраф». У кватэры пражывае інвалід. Цяпер яму неабходна штомесяц выплачваць дзяржаве па 200 рублёў у кошт выплаты «запазычанасці» па штрафу. Гэтую «запазычанасць» ён цяпер будзе выплачваць ледзь-ледзь не да канца свайго жыцця.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення гавораць маладым, што тут, у гэтай краіне рабіць няма чаго. Што трэба проста збіраць рэчы і з'язджаць, бо ў Беларусі ўжо няма будучыні. У прынцыпе, працоўная міграцыя ў горадзе - гэта адна з найважнейшых праблем. Бацькі раяць сваім дзецям і ўнукам шукаць шчасця ў іншых краінах, у той жа Польшчы.

- Некаторыя кандыдаты ад «Еўрапейскай Беларусі» ўжо атрымалі папярэджанні ад выбаркамаў. Як справы ў вас?

- Ва ўладаў да нас пакуль прэтэнзій няма, але яны ўключылі адміністрацыйны рэсурс для падтрымкі свайго «кандыдата». Мы сутыкаемся з людзьмі, якія распавядаюць, што іх прымушаюць ставіць подпісы за яго на працоўных месцах.

Нашых жа прыхільнікаў, усіх жыхароў Маладзечна, запрашаю на вул. Прытыцкага 18, уваход з боку плошчы. Там, у памяшканні крамы «3,7 вольт», можна пакінуць свой подпіс за кандыдата ад «Еўрапейскай Беларусі» кожны дзень з 11.00 да 17.00.