14 лiстапада 2019, Чацвер, 15:35
Добрая навіна
Рубрыкі

Хто стукаецца ў акенца Цал Дзір Біе?

27
Хто стукаецца ў акенца Цал Дзір Біе?

Заслона таямніцы ледзь прыкметна прыадкрылася.

Але выбуху праведнага гневу не было. Асобныя галасы абураных грамадзян сутнасці не зменяць. Наўрад ці камусьці тут яшчэ незразумела, што краінай ужо гандлююць. Нахабна і адкрыта. А чаго саромецца? Публікацыя вядомай маскоўскай газеты пра найбліжэйшыя планы «паглыбленай інтэграцыі», а дакладней, пра пачатак актыўнай фазы паглынання нашай краіны вечна галодным суседам, сенсацыяй не стала. Хваля пратэстаў не паднялася. І калгасны вылучэнец, які падмяў пад сябе ўсю ўладу, пайшоў напралом.

Перш за ўсё, ён рашуча змяніў імідж. Усё лета прыдворная тэлевізія ўпіхвала электарату вобраз мудрага гаспадара, амаль філосафа. Ён зусім не той, што раней. Перад камерай доўга трымае паўзу. Вымаўляе цяжкія, часам грубыя словы. Але кожнае - на вагу золата. Усё ведае. Усё ў яго пад кантролем. З усякай сітуацыі выкруціцца і нават з беспрасветнага балота выйдзе сухім. Дык ці варта надаваць значэнне дзіўнай валтузні і цяжкаму сапенню на нашай ўсходняй мяжы?

Водгукі палітыкаў, эканамістаў і ўсіх іншых, якія звярнулі ўвагу на гэтую быццам бы трывожную публікацыю, поўныя сарказму і нястрымнага аптымізму. І не такое бывала. І адзінай валюце прызначалі канкрэтны тэрмін. І наднацыянальныя органы ўжо мроіліся няўхільна. І войскі, якія прыйшлі сюды з усходу на манеўры, маглі злёгку тут затрымацца. А ў выніку што? Усё той жа нуль. Вялікі. Авальны. Гарант азартны і хітры. Выкруціцца і на гэты раз. Абвядзе падступнага суседа вакол пальца.

Толькі чаму на Захадзе раптам занепакоіліся? За кароткі тэрмін – два візіты высокапастаўленых чыноўнікаў са Злучаных Штатаў. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус таксама не абышоў увагай быццам бы нязначны факт публікацыі неафіцыйных звестак аб першых выніках інтэграцыйных гульняў. «Насамрэч я згодны з некаторымі палітолагамі, якія сцвярджаюць, што ніхто не можа адмаўляць, што ёсць пэўныя сакрэтныя пратаколы ў пагадненні». Занепакоенасць зразумелая. Літве добра вядома, чым заканчваюцца пагадненні двух падазроных суб'ектаў, калі адбываецца гэта ўсё ў глыбокай таямніцы.

А вось польскі журналіст Анджэй Ламаноўскі, у якога немалы досвед працы ў Маскве, складаныя завіхрэнні ў дачыненнях крамлёўскай эліты і яе менскага хаўрусніка прадстаўляе ва ўсёй паўнаце і несуцяшальнай рэальнасці. Ягоны артыкул у газеце «Rzeczpospolita» з нагоды магчымага развіцця падзей ніякіх ілюзій не пакідае. «Ужо неўзабаве можам межаваць па Бузе з іншым суседам, чым цяпер. Расея павольна, але паслядоўна праглынае Беларусь...відавочна, лёс Менска ўжо вызначаны. Лукашэнка, раней ці пазней, пойдзе на такія стасункі, якіх пажадае Крэмль. Ніхто яму не дапаможа, ніхто не захоча фінансаваць банкрута».

Прагноз беспрасветны і да крайнасці крыўдны. Але што тут можна запярэчыць? Тутэйшая ўлада не горш за іншых ведае, чым можа скончыцца новы этап гульняў у інтэграцыю. Але выйсця іншага не бачыць. І калі ўсходнія партнёры спрытна пракруцілі фокус з падатковым манеўрам, пацярпелыя нічога іншага прыдумаць не змаглі, як толькі працягнуць руку і жаласна клянчыць кампенсацыю. Адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў выказаўся на гэты конт з гранічнай шчырасцю: без гэтай кампенсацыі нам не выжыць. Ці разумеюць яны самі, у што ўцягнуліся і куды прывялі краіну?

Добра, усякія там публіцысты, эканамісты, журналісты выказваюць самыя розныя меркаванні. Часам зусім нецярпімыя. Але чалавек, які стаіць нязменна чвэрць стагоддзя ля стырна дзяржавы, павінен бачыць цалкам рэальную небяспеку. І рэагаваць імгненна. Што ж ён?

А ён усё бачыць. І рэагуе імгненна. Толькі з Алімпійскіх вышынь ЦАЛ ДЗІР БІЕ небяспека бачыцца зусім не там, дзе спрабуюць яе выявіць згаданыя вышэй назіральнікі і іншыя аналітыкі – свае і чужыя. «Сённяшняя перадвыбарчая вакханалія, інакш яе не назавеш, перад парламенцкімі выбарамі кажа аб тым, што гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў».

Які жах! І хто гэтыя выбары выдумаў? Сядзіць сабе кіраўнік унікальнай вертыкалі, прымае наследных прынцаў і іншых высокапастаўленых гасцей з далёкіх краін, вызначае, дзе павінен з'явіцца чайна-таўн, як прыстрашыць школьнікаў, якія злоўжываюць гаджэтамі, а тут раптам, як снег на галаву, «выбары». За якія грахі?..

Чаго ж яшчэ баяцца ў гэтым свеце беларусам, калі не гэтых «выбараў» - палатачных, а потым і прэзідэнцкіх? Нібыта ўсё схоплена, стабільнасць бязмежная і ніякай падставы для трывогі няма. Але гэты свет непрадказальны. А раптам сітуацыя выйдзе з-пад кантролю і галасы пачнуць лічыць сур'ёзна. І што тады?

Вось і даводзіцца глядзець у бок усходняга хаўрусніка, у якога наспяваюць такія праблемы, толькі пазней. А мажліва, не такі ўжо і страшны гэты саюз, да якога ўпарта і настойліва прымушаюць крамлёўска-лубянскія браты? Вядома, як бывала ўжо на іншых кірунках, з усходу могуць папросту прыйсці бронетранспарцёры, а следам - марадзёры. Наступствы вядомыя. Аднак прадбачлівы Пуцін цалкам мог паабяцаць, што з Драздоў і іншых апорных пунктаў высяляць не будуць. Дык чаго тут баяцца? Куды страшней уласны народ, цярпенне якога аднойчы абавязкова скончыцца. У дваццаць першым стагоддзі ў Еўропе сорамна жыць на заробак 200-300 рублёў і цярпліва чакаць, што калі вельмі пашанцуе, калі-небудзь ён можа вырасці да абяцанай нязменным вертыкальшчыкам тысячы ўсё тых жа няўстойлівых рублёў.

Яшчэ савецкія фантасты заўважылі калісьці, што вельмі цяжка быць богам. А быць апошнім з дыктатараў - наогул кашмар. Якой бы лютай і пільнай ні была ягоная персанальная ахова, рана ці позна ў найвышэйшае акно абавязкова пастукаюцца выбары. Не тыя, якія ў патрэбны бок накіроўвае старанная і беспрынцыповая прыдворная абслуга. А менавіта тыя, сапраўдныя. Акрэсленыя выразна Канстытуцыяй, на якой кіраўнік калісьці кляўся.

І што тады ён зможа падаць у апраўданне свайго такога доўгага сядзення на вяршыні нязграбна выбудаванай і ганебна пакорлівай вертыкалі? Хіба толькі гэтую адыёзную саюзную дамову ў яе новай рэдакцыі.

І на гэта яму спатрэбілася чвэрць стагоддзя?

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org