18 красавiка 2024, Чацвер, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Баста!»: Інтэграцыя Беларусі ды РФ - гэта як інтэграцыя птушкі ды клеткі

11
«Баста!»: Інтэграцыя Беларусі ды РФ - гэта як інтэграцыя птушкі ды клеткі

Беларусы занепакоеныя «інтэграцыйнымі» гульнямі кіраўнікоў Беларусі ды Расеі.

Падпісчыкі тэлеграм-канала «Баста!» ўсё часцей звяртаюць увагу ў сваіх лістах на рост пагрозы страты нават той фармальнай незалежнасці краіны, якая ёсць на гэты час. Публікуем адзін з лістоў:

- Цягам усяго тэрміну сваёй злаякаснай узурпацыі Лукашэнка выкарыстаў Канстытуцыю РБ як джына з чароўнай лямпы: ён служыў толькі ягоным інтарэсам і прыхамацям, і выконваў толькі ягоныя жаданні, зневажальна прагінаючыся пад яго высмактанымі з пальца дэкрэтамі і законамі. Чвэрць стагоддзя нязменны старшыня цынічна матросіў свабоду, годнасць, самабытнасць і легітымную Канстытуцыю Беларусі і нарэшце, на старасці гадоў, вымушаны (а хутчэй - прымушаны) усё гэта кінуць. Але не проста пакінуць на волю прагрэсу і шчасця самавызначэння, а збыць, здаць у палон Расеі, у карыстанне верхаводам маскоўскага Крамля. І гэтая подлая здача цэлай краіны, з людзьмі, і ўсімі сацыяльна-эканамічнымі ды інфраструктурнымі трыбухамі, хітра названая здраднікамі і набытчыкам «інтэграцыяй». І, прынамсі, на гэтым этапе, - «паглыбленай інтэграцыяй».

Хтосьці спытае змоўніцкім голасам: «А чаму «інтэграцыя»?» І неадкладна атрымае адказ: «Каб ніхто не здагадаўся!»

Адкінем ілжывыя ілюзіі: інтэграцыя Беларусі ды Расеі - гэта як інтэграцыя птушкі і клеткі. Прычым, патрапіць у яе непараўнальна прасцей, чым пасля вырвацца.

Мы ўсе рызыкуем раптам ператварыцца з закладнікаў дыктатара ў рабоў і палітычнае ўгнаенне суседа. Ці варта казаць, што пры іншых роўных - у закладнікаў заўсёды больш шанцаў на вызваленне. Бо можна, у крайнім выпадку, моўчкі і мірна перажыць Лукашэнку, але сапраўды нельга будзе мірна сысці з расейскага палону.

Уся гэтая аперацыя асабліва небяспечная падступнай тактыкай яе ўвасаблення. Паступовасць, закуліссе, падача пад соусам прафесійнай ілжывай рыторыкі. У выніку, траянскім канём укаціць у наш агульны дом сапраўдную нацыянальную катастрофу. І калі гэта здарыцца, - развязання праблемы ўжо не ўбачыць ніхто з тых, хто жыве сёння. Польшчы ў свой час спатрэбілася 120 гадоў, каб скінуць з сябе расейскае ярмо.

Мы павінны сказаць сабе рашуча і адкрыта: Беларусь - гэта мы і нашы дзеці. Наша сучаснасць і будучыня. Наша, абмежаваная дыктатарскім маразмам і пакамечаная АМАПам і цэрберамі ў цывільным, свабода. Маленькая, але ўсё ж жывая і сапраўдная свабода. Мы абавязаныя зберагчы яе.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках