23 верасня 2019, панядзелак, 19:17
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Жыхарка Лепеля: Міліцыянт пры затрыманні збіў майго сына-падлетка

Жыхарка Лепеля: Міліцыянт пры затрыманні збіў майго сына-падлетка

Маці кажа, што ў хлопца скрыўленая перагародка носа, з'явіліся сколы і расколіны на зубах, гематомы.

Жыхарка Лепеля сцвярджае, што яе сына — 17-гадовага падлетка — пры затрыманні збіў супрацоўнік міліцыі, піша tut.by.

Маці кажа, што ў хлопца скрыўленая перагародка носа, з'явіліся сколы і расколіны на зубах, гематомы. Пасля затрымання, са слоў жанчыны, непаўналетняга больш за 8 гадзін утрымлівалі ў РАУС без апавяшчэння бацькоў і надання меддапамогі. Сям'я звярнулася ў СК.

— Мой сын Андрэй (імёны маці і сына з этычных меркаванняў змененыя, але іх звесткі, а таксама прозвішча супрацоўніка міліцыі ёсць у рэдакцыі. - Заўвага.) сёлета скончыў школу, паступіў вучыцца ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову. У ноч з 20 на 21 жніўня сын і ягоныя сябры сядзелі на лавачцы ў двары аднаго з жылых дамоў, размаўлялі. У кампаніі было чатыры ці пяць чалавек - хлопцы і дзяўчаты. Сярод усіх толькі адзін Андрэй быў непаўнагадовы. Хлопцы выпілі. Мабыць, сталі гучней размаўляць. Хтосьці з жыхароў патэлефанаваў у міліцыю. Да іх адправілі машыну Дэпартамента аховы. У патрулі былі кіроўца і адзін супрацоўнік, - распавядае Святлана, маці маладзёна.

Некаторыя падлеткі, убачыўшы машыну міліцыі, спалохаліся і кінуліся бегчы. Сярод іх і Андрэй.

— Уцекачоў было некалькі, але міліцыянт кінуўся ў пагоню за маім сынам. Андрэй прабег метраў 200-300 і атрымаў удар у спіну. Сын упаў, стукнуўся галавой аб асфальт, зверху на яго сеў супрацоўнік міліцыі, заламаў яму рукі і пачаў біць па рэбрах. Пры гэтым міліцыянт паўтараў: «Гэта табе за штаны!». Звяртаўся ён да яго нецэнзурна. Пазней высветлілася, што супрацоўнік, калі бег за сынам, спатыкнуўся і парваў на калене форменныя штаны. Затым ён павёў Андрэя да аўтамабіля, заламаўшы руку, і па шляху, са слоў сына, прадаўжаў біць яго па рэбрах. Сын распавёў, што ён ніяк не супраціўляўся, казаў, што пойдзе сам і што яму балюча.

Астатніх хлопцаў з кампаніі таксама затрымалі. Іх, як кажа Святлана, ніхто не біў.

Далей падзеі развіваліся так. А 4 гадзіны раніцы Андрэя прывезлі на медагляд. У крыві хлопца, са слоў маці, было 1,43 праміле.

- Аднак агляд прайшоў з парушэннямі: сыну далі «дыхальную трубачку» толькі раз. Хоць праз пэўны час павінны былі даць паўторна.

Прыкладна а 5 гадзіне раніцы юнака адвезлі ў аддзяленне міліцыі.

- Там закрылі ў нейкім пакоі і трымалі аднаго да 10 гадзін раніцы. Як потым патлумачылі, чакалі, пакуль Андрэй працверазее, каб узяць у яго паказанні. Ні бацькоў, ні педагогаў не апавясцілі. У гэтым пакоі Андрэй сядзеў пяць гадзін. Ён, кажа, стукаў у дзверы, прасіў аб меддапамозе, але ніхто да яго ні разу не падышоў, нават вады не даў, не спытаў «Ты жывы?» Магчыма, у дзіцяці страсенне, можа, кровазліццё - ніхто такімі пытаннямі не задаваўся — кажа маці.

А 10 гадзіне Андрэя павялі на допыт. Блізу 12 гадзін дня аб тым, што падлетак знаходзіцца ў РАУС, міліцыянты паведамілі ягонаму школьнаму сацыяльнаму педагогу.

- І толькі ад яе я даведалася, дзе мой сын. Сацпедагог сама выклікала Андрэю хуткую і паехала з ім лякарню. Калі я сама туды прыехала, убачыла сына ў жудасным стане: у яго былі разбітыя твар, вусны, уся вопратка ў крыві. Андрэй быў увесь бледны, яму было дрэнна.

Пабоі, са слоў Святланы, зафіксавалі на трэці дзень:

— Каб зняць іх, давялося ехаць у іншы горад — бо ў нашым судмедэкспэрт быў у адпачынку. Цяпер месяц трэба чакаць вынікі экспэртызы. Супрацоўнік аховы, да якога ў нас ёсць прэтэнзіі, сцвярджае, што гэтыя траўмы Андрэй атрымаў сам: маўляў, бег і ўпаў. Сам міліцыянт гэтак жа фіксаваў траўмы - са свайго калена, якое нібыта пашкодзіў падчас пагоні за сынам.

Па факце збіцця сына Святлана напісала заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта.

- Там я паказала на ўсе парушэнні, дапушчаныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў - і на тое, што бацькоў не паставілі ў вядомасць аб тым, што іх непаўналетняга сына забралі ў міліцыю і што ён знаходзіўся там з 4 гадзін раніцы і да 12 гадзін дня. Цяпер ідзе праверка, - кажа Святлана.

Маці спадзяецца, што ў гэтай сітуацыі аб'ектыўна разбяруцца:

- Жорсткае абыходжанне міліцыі з людзьмі не павінна быць нормай у грамадстве. Хай сын і быў тады п'яны, але навошта яго затрымліваць як рэцыдывіста і збіваць? Шчуплы падлетак апрыёры не мог супраціўляцца падрыхтаванаму байцу.

Афіцыйная прадстаўніца УСК Віцебскай вобласці Аксана Лазько распавяла, што 21 жніўня ў Лепельскі раённы аддзел Следчага камітэта сапраўды звярнуўся 17-гадовы юнак з заявай аб парушэнні ягоных правоў і законных інтарэсаў.

Следства папярэдне ўстанавіла, што падлетак а 3 гадзіне 25 хвілін у стане алкагольнага ап'янення ў кампаніі знаёмых убачыў супрацоўнікаў міліцыі, якія набліжаліся да іх. Каб пазбегнуць сустрэчы з імі, ён кінуўся бегчы.

Са слоў маладзёна, міліцыянт яго дагнаў і ўжыў да яго фізічную сілу.

Пасля свае ўцёкі падлетак патлумачыў тым, што знаходзіцца на ўліку ў ІСН за распіццё спіртных напояў, і не быў гатовы да чарговай сустрэчы з патрулём міліцыі і інспектарам у справах непаўналетніх.

Пасля агляду, кажа прадстаўнік СК, у падлетка зафіксавана блізу 1,6 праміле алкаголю.

Паводле заяваў юнака і яго маці следчыя Лепельскага райаддзелу СК устанаўліваюць усе абставіны здарэння.

Афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што «Са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў маці падлетка ў міліцыю не звярталася».