22 кастрычнiка 2019, aўторак, 10:13
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Эканаміст: Лукашэнка надзімае чарговую мыльную бурбалку

32
Эканаміст: Лукашэнка надзімае чарговую мыльную бурбалку
ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ

Паказчыкі ўзроўню жыцця могуць абрынуцца больш чым на 30%.

Эканамісты звяртаюць увагу на тое, што для выканання прагнозных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў напярэдадні «выбараў» Лукашэнка гатовы выкарыстоўваць папулісцкія метады.

Так, на нядаўняй нарадзе па «рабоце беларускай эканомікі» дыктатар прыгразіў адстаўкай усяму ўраду на чале з прэм'ер-міністрам, калі не будуць выкананыя «параметры развіцця» паводле вынікаў 2019 года.

У гэтай сувязі звяртаюць на сябе ўвагу некаторыя фактары: штучнае налічэнне намінальнага заробку ў Беларусі прыкладна ў шэсць разоў перавышае рост ВУП, а у 2019 годзе выдаткі дзяржбюджэту раслі апераджальнымі тэмпамі.

Да якіх наступстваў гэта можа прывесці? На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

- Ці звязаны ўльтыматум Лукашэнкі ўраду з падзеямі, якія ён назваў «вакханаліяй» - «парламенцкімі» і «прэзідэнцкімі выбарамі»?

- Думаю што так. «Выбары» для яго - важны момант. І словы на нарадзе ў эканамічных паказчыках трэба разглядаць з гэтага пункту.

Але хачу сказаць, што напраўду асноўныя эканамічныя паказчыкі вельмі далёкія ад выканання - нават на 50% ад гэтых лічбаў наўрад ці ўдасца выйсці.

Рэальны паказчык росту ВУП у 2-3% настолькі сціплы, што з улікам беларускай статыстыкі ён на самай справе імкнецца да нуля і фактычна роўны нулю. Гэта ж можна сказаць і пра патрабаванні кіраўніка да росту заробкаў: яны проста не выконваюцца.

Эканоміка Беларусі развіваецца не па ўказах Лукашэнкі ці пастаноў урада. Эканоміка развіваецца, калі бізнэс вырабляе 70-80, а лепш - 90% ВУП. Тады можна казаць пра нейкае рэальнае развіццё. У нас жа проста няма такой эканомікі. Таму я нават не сачу за патрабаваннямі Лукашэнкі да прагнозных паказчыкаў і выкананнем іх урадам.

Натуральна, да «выбараў» Лукашэнку патрэбныя нейкія лічбы для электарату. Але напраўду ў нашай эканоміцы вырастае толькі няздольнасць да выканання тых ці іншых паказчыкаў.

Я прывяду толькі адзін прыклад. У першай палове гэтага года беларускія прадпрыемствы аддалі толькі банкам чвэрць свайго даходу - за крэдыты, працэнты па крэдытах, пеню за пратэрмінаваныя выплаты. І гэта пры тым, што норма прыбытку ў іх - менш за 10%. Атрымліваецца, што ўсё больш і больш свайго даходу нашы прадпрыемствы аддаюць крэдыторам (у параўнанні з мінулым годам - больш на 8-10%).

І нарастае не вернутая запазычанасць банкам. Гэта значыць, эканоміка працуе на самапраяданне. І заробкі ў многіх выпадках людзі атрымліваюць за кошт крэдытаў прадпрыемстваў, а не за кошт даходаў - блізу 60% прадпрыемстваў нерэнтабельныя і праядаюць усё, што толькі можна. Гэта вядзе да нейкага тупіку, да стану шырокай неплацежаздольнасці і немагчымасці нешта мадэрнізаваць. Гэта значыць, пры Лукашэнку эканоміка згасае. І нейкія 2-3%, пра якія ён кажа ўраду - гэта не тыя дзеянні, якія могуць дапамагчы. Гэтую сістэму ніякі ўрад не падыме, пакуль яна не будзе мадэрнізаваная.

- Ці можна казаць, што цяпер у беларускай эканоміцы надзімаецца чарговая «мыльная бурбалка»?

- Вядома. Гэта робіцца ў многіх краінах, і Лукашэнка тут не выключэнне. Падчас «выбараў» урад хоча «падкарміць» насельніцтва, не асабліва клапоцячыся пра наступствы.

У апошнія два гады назіраецца намінальны рост налічаных заробкаў і пенсій, прычым даходаў пенсійнага фонду не стае, і дзяржава напампоўвае яго грашыма з бюджэту.

Так, «мыльная бурбалка» расце: паказчыкі нібыта павялічваюцца, прычым даляр пакуль не расце. Але напраўду гэта адбываецца за кошт росту дзяржаўнай запазычанасці Беларусі, і наша здольнасць аддаваць мільярдныя даўгі памяншаецца.

На падпампоўку даходаў насельніцтва перад «выбарамі» сыходзяць усе рэсурсы. Але гэта вядзе да таго, што пасля «выбараў» даходы грамадзян могуць сур'ёзна панізіцца. І ўжо налета, дарэчы, бюджэт будзе не прафіцытным, а дэфіцытным. А гэта значыць, што прыйдзецца рабіць яшчэ больш знешніх запазычанняў.

Калі глядзець на працяглы перыяд, ва ўладзе няма рэсурсаў на падтрыманне нават таго ўзроўню жыцця, які ёсць цяпер. Паглядзіце, як было: пасля 2011 года ішла падпампоўка даходаў насельніцтва значна хутчэй, чым дазвалялі магчымасці эканомікі. І крызіс пачаўся з падзення даходаў насельніцтва ў другой палове 2014 года.

Мы бачым па агульнай сітуацыі ў эканоміцы Беларусі, што «паляпшэнняў» не будзе: да «выбараў» можна зрабіць нейкую напампоўку, але далей будзе адкат.

- І наколькі моцным будзе гэты адкат? Некаторыя экспэрты мяркуюць, што пры негатыўным сцэнары беларускі рубель чакае дэвальвацыя на 50%. А як вы ацэньваеце развіццё сітуацыі?

- Дакладна палічыць немагчыма. Але цікава тое, што 2021 год будзе асаблівым годам для Беларусі: са студзеня мы павінны вяртаць Расеі крэдыты, за кошт якіх у нас пабудаваная Астравецкая АЭС. Гэта, калі з працэнтамі, яшчэ дадатковая мільярдная нагрузка на эканоміку.

Калі не будзе нейкіх асобных фактараў у эканоміцы, то я думаю, што гады праз тры ўзровень жыцця ў Беларусі можа апусціцца прыкладна на траціну.