20 красавiка 2024, Субота, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя змены ў ПДР: талон і сертыфікат ТА скасуюць?

34
Новыя змены ў ПДР: талон і сертыфікат ТА скасуюць?
Фота: onliner.by

Што яшчэ плануюць змяніць у ПДР.

У Правілы дарожнага руху могуць быць унесеныя сур'ёзныя змены і дапаўненні. Гэта датычыцца і электрасамакатаў, якім неабходна знайсці месца, і так званага правіла дзвюх палос, аб якім ужо раней паведамлялася, і забароны для матацыклістаў на рух на адным коле. Ва УДАІ МУС агенцтву «Мінск-Навіны» распавялі, якіх новаўвядзенняў можна чакаць.

Навінка: сродкі персанальнай мабільнасці

- У ПДР прапануецца ўвесці новы тэрмін «сродкі персанальнай мабільнасці», - распавёў старшы інспектар у асаблівых даручэннях УДАІ МУС Аляксандр Шаўчэнка. - Гэтыя прыстасаванні абсталёўваюцца рухавіком, максімальная хуткасць не павінна перавышаць 25 км/г. Яе мы можам без працы замяраць адмысловымі прыборамі. Калі тэхнічныя характарыстыкі дазваляюць разганяцца хутчэй, ездзіць на іх будзе забаронена. Выйсце адно - усталяваць абмежавальнік хуткасці. Уладальнікі такой тэхнікі будуць прыраўноўвацца да пешаходаў. Ездзіць яны змогуць па веласіпедных дарожках у тым выпадку, калі тыя аддзеленыя канструктыўна ад праезнай часткі. Пры адсутнасці веладарожак дапускаюцца паездкі на такіх прыладах па ходніках, пешаходных дарожках або абочынах, не ствараючы перашкоды іншым пешаходам.

Важнае ўдакладненне: перасякаць праезную частку дарогі праз наземны пешаходны пераход на сродках персанальнай мабільнасці, ролікавых каньках ці лыжах трэба будзе з хуткасцю пешахода. Што тычыцца раварыстаў, то ім дадуць магчымасць у некаторых выпадках не спыняцца на зебры, але пры ўмове, што пры пад'ездзе да скрыжавання з праезнай часткай кіроўца байка загадзя знізіць хуткасць і будзе ехаць не хутчэй, чым крочыць пешаход. Важна: спыняцца трэба толькі пры перасячэнні праезнай часткі на не рэгуляваным пешаходным пераходзе!

Правіла дзвюх палос

З увядзеннем так званага правіла дзвюх палос кіроўцы нарэшце зразумеюць, у якіх канкрэтных выпадках трэба прапускаць пешаходаў на зебры. А менавіта: калі адлегласць паміж пешаходам і аўто ў пункце меркаванай сустрэчы складае менш за дзве паласы (адна паласа і трамвайныя шляхі, адна паласа і раздзяляльная паласа або зона), трэба спыніцца і прапусціць.

Рух на адным коле забароняць?

ДАІ прапануе ўстанавіць забарону на рух на матацыкле, мапедзе на адным коле, не трымаючыся за стырно ці не трымаючы ногі на педалях або падножцы. Дарэчы, за гэта, як паказана ў артыкуле 18.14 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаны штраф ад 5 да 10 базавых адзінак і нават пазбаўленне пасведчання кіроўцы да шасці месяцаў. Забароняць таксама перавозку на такіх транспартных сродках, акрамя бакавога прычэпа, нецвярозых пасажыраў.

Зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху

Увядуць паняцце «Зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху». У месцах шчыльнай жылой забудовы прапануецца ўстанаўліваць хуткасць, не вышэйшую за 30 км/г. Адпадзе неабходнасць у размяшчэнні штучных няроўнасцяў, а таксама дадатковых знакаў, якія абмяжоўваюць хуткасць.

Менш дакументаў

Скарачаецца пералік дакументаў, якія кіроўца абавязаны мець пры сабе і перадаваць для праверкі супрацоўнікам ДАІ. У спісе застаюцца пасведчанне, тэхпашпарт і страхоўка. Медычная даведка неабходная толькі ўладальнікам пасведчанняў кіроўцы, выдадзеных у Беларусі, а таксама на тэрыторыі рэспублік былога СССР, у якіх не пазначаны тэрмін дзеяння. Талон да пасведчання кіроўцы і сертыфікат аб праходжанні дзяржтэхагляду плануюць скасаваць.

Блізкае святло фар у светлы час дня

У ПДР выразна пазначаць перыяд, калі ў светлы час дня для абазначэння руху транспартнага сродку павінна быць уключанае блізкае святло фар або дзённыя хадавыя агні, - з 25 траўня да 5 чэрвеня і з 25 жніўня да 5 верасня. Дазволяць замацоўваць на шыбе або ў аконных праёмах аўто відэарэгістратары, калі яны не абмяжуюць агляд з месца кіроўцы. На электрамабілях можна будзе ездзіць на паласе для маршрутных транспартных сродкаў. Рамантаваць тэхнічныя сродкі на праезнай частцы трэба будзе ў святлоадбівальных камізэльках. Кіроўцаў аўтамабіляў таксовак абавяжуць прышпільвацца рэменем бяспекі пры руху ў населеным пункце, нават калі ў салоне няма пасажыраў. Затое не прышпільвацца дазволяць тым, хто прымае кваліфікацыйны практычны іспыт на права кіравання транспартным сродкам.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках