29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адзін дзень з жыцця райцэнтра, куды лепш не ехаць Лукашэнку

44
Адзін дзень з жыцця райцэнтра, куды лепш не ехаць Лукашэнку
ФОТА: GAZETABY.COM

Жыхары аграгарадка раяць дыктатару не з'яўляцца ў іх.

Шаркаўшчына ўзору 2003-га года пакінула ў карэспандэнта «Салiдарнасцi» панурае ўражанне. Шэры гарадок з мінімумам крамаў, савецкі ў найгоршым уяўленні гатэль. Нявыкрутка, адным словам. Калі б не касцёл ды царква на беразе Дзісны, то і ўспомніць не было б чаго.

Праз шаснаццаць гадоў гарадок выглядае крыху весялейшым. Так, у цэнтры можна ўбачыць зачыненыя будынкі, аварыйны кінатэатр. Але стала заўважна больш крамаў, кавярняў. З'явіліся новыя шматкватэрныя дамы, ля будынка раённай адміністрацыі замест велізарнай лужыны разбілі сімпатычны сквер.

«Гэта ўсяго толькі абгортка», – заўважыла знаёмая журналістаў.

Ейныя словы пацвердзілі сустрэтыя ў прыватным сектары ля Успенскай царквы мясцовыя жыхары.

«З працай у нас поўная ж..а!»

– Крамаў стала больш, так. Але за што ў іх набываць? Заробкі жабрацкія. У цябе дзеці ёсць? Ёсць. Значыць ты ведаеш, што такое сабраць дзіця ў школу. Форма, спартовы касцюм, кашулі, зменка. А яшчэ школьныя прылады, вада, гігіена, грошы на рамонт. Я толькі на першы клас аддаў больш за пяцьсот рублёў, а заробак у мяне – усяго 350 рублёў. І як тут выкручвацца? – апавёў мужчына, які працуе ў адной з дзяржустановаў.

– Як тут з працай? Ды поўная ж..а з працай! Усё зачыняецца, застаўся, напэўна, толькі кансервавы завод, ды і той ужо адно «чарніла» выпускае.

Журналісты заводзяць размову з мясцовым жыхаром пра нядаўнія паездкі Лукашэнкі па рэгіёнах:

– Ён сюды не паедзе, – упэўнена заўважае мужчына. – Калі прыедзе, то яму давядзецца тут многіх пасадзіць. Вы ж бачыце, як гэта бывае: прыязджае, а там карова... гэта самае. І пачынаецца – усіх звольніць!

Суразмоўца ўпэўнены, што прэзідэнту трэба змяніць тактыку. І апавядае, як менавіта гэта трэба зрабіць:

– Я не стаў бы папярэджваць мясцовых кіраўнікоў, каб яны не паспелі пусціць пыл у вочы. Узяў бы памочнікаў, прыйшоў бы ў гараж і сказаў: «Запраўляйце машыну, сёння едзем у Шаркаўшчыну». Прыехаў бы сюды, пагутарыў з людзьмі, зайшоў бы на прадпрыемствы, якія засталіся. Праўда, на што яму тут глядзець?..

«Сітуацыя змяняецца да лепшага»

Такога ж меркавання прытрымліваецца былы настаўнік Ігар Дземідовіч, які пагадзіўся апавесці «Салідарнасці» пра жыццё ў Шаркаўшчыне:

– Ён лепш паедзе па райскіх месцах. У нас яму глядзець няма на што.

Пры гэтым былы настаўнік не згаджаецца з распаўсюджаным меркаваннем пра Шаркаўшчыну як пра адзін з самых бедных раёнаў:

– Так, раён не самы багаты. Дзяржпрадпрыемствы ў заняпадзе, але сітуацыя не такая ўжо безнадзейная. У апошнія гады я назіраю тэндэнцыю да паляпшэння. Адчыняюцца новыя прыватныя прадпрыемствы. Раней раёнам кіравалі чыноўнікі старой савецкай загартоўкі, якія не давалі нічому новаму падняць галаву. Баяліся, напэўна, як бы чаго не выйшла. Новы старшыня (Дзмітрый Ламака – С.) не такі. Ён эканаміст, пры ім людзі сталі адкрывацца: крамы, невялікія бізнэсы.

Ігар Дземідовіч мяркуе, што ягоным землякам трэба перастаць скардзіцца на жыццё і зразумець галоўнае:

– Не будзе больш па-старому. Грошай няма, трэба самім уладкоўваць сваё жыццё. Людзі звыкліся, што дзяржава павінна ім даваць працу і плаціць заробкі. Але корань праблемы не ў кіраўніках, а ў нас саміх. Ад нас у першую чаргу залежыць тое, як мы будзем жыць.

«Калгасы – гэта атрута, хвароба»

– Ёсць у нас такое – нежаданне зарабляць. Глядзіш па дарозе на Браслаў або Глыбокае: у вёсках на збочыне стаяць кошыкі з яблыкамі, бульбай, закаткі. А ў нас такога няма.

Калі капнуць у гісторыі, то віной усяму, напэўна, калгасы. Самых ініцыятыўных і моцных калісьці змарнавалі, астатнім прышчапілі ген раба. Ніхто ні за што не адказваў, усё вакол калгаснае...

І гэта распаўсюдзілася на ўсё грамадства. Як атрута, хвароба. Мы і цяпер гэта пажынаем. І вось бяда – у пачатку дзевяностых у людзей вочы гарэлі, яны хацелі гэтую зямлю, каб фермерствам заняцца. Але наверсе пастанавілі захаваць калгасы, якія забіваюць мільёны з бюджэту. А хто цяпер возьмецца за сельскую гаспадарку?

Ці ёсць будучыня ў Шаркаўшчыны

– Калісьці тут быў цагляны завод. У нас выдатныя гліны ў раёне. Потым ён прыйшоў у заняпад. Заводам цікавіўся замежны інвестар, але далей за цікавасць справа не пайшла. Але гліна нікуды не дзелася, усё яшчэ можна наладзіць, – кажа Ігар Дземідовіч.

Сам ён пасля школы некалькі гадоў ездзіў на заробкі будаўніком у Расею, потым працаваў таксістам у Менску. Потым вярнуўся дадому і цяпер працуе на беларуска-чэшскім прадпрыемстве.

– Так, шмат хто з'язджае. Ведаеце, гэта як матылі, якія ляцяць на святло. Але шмат хто вернецца. Калі ў бацькоў тут ёсць бізнэс, дзеці прадоўжаць іхнюю справу. Маладым патрэбны стартавы капітал – гэта складанае пытанне. Думаю, ім проста не трэба перашкаджаць. Сын майго знаёмага пачынаў з таго, што набываў джынсы, фарбаваў іх, рабіў прынты. І гэта спадабалася ягоным сябрам і знаёмым. Ягоныя джынсы сталі набываць, заказваць з Менска. Я думаю, калі-небудзь мы пачуем пра новы папулярны брэнд з Шаркаўшчыны, – усміхаецца суразмоўца.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках