19 красавiка 2024, Пятніца, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем беларускіх ратуш, якія сьведчаць пра эўрапейскае мінулае краіны

Сем беларускіх ратуш, якія сьведчаць пра эўрапейскае мінулае краіны

Беларусь заўсёды належала да цывілізацыі Захаду.

Драўляныя і каменныя ратушы паўставалі ў гарадах ВКЛ, адзначаных Магдэбурскім правам, з XIV стагодзьдзя. Двухпавярховы будынак зь вежай і гадзіньнікам быў сымбалем гарадзкіх свабодаў. Займала яго новая выбарная ўлада — магістрат. Права на самакіраваньне мелі каля 60 беларускіх гарадоў і мястэчак. Да гэтай пары адрэстаўраваныя або цалкам адбудаваныя ратушы стаяць у сямі зь іх, перадае Радыё Свабода.

Менская ратуша — яе адмовіліся разьбіраць гараджане

Менск у ліку першых сярод гарадоў ВКЛ атрымаў Магдэбурскае права. Прывілей на самакіраваньне вялікі князь Аляксандар падпісаў 14 сакавіка 1499 году. Каменная ратуша зьявілася на цэнтральнай плошчы ў пачатку XVII стагодзьдзя і, паводле падарожніка Бэрнгарда Танэра, была «галоўным упрыгожаньнем пляцу». У ратушы адбываліся сходы магістрату, суд, тут захоўваліся архіў, гарадзкі герб і пячатка. Пазьней ратуша стала каланчой, падчас кампаніі 1812 году ў ёй быў склад правіянту. Пра гэта пісаў у «Прыгодах брыгадзіра Жэрара» Конан Дойл.

Каб ратуша не нагадвала гараджанам пра былыя прывілеі, яе разбурылі на загад расейскага ўраду за некалькі гадоў да паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Гараджане царскі загад сабатавалі. Сымбаль свабоды разьбіралі вязьні Пішчалаўскага замку. Цэгла з ратушы пайшла на брукаваньне вуліц, драўляныя перакрыцьці — на альтанкі ў гарадзкім парку, дах — на таблічкі для дамоў.

Адбудоўваць гістарычны будынак пачалі ў 2002 годзе паводле праекту XVIII стагодзьдзя. Цяпер у ратушы — музэй гісторыі Менску, заля для прыёму ганаровых гасьцей і канфэрэнц-заля. 32-мэтровую вежу ўпрыгожваюць герб гораду і гадзіньнік, які кожную гадзіну пачынае мэлёдыяй прыпеву «Песьні пра Менск» Ігара Лучанка. У летні сэзон у Верхнім горадзе каля ратушы адбываюцца канцэрты жывой музыкі.

Віцебская ратуша — самая ўсходняя ў Эўропе

Віцебск карыстаўся Магдэбурскім правам з канца XVI стагодзьдзя, за выключэньнем некалькіх дзесяцігодзьдзяў пасьля забойства Язафата Кунцэвіча. Каменную ратушу ў горадзе ўзьвялі ў 1775 годзе за адзін будаўнічы сэзон. Яна была самай усходняй у Эўропе.

У розныя часы ў віцебскай ратушы месьціліся гарадзкая ўправа, паліцыя, суд, гаўптвахта і пажарны двор. На патрэбу пажарных на вежы збудавалі ратонду, для гарадзкой управы ўзьвялі трэці паверх. Гадзіньнік на вежы паказваў час на чатыры бакі сьвету і біў кожныя паўгадзіны. У 70-я гады ХХ стагодзьдзя апоўдні з ратушы гучалі першыя радкі прыпеву песьні Алоўнікава і Бачылы «Радзіма мая дарагая».

Цяпер гістарычны будынак заняты віцебскім краязнаўчым музэем. У цёплы сэзон наведнікаў пускаюць на пляцоўку агляду на вежы. Вышыня ратушы са шпілем — 46 мэтраў. Летам на балькон ратушы выходзіць скрыпачка і выконвае папуры з францускіх, яўрэйскіх і беларускіх мэлёдый. Неўзабаве на вежы будзе штодзённа граць трубач.

Магілёўская ратуша — узарваная і адбудаваная

Асноўны корпус мураванай ратушы ў Магілёве ўзьвялі ў 1681 годзе — праз стагодзьдзе пасьля наданьня месту Магдэбурскага права. Будынак меў васьмігранную і пяціярусную вежу, вышыня якой разам са шпілем складала 46 мэтраў. Ратуша была найвышэйшым збудаваньнем у горадзе.

Пасьля скасаваньня гарадзкіх магістратаў у магілёўскай ратушы месьціліся розныя службы. Будынак выкарыстоўваўся як імпэратарская радыёстанцыя і як каланча. У гады Другой усясьветнай вайны ратуша была моцна пашкоджаная. У 1957 годзе помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ўзарвалі.

У адноўленай ратушы месьціцца музэй гісторыі Магілёва. Сярод музэйных каштоўнасьцяў — Статут ВКЛ 1588 году, выдадзены на старабеларускай мове ў віленскай друкарні Мамонічаў. І «Апостал», надрукаваны ў 1632 годзе магілёўскім першадрукаром Сьпірыдонам Собалем. Аздобленая гадзіньнікам вежа ратушы мае аглядную пляцоўку, адкуль Магілёў відаць як на далоні.

Нясьвіская ратуша — самая старая

Магдэбурскае права Нясьвіжу надаў у 1586 годзе сваім прывілеем кароль і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторы. Празь дзесяць гадоў у цэнтры Нясьвіжа зьявіўся двухпавярховы будынак з шасьціяруснай вежай, гадзіньнікам і агляднай пляцоўкай.

На першым паверсе нясьвіскай ратушы былі важніца і канцылярыя пісара, у падвалах — турма і пакой для варты, склад зброі і пажарнага рыштунку. Другі займалі заля рады, судовая заля, скарбніца, кабінэты войта і бурмістраў, архіў з дакумэнтацыяй і прывілеямі. Вакол ратушы цягнуліся гандлёвыя рады з крамамі-ячэйкамі. Пасьля пажару 1836 году ацалелыя памяшканьні займалі гарадзкая дума і паліцыя. У колішняй залі рады адбываліся набажэнствы, пазьней ставіліся спэктаклі. Пасьля вайны ратуша была домам культуры і піянэраў, а таксама бібліятэкай.

Цяпер помнік архітэктуры канца XVI стагодзьдзя клапатліва адрэстаўраваны. Нясьвіская ратуша — самая старая сярод падобных будынкаў у краіне. Яна ўваходзіць у склад гісторыка-культурнага музэю-запаведніку «Нясьвіж». Разьмешчаная ў ратушы экспазыцыя прысьвечаная гісторыі гарадзкога самакіраваньня. На першым паверсе — дзіцячы адукацыйны цэнтар з тэатрам-батлейкай.

Слонімская ратуша — строга сымэтрычная, бязь вежы

Слонім атрымаў Магдэбурскае права ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога ў 1531 годзе. Каменная ратуша была збудаваная на Рынкавай плошчы ў сярэдзіне ці другой палове XVIII стагодзьдзя. Строга сымэтрычны цяпер будынак ня раз перабудоўваўся, але дагэтуль захаваў рысы барока. Вежы — традыцыйнага сымбалю вольнасьці гораду — на слонімскай ратушы няма. Магчыма, яна была на папярэднім драўляным будынку.

У ратушы месьціліся пакоі магістрату, заля для пасяджэньняў, суд, гаўптвахта і архіў. Пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны і да канца 1980-х гадоў гістарычны будынак займаў гарвыканкам. У 1988 годзе ў ратушу пераехала раённая бібліятэка. З гэтай нагоды на шкле аднаго з вокнаў зьявіўся партрэт Якуба Коласа.

З прычыны адсутнасьці дакумэнтаў гісторыя слонімскай ратушы дасьледаваная мала. І цяпер у некаторых гісторыкаў ёсьць сумненьні, ці быў будынак сёньняшняй бібліятэкі галоўным сярод прылеглых да ратушы збудаваньняў, якія некалькі стагодзьдзяў таму ўтваралі на плошчы замкнёны дворык.

Шклоўская ратуша — найвялікшая па плошчы

Шклоў атрымаў Магдэбурскае права ў 70-я гады XVI стагодзьдзя. Каменная двухпавярховая ратуша з вальмавым дахам, двух’яруснай вежай, гадзіньнікам, звонам і шпілем зьявілася на цэнтральнай плошчы мястэчка на два стагодзьдзі пазьней. Гандлёвыя рады на 120 крамаў утваралі вакол ратушы замкнёны дворык.

За савецкім часам месца магістрату ў шклоўскай ратушы занялі пажарная служба і дзяржаўны банк. Занядбаны гістарычны будынак адбудавалі ў 1999-м. Цяпер гэта найвялікшы па плошчы ратушны комплекс у краіне — усе пабудовы займаюць больш за чатыры тысячы квадратных мэтраў.

Былыя гандлёвыя рады аддадзеныя шклоўскай гімназіі. У ратушы вышынёй 43 мэтры арганізаваны школьны музэй. У яго архіве зьберагаюцца гістарычныя зьвесткі і паданьні пра тутэйшую ратушу. У мястэчку вераць пра ня знойдзеныя ў яе падзямельлях каштоўнасьці Адама Чартарыскага, гаспадара Шклова, які не прысягнуў імпэратрыцы пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай і выехаў за мяжу.

Чачэрская ратуша — зь пяцьцю драўлянымі вежамі

У 1510 годзе прывілеем Жыгімонта Старога Чачэрск у міжрэччы Дняпра і Сажа стаў магдэбурскім местам. Каменная ратуша зьявілася тут у XVIII стагодзьдзі. Да яе больш за 200 гадоў вядуць усе тутэйшыя дарогі.

Чачэрская ратуша спалучае рысы клясыцызму і нэаготыкі — яна была цэнтрам «ідэальнага» паселішча расейскага графа Захара Чарнышова, які пачаў перабудоўваць мястэчка ў 1774 годзе, пасьля далучэньня да Расеі. Будынак ратушы незвычайны тым, што, акрамя цэнтральнай, над ім узвышаюцца яшчэ чатыры вуглавыя драўляныя вежы. У Другую ўсясьветную вайну ў ратушы разьмяшчалася гестапа. У пасьляваенны час — пажарная служба і сельскагаспадарчы тэхнікум.

Ратушу ў Чачэрску адрэстаўравалі ў 2003 годзе. Праз год у ёй адкрыўся гісторыка-этнаграфічны музэй. Сярод дзясяткаў абразоў пазамінулага стагодзьдзя тут зьберагаецца абраз заступнікаў бортніцтва Засіма і Савація Салавецкіх: здаўна жыхары Чачэрску выраблялі на продаж воск зь мёду дзікіх пчол. Таксама ў ратушы адрадзілі тэатар графа Чарнышова XVIII стагодзьдзя.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках