14 кастрычнiка 2019, панядзелак, 17:26
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Вялікая Брытанія паабяцала яшчэ больш санкцый пасля выхаду з ЕЗ

Вялікая Брытанія паабяцала яшчэ больш санкцый пасля выхаду з ЕЗ

Вялікая Брытанія будзе ўводзіць санкцыі ў дачыненні да тых, хто пераследуе журналістаў і палітычных актывістаў.

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў краіны Дамінік Рааб у калонцы ў газеце The Sunday Telegraph, паведамляе ТАСС.

«Калі мы пакінем ЕЗ, мы ўзмоцнім наша санкцыйнае заканадаўства, каб прыцягваць да адказнасці тых, хто сур'ёзным чынам парушае правы чалавека, праз увядзенне забароны на іх уезд у Вялікую Брытанію, замарожванне іх актываў і банкаўскіх рахункаў», - удакладніў Рааб.

Гэтыя захады, з ягоных слоў, дазволяць Вялікай Брытаніі прыцягнуць да адказнасці людзей, якія пераследуюць журналістаў і праваабаронцаў.

Чакаецца, што ў санкцыйны спіс Злучанага Каралеўства будуць унесеныя імёны не толькі датычных да нападаў на журналістаў, але і тых, каго Лондан уважае за звязаных з атручваннем былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Афіцыйна Вялікая Брытанія павінна была выйсці з ЕЗ 29 сакавіка гэтага года, аднак брытанскія палітыкі не змаглі прыйсці да кампрамісу ва ўгодзе, што прывяло да ўрадавага крызісу і адстаўкі Тэрэзы Мэй з пасады прэм'ер-міністра. Борыс Джонсан, які прыйшоў ёй на змену, абвясціў, што Вялікая Брытанія так ці інакш пакіне Еўразвяз. Устаноўлены ім крайні тэрмін - 31 кастрычніка (варыянт жорсткага Brexit без угоды). У пачатку верасня каралева Элізабэт II ухваліла законапраект аб магчымай адтэрміноўцы Brexit.

Былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаныя ў пачатку сакавіка ў Солсберы. Вялікая Брытанія мяркуе, што іх атруцілі нервова-паралітычным рэчывам класа «Навічок», і абвінавачвае Расею ў датычнасці да гэтага.