24 красавiка 2024, Серада, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віціс Юрконіс: Беларускія ўлады самі сябе загналі ў тупік

1
Віціс Юрконіс: Беларускія ўлады самі сябе загналі ў тупік
ВІЦІС ЮРКОНІС
ФОТА: DELFI

Крэмль тэстуе некалькі сцэнароў што да Лукашэнкі.

Планы Крамля ў дачыненні да Беларусі становяцца ўсё больш і больш трывожнымі. На днях прэм'еры Беларусі ды Расеі падпісалі дакумент, рэалізацыя якога фактычна ператворыць Беларусь у васальную дзяржаву. На просьбу Charter97.org сітуацыю пракаментаваў Віціс Юрконіc, выкладчык Інстытута міжнародных дачыненняў і паліталогіі Віленскага ўніверсітэта.

- Як бы ацанілі «праграму дзеянняў Беларусі ды РФ у рэалізацыі раздзелаў дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы», якую некалькі дзён таму падпісалі прэм'ер-міністры РФ і Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас?

- А ў чым тут сенсацыя? Гэта адзін з многіх эпізодаў расейска-беларускіх стасункаў. Калі хтосьці цяпер занепакоіўся і хоча вывесіць чорны сцяг, то такіх магчымасцяў было дастаткова і раней, прычым не адзін раз. Хочацца спытаць у такіх занепакоеных - дзе вы былі тады?

- Якія могуць быць наступствы для Літвы?

Пытанне ў тым, наколькі ўсё, што змяшчаецца ў гэтым дакуменце, можна рэалізаваць у прадугледжаны тэрмін. Я думаю, што будзе яшчэ шмат выказванняў, ваганняў, але, вядома, сама сутнасць ад гэтага не зменіцца - дачыненні паміж Расеяй і Беларуссю - балота, дзе будзеш занадта шмат рыпацца - дрэнна, не будзеш нічога рабіць - таксама дрэнна.

- Беларусь захавае незалежнасць?

- Калі я добра памятаю маё інтэрв'ю Паўлу Шарамету ў 2014 годзе, я ўжо тады казаў, што Беларусь дэ факта акупаваная краіна. Энэргетычная, эканамічная залежнасць, вайсковы хаўрус, інфармацыйная прастора, дамінаванне расейскай мовы - усё гэта прысутнічае. У выпадку, калі гэта пытанне толькі ўлады Аляксандра Лукашэнкі, то тады акупацыі дакладна не абмінуць.

Незалежнасць немагчыма захаваць, калі абапірацца толькі на аднаго чалавека, на адну пазіцыю. Прафесар Вітаўтас Ландсбергіс у Літве з'яўляецца сімвалам шляху да незалежнасці, але ён быў часткай «Саюдзіса», а «Саюдзіс» падтрымлівалі сотні тысяч літоўцаў. Асабіста я б звязваў больш надзей з мэтанакіраванай працай і кантактамі з насельніцтвам, чым чакаў якіх-небудзь эфектаў ад дыялогу з адным чалавекам.

- Спачатку была Сакартвела, потым Украіна, цяпер Беларусь?

- Усе паралелі з Сакартвела або Украінай мне здаюцца штучнымі. Гэтыя краіны, ці як мінімум частка насельніцтва там змагаюцца кожны дзень за сваю незалежнасць і кожны дзень плацяць цану за гэтую барацьбу. Беларускія ўлады самі сябе загналі ў тупік, бо не хацелі нічым ахвяраваць. Праз еўраатлантычную аспірацыю дзеянні Крамля ў дачыненні да Тбілісі і Кіева былі нашмат больш жорсткімі. Навошта ваяваць з Беларуссю, калі паступовая, паўзучая акупацыя была даволі эфектыўнай, а супраціву з боку афіцыйнага Менску амаль не было?

- Крэмль часта пры дапамозе дэзінфармацыі затуляе свае сапраўдныя намеры, так было ў мінулым стагоддзі, калі выявілася, што ў пакта Молатава-Рыбентропа былі сакрэтныя пратаколы...

- Мяркую, што гэта ўсяго толькі спроба ацаніць становішча як у Беларусі, так і суседніх краінах. Колькі ўвагі апынецца прыкаванай да гэтай праграмы, будзе істэрыка ці не, ну і гэтак далей. Аднак я ані не сумняваюся, што з боку Крамля паралельна распрацоўваюцца і іншыя магчымыя дзеянні, і адпаведныя крокі. Але зноў жа я б заклікаў да таго, што не варта памыляцца - усё гэта адбываецца больш, чым дзясятак гадоў.

- Адыёзны расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі заявіў аб тым, што Маскве неабходна далучыць Украіну і Беларусь. Ці значыць гэта, што Крэмль адкрыта заяўляе аб тым, што гатовы пашырацца да межаў Еўрапейскага Звязу?

- Ці існуе такая тэорыя, што Жырыноўскі загадзя агучвае, тое што ў будучыні мае намер распачаць Крэмль. Думка пра тое, што Беларусь - наступная пасля Украіны, агулам далёка не новая і з'яўляецца даволі папулярнай у еўраатлантычнай супольнасці. Рыторыкі (зрэшты, яе Беларусь мяняе ледзь не кожны дзень) Менска недастаткова, патрабуюцца рэальныя крокі, якія пакажуць, што ёсць не толькі жаданне але і дзеянні, якія напраўду пакажуць, што Беларусь хоча дыстанцыявацца ад Крамля. Пакуль што ўсё выглядае як PR або спробы падняць сабе кошт (крэдыты, субсідыі і іншае).

Аб размове што да планаў Крамля: Масква арудуе не толькі ля межаў Еўрапейскага Звязу, але і ўнутры ЕЗ. Крэмль тэстуе мноства варыянтаў у розных краінах: ад Беларусі да такіх краін ЕЗ, як Італія. Асноўнае пытанне ў тым, чаму Беларусь павінна быць нам важнейшай, чым краіны ЕЗ, а таксама, што сама Беларусь зрабіла, каб уплыў Крамля за апошнiя дзесяць гадоў стаў меншым?

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках