24 красавiка 2024, Серада, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

А ці быў хлопчык?

19
А ці быў хлопчык?
ВАЛЕРЫЙ КАРБАЛЕВІЧ

Прапановы Лукашэнкі што да Украіны працуюць на Расею.

У пачатку сустрэчы з украінскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мы ўпершыню, на жаль, сустракаемся ў фармаце наўпроставай гутаркі з прадстаўнікамі такіх буйных сродкаў масавай інфармацыі Украіны». Тут беларускага кіраўніка трохі падводзіць памяць. Такая сустрэча была 23 лістапада 2006 года. Тады цэлы дэсант украінскіх журналістаў вазілі па краіне, а потым перад імі выступіў Лукашэнка. Гэтая сустрэча памятная тым, што тады Лукашэнка прапанаваў Украіне хаўрус супраць Расеі. Маўляў, па тэрыторыі нашых краін адбываецца транзіт расейскіх энэргарэсурсаў у Еўропу, нам трэба было б дамовіцца аб тарыфах і выступіць з агульнай пазіцыяй на перамовах з РФ.

Варта адзначыць, што такіх вострых пытанняў, якія задавалі прадстаўнікі ўкраінскіх СМІ, расейскія і беларускія журналісты Лукашэнку не задаюць. Закранулі шмат розных тым, усе аспекты беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва.

Але, здаецца, галоўным пытаннем, звышзадачай Лукашэнкі падчас гэтай сустрэчы было імкненне вярнуць Беларусь, Менск, самога кіраўніка Беларусі ў цэнтр ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. Бо апошнім часам беларуская сталіца паволі выпадае з гэтай ролі. Вось плануецца, што чарговы саміт у «нармандскім фармаце» мусіць адбыцца ў Парыжы.

Аб гэтай ідэі вяртання міратворчай ролі Менску ён казаў у некалькіх ракурсах. І, як гэта часта з ім бывае, у выглядзе адмаўлення: «Мы не будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, пасярэднікі. Гэта ўвогуле выключана». І ў той жа час у ягоных словах прыкметная пэўная крыўда: «Калі гэта трэба будзе, мы гатовыя адыграць пэўную ролю. Але пакуль і такія прапановы былымі кіраўнікамі Украіны адпрэчваліся». Няма адказу ад Масквы і Кіева на прапановы ўвесці на Данбас беларускія міратворчыя сілы.

Напраўду, Лукашэнка хацеў бы адыгрываць не нейкую сціплую «пэўную ролю» ва ўрэгуляванні крызісу вакол Украіны, а як раз галоўную, цэнтральную. Для павышэння сваёй значнасці ён чарговым разам распавядае гісторыю аб сваім плане, які даўно мог прывесці да міру на ўкраінскай зямлі, але той не быў прыняты: «Захаду я прапанаваў сваё бачанне ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, - адзначыў Лукашэнка. - І папярэдзіў Туска: «Калі вы не прымеце гэтую пазіцыю, я буду ведаць, што як мінімум у Еўропе ёсць людзі, зацікаўленыя ў канфлікце ва Украіне». Ён памаўчаў і сказаў: «Спадар прэзідэнт, мабыць, так». Пасля таго, як мы давялі ім наша бачанне, ніякіх зрухаў не адбылося».

У гэтым аповедзе - увесь Лукашэнка, з усімі амбіцыямі, міфалогіяй, схаванымі комплексамі непаўнавартасці.

Па-першае, Лукашэнка тут выступае ў якасці галоўнага персанажа канфлікту сусветнага маштабу. Ён у самым цэнтры, да яго па дапамогу звяртаюцца сусветныя лідары.

Па-другое, Лукашэнка, як звычайна, мае манаполію на ісціну. Колькі было спробаў, прапаноў, ідэй з нагоды ўрэгулявання канфлікту вакол Украіны. І ўсё марна. Адзіны план, які мог выратаваць украінскі народ, прапанаваў ён. Але ж у нашым злым свеце не цэняць мудрых палітыкаў.

Па-трэцяе, з гэтай гісторыі вынікае, што менавіта Захад, Еўропа не зычаць міру ва Украіне. І, паводле версіі Лукашэнкі, старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск гэта прызнаў.

Складваецца ўражанне, што ўся гэтая гісторыя пра геніяльны план Лукашэнкі падобная на міф. Бо ніхто пра гэтую прапанову нічога не чуў, ніякіх іншых слядоў гэтага плана нідзе не відаць. І калі гэта ўжо такі выбітны праект, то чаму сам Лукашэнка, МЗС, дзяржаўныя СМІ ніяк яго не прэзентуюць, не рэкламуюць? Ён жа добра кладзецца на вобраз Беларусі як дзяржавы-міратворца, донара бяспекі. Але ўсе чамусьці маўчаць. Таму ўзнікае лагічнае пытанне: а ці быў хлопчык? Дарэчы, цікава было б даведацца версію гэтай размовы ад спадара Дональда Туска.

Яшчэ адна важная паводле сэнсу рэпліка Лукашэнкі: «Забудзьцеся аб усякіх формулах. Сядзьце ва Украіне і паклічце тых, хто хоча міру, у тым ліку беларусаў. Мы, тры славянскія народы, павінны развязаць гэты канфлікт, бо гэта наш дом».

Тут тое ж самае, але ў іншай абгортцы. Як можа канкураваць нейкая формула (маецца на ўвазе «формула Штайнмаера») з планам Лукашэнкі? Хіба не зразумела, хто напраўду хоча міру?

Таму трэба адрынуць пасярэднікаў з Захаду, а ўсё развязваць у рамках «славянскага трыкутніка». Паколькі Расея і Украіна - бакі канфлікту, то адзіным мадэратарам, пасярэднікам, міратворцам можа быць толькі Беларусь. Як ні круці, а без Лукашэнкі ніяк.

Гэтая ідэя працуе на карысць Расеі. Бо без падтрымкі з боку Захаду Украіна не можа на роўных супрацьстаяць Расеі. Ва Украіне гэта разумеюць усе. Таму згаданая прапанова наўрад ці дадасць папулярнасці Лукашэнку ва Украіне.

Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках