19 красавiка 2024, Пятніца, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам абмяжоўваюць выезд за мяжу з любой нагоды

57
Беларусам абмяжоўваюць выезд за мяжу з любой нагоды
ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА

Юрыст апавёў, што адбываецца.

Сям'я з Віцебска сутыкнулася з абмежаваннем на выезд за мяжу для свайго 15-гадовага сына, якога ўжо ў гэтым узросце ваенкамат мяркуе ваеннаабавязаным.

Сяргей Матулін і ягоная сям'я надумалі рэпатрыявацца (з'ехаць на сталае месца жыхарства) у Ізраіль. Бацькі хлопчыка хацелі, каб перад ад'ездам сын атрымаў пашпарт серыі РР, але ў ваенкамаце не выдалі патрэбную для гэтага даведку. «Сказалі, раз ён ваеннаабавязаны, значыць, нельга. Але які ён ваеннаабавязаны, яму ўсяго 15?» – абураецца бацька падлетка.

Сітуацыю для сайта Charter97.org пракаментаваў старшыня юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Гары Паганяйла.

– Як Вы пракаментуеце дзеянні ваенкамата ў Віцебску?

– Я пакуль яшчэ не вёў падобных справаў, але ў любым выпадку: дзеянні супрацоўнікаў ваенкамата можна абскардзіць. Спачатку – іх непасрэднаму кіраўніку, а потым – у пракуратуру і суд.

Да суду, вядома, трэба будзе рыхтавацца і запрасіць дасведчанага адваката, які дапамог бы разабрацца ў дзейным заканадаўстве і тонкасцях гэтай сітуацыі.

– У бацькоў падлетка няма перашкоды на выезд за мяжу. Ці можна назваць такую практыку разлучэннем сям'і?

– Разумееце, складанасць сітуацыі ў тым, што з 14 гадоў падлеткі ўжо маюць пэўныя правы і нясуць пэўныя абавязкі. Калі б мы мелі справу з дзіцем – то так, сітуацыю было б прасцей развязаць на карысць сям'і, а так гэта ўжо не зусім дзіця.

Таму тут сітуацыя неадназначная. Так, тут можна апеляваць да правоў дзіцяці і цэласнасці сям'і. Але ў такім узросце наступаюць і правы грамадзяніна, які ўжо мае, хай і абмежаваную, працэсуальную праваздольнасць і ў шэрагу юрыдычных выпадкаў можа дзейнічаць самастойна, без удзелу бацькоў.

Але не ў гэтым рэч. Рэч у тым, што калі ў дзяржаве існуюць такога кшталту абмежаванні, то іх трэба даследаваць з любых пунктаў гледжання – і інтарэсаў падлетка ў першую чаргу. І ў сукупнасці ўсіх аргументаў суд зможа вынесці пастанову. Але бацькам падлетка давядзецца рыхтавацца да такога працэсу – каб найбольш поўна абараніць свае правы і правы свайго дзіцяці на іншае месца жыхарства.

– Гэтая сітуацыя ўзнікла незадоўга пасля прымання ў Беларусі новага «Закону аб адтэрміноўцы»...

– Гэты выпадак не мае прамога дачынення да «Закону аб адтэрміноўцы». Тым не менш падлетак ужо ўступіў у той узрост, які цікавіць менавіта ваенныя камісарыяты. Гэта не прызыўны, а дапрызыўны ўзрост, але ўжо ў гэтым узросце юнакоў ставяць на ваенны ўлік у ваенкаматах.

Таму ваенкаматы імкнуцца абмежаваць магчымасць для выезду на СМЖ у іншую дзяржаву, і напрыклад у Ізраіль.

Я думаю, што сітуацыя ў Віцебску – гэта не першы выпадак у Беларусі. Таму сям'і падлетка я раю сабраць інфармацыю і высветліць, як выходзілі з сітуацыі бацькі ў іншых выпадках.

– Ці могуць з падачы Мінабароны і ваенкаматаў увесці абмежаванні на выезд хлопчыкам і падлеткам нават у мэтах турызму або наведвання сваякоў?

– Не магу казаць за нашы дзяржаўныя органы, у тым ліку за ваенную ўстанову. Але можна сцвярджаць, што дзяржава сёння перашкаджае выездам людзей за мяжу на любых падставах – асабліва калі беларусы пакідаюць Айчыну, таму што ў ёй няўтульна.

Гэта ўжо набывае характар заканамернасці, і праблема перайшла з юрыдычнай плоскасці ў палітычную. У краіне не створаны рэжым найбольшага спрыяння для ўласных грамадзянаў. І ў сферы працоўнай, і ў сацыяльнай, і ў навучанні, і ў набыцці прафесіі ёсць сур'ёзныя адставанні ад заходніх краінаў – і людзі выкарыстоўваюць сітуацыю, у тым ліку права на выезд, каб пакінуць Беларусь.

І тое, што дзяржава сёння занепакоеная вялікай колькасцю выездаў – гэта яе праблема. Хай улады яе вывучаюць і спрабуюць зрабіць так, каб людзям у нашай краіне жылося лепш, чым недзе. І тады гэтыя праблемы самі сабой адпадуць.

– У Лукашэнкі не раз праслізгвалі ідэі пра афіцыйнае абмежаванне выезду беларусаў за мяжу...

– Так, была калісьці такая ідэя – увесці мыту 100 даляраў на выезд за мяжу.

– Ці не падаецца Вам, што ўлады патроху спрабуюць аднавіць «жалезную заслону»?

– Наўрад ці ў іх гэта атрымаецца. Сёння нават калі камусьці вельмі хочацца аднавіць «жалезную заслону», у яго нічога не атрымаецца. Проста не атрымаецца – і ўсё.

Бо самі ж улады хочуць прывабіць як мага больш турыстаў і іх грошай звонку. А значыць, трэба будзе адкрыць для нашых грамадзянаў іншыя краіны, дзе яны маглі б свабодна перамяшчацца і адпачываць у якасці турыстаў.

Акрамя таго, без адкрытых межаў для перамяшчэння капіталаў і інвестыцый уладам будзе вельмі нядобра. Яны не дарма сёння так шмат гавораць на гэтыя тэмы. А гэта вядзе да свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і тавараў. Беларусь уступае ў СГА – а там свае стандарты адкрытасці, і схавацца за «жалезнай заслонай» не атрымаецца.

Так, можна ставіць «рагаткі» ў дачыненні да асобных катэгорый нашых грамадзянаў. Але апусціць заслону сёння практычна немагчыма.

– Навошта тады ставіць гэтыя самыя «рагаткі»?

– Дзяржава сама сабой у шэрагу выпадкаў дзейнічае непапулярна, пераследуючы свае карыслівыя інтарэсы.

Але калі яна дэмакратычная і прававая, яна будзе старацца шукаць кампрамісы і баланс – з тым, каб і задавальняць інтарэсы грамадзянаў, і шукаць шляхі да захавання сваіх інтарэсаў.

У свабодных краінах пытанне захавання сваіх грамадзяназ развязваецца цывілізавана – у тым ліку з падключэннем матэрыяльных і сацыяльных стымулаў. І людзі з задавальненнем жывуць у тых ці іншых краінах. Напрыклад, вельмі добра жывецца ў Швэйцарыі ці ў краінах Паўночнай Еўропы – Швэцыі, Фінляндыі, Нарвегіі.

Так што калі беларускія ўлады зацікаўленыя, каб грамадзяне заставаліся ў краіне, няхай бяруць прыклад з гэтых дзяржаваў.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках