28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шайгу апавёў пра разбурэнне і рабства Расеі

32
Шайгу апавёў пра разбурэнне і рабства Расеі
Сергей Шойгу

Кіраўнік Мінабароны РФ даў разгорнутае інтэрв'ю на гэтую тэму.

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу ў разгорнутым інтэрв'ю газеце "Маскоўскі камсамолец" зрабіў шэраг заяваў пра рэформу і перспектывы развіцця расейскай арміі, вайну ў Сірыі, стасункі з Украінай і ўласныя планы, паведамляе Радыё Свабода.

Інтэрв'ю папярэднічаюць меркаванні ягонага аўтара Міхаіла Растоўскага пра тое, што армія Расеі пры Шайгу "вярнула сабе павагу і з боку сяброў, і з боку патэнцыйных і рэальных ворагаў", але гэтага не атрымалася б дамагчыся "без падтрымкі і асабістага ўдзелу Уладзіміра Пуціна".

"Экстрэмістаў ва Украіне ўсё роўна давядзецца спыняць"

Шайгу заявіў, што "нават не хоча думаць" пра наўпростае ваеннае сутыкненне паміж войскамі Расеі і Украіны (Украіна і краіны Захаду заяўляюць, што валодаюць доказамі ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях у Данбасе, напрыклад падчас баёў пад Ілавайскам у жніўні 2014 года – РС) і выказаў надзею на тое, што ва ўкраінскай улады хопіць сілаў астудзіць нейкія гарачыя галовы. Пры гэтым, паводле словаў Шайгу, "некалі экстрэмістаў ва Украіне ўсё роўна давядзецца спыняць. Шкада толькі, што гэта не было зроблена раней". Міністр назваў украінскі народ "брацкім" і заявіў, што спадзяецца на "мір і добрасуседства" з ім.

Рэформа войска

Як сцвярджае Шайгу, мерапрыемствы для ўмацавання арміі пачаліся пасля расейска-грузінскай вайны 2008 года, а з 2013-га іх узяў пад асабісты кантроль Уладзімір Пуцін. Сярод ужытых захадаў міністр абароны пералічвае паляпшэнне побыту вайскоўцаў, павышэнне ўзроўню інтэнсіўнасці навучання вайскоўцаў, у тым ліку павелічэнне ў 5 разоў нормы выдаткавання боепрыпасаў на вучэннях, укараненне раптоўных праверак боегатоўнасці, пераабсталяванне войскаў сучаснай тэхнікай. Паводле словаў Шайгу, усе падраздзяленні расейскай арміі сталі падраздзяленнямі сталай гатоўнасці.

Вайна ў Сірыі

Шайгу падкрэсліў, што ў Сірыі расейскае войска "навучылася ваяваць па-новаму". Паводле словаў міністра, праз баявыя дзеянні ў Сірыі прайшлі практычна 90 адсоткаў лётнага складу расейскай авіяцыі, тэмпы паставак ваенных грузаў у Сірыю даходзілі да дзвюх тысячаў тонаў за суткі, а ў самой краіне адначасова працавалі прадстаўнікі больш чым 70 прадпрыемстваў ВПК.

"Калі б NATO не пашыралася, Захад нас знявольваў бы "

Сяргей Шайгу выказвае парадаксальную думку – адказнасць за ўмацаванне расейскай арміі, на ягоную думку, нясе Захад. Калі б ён "не стаў бы прасоўваць NATO да нашых межаў усё бліжэй і бліжэй" і "не лез бы ва ўнутраныя справы" Расеі, то ўрэшце – верагодна, усыпіўшы пільнасць – ён здолеў бы развязаць "задачу разбурэння і захопу нашай краіны" . На думку Шайгу, менавіта гэта адбылося з краінамі Усходняй Еўропы і былымі савецкімі рэспублікамі.

Паводле словаў Шайгу, супрацьстаянне Расеі і Захаду пачалося яшчэ ў 1990-я гады. "На Захадзе ўжо даўно створаныя лекалы і алгарытмы скідання любой нязручнай для іх законнай улады ў любой краіне", – кажа міністр абароны, прыводзячы ў прыклад Югаславію, якая, на ягоную думку, распалася на 6 краінаў праз бамбардаванне NATO (4 з 6 рэспублік былой Югаславіі сталі незалежнымі яшчэ ў 1991–1992 гадах, а ў 2006 распаўся саюз Чарнагорыі і Сербіі – РС).

Скасаванне прызыву "ў прынцыпе магчымае"

...Але такую пастанову Шайгу не ўважае правільнай: "Абсалютна перакананы, што нейкая колькасць вайскоўцаў праз набор у нас павінна быць у любым выпадку". Такое меркаванне міністр абгрунтоўвае неабходнасцю існавання мабілізацыйнага рэзерву. Акрамя таго, служба ў арміі, на думку Шайгу – школа патрыятызму (сам міністр тэрміновую службу ў войску не праходзіў – РС). Пры гэтым, як мяркуе Шайгу, непазбежная далейшая "прафесіяналізацыя" арміі.

Новы кіраўнік ПУР

Неабходнасць стварэння Галоўнай ваенна-палітычнай управы Шайгу таксама абгрунтаваў умяшаннем Захаду: "нейкія людзі на ўказку з-за мяжы пачынаюць лезці ў сям'і <загінулых вайскоўцаў>, лезці на могілкі", а таксама распаўсюджваюць "фэйкавыя навіны" пра тое, што Расея "рыхтуецца да захопу той ці іншай краіны". Новы кіраўнік ПУР, паводле словаў Шайгу, не лезе ў асабістыя справы вайскоўцаў, а стварае Юнармію і паркі "Патрыёт".

Новы 1937 год і настальгія па СССР

Расследаванне пра самога сябе і чыноўнікаў Мінабароны Шайгу назваў "чуткамі, плёткамі і паклёпамі" і параўнаў іх з кампаніяй даносаў у 1937 годзе. "Сёння тое самае: мы маем масу публічных даносаў ад унутраных і знешніх заказчыкаў" – кажа міністр.

Кажучы пра сваю мару, Шайгу сказаў, што хацеў бы вярнуцца ў Сібір у часы сваёй маладосці, калі Яўген Еўтушэнка чытаў у Брацку паэму "Брацкая ГЭС" (гэта было ў 1964 годзе, Сяргею Шайгу тады было 9 гадоў – РС). "У мяне вялікая настальгія па Савецкім Саюзе" – прызнаецца міністр абароны. "Я вельмі хачу вярнуцца ў Сібір і пабудаваць там адзін, а лепш яшчэ два гарады" – заканчвае інтэрв'ю Сяргей Шайгу.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках