19 верасня 2019, Чацвер, 6:03
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Беларусам трэба аб'яднацца і выйсці многімі тысячамі

18
Станіслаў Шушкевіч: Беларусам трэба аб'яднацца і выйсці многімі тысячамі
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ

Калі мы перастанем забывацца на сваю годнасць, нашы справы выправяцца!

Першы кіраўнік суверэннай Беларусі Станіслаў Шушкевіч шчыра абмеркаваў з Сяргеем Ціханоўскім на канале «Краіна Для Жыцця» пытанні развалу СССР, адмову ад ядзернай зброі, імпічмент Лукашэнку, правядзенне выбараў у Беларусі і адказаў на самае галоўнае пытанне: што трэба змяніць, каб рэальна жыць у краіне для жыцця?

Інтэрв'ю тэзісна:

- Сёння чыноўнікі адабраныя: гэта ўгоднікі і лісліўцы. Іх можна перастаўляць з адной пасады на іншую і нічога не зменіцца. Прынцыпы дэмакратыі цяпер не працуюць у Беларусі. Каб змяніўся эканамічны лад грамадства, бо ён залежыць ад палітычнай сістэмы, трэба каб разумныя людзі прыйшлі да ўлады.

- Трэба даць магчымасць беларусам самім вырашаць як ім жыць, як абыходзіцца з гасцямі. Але ў нас няма гэтага і ў нас няма права выбару з 1996 года. Волі без ахвяр не бывае. Краіне патрэбны герой.

- Трэба аб'яднацца, трэба выйсці многімі тысячамі і не адзін раз. Трэба перамагчы страх. Калі нас будзе шмат, страх знікне. І тады будзе вынік. Мярзота не можа доўга ўжывацца з свядомасцю людзей.

- Гісторык, які не ведае, што Францыск Скарына не мог шпацыраваць па Санкт-Пецярбургу - не можа быць гісторыкам. У Беларусі мала адукаваных людзей і таму няма інтэлігенцыі. «Прэзідэнт» таму прыклад.

- Акрамя таго, вельмі шмат адукаваных людзей з'ехала з краіны працаваць за мяжу. Гэта асабісты выбар кожнага чалавека, але гэта вялікая праблема для краіны.

- СССР выратаваць ужо было нельга. Ён канчаткова разваліўся калі быў путч 19 жніўня 1991 года. Краіна перастала быць кіраванай і імперыя павалілася. Гэта быў вынік розных працэсаў.

- Мець ядзерную зброю вельмі накладна і небяспечна для невялікай дзяржавы. Адмовіцца ад яе - гэта правільнае рашэнне. Мы атрымалі пасля 59 мільёнаў даляраў кампенсацыі.

- Мы жывём 25 гадоў ва ўмовах прымусовай русіфікацыі. Усхваляецца рускі свет. Расея ўкладвае велізарныя грошы ў гэта. Беларусі патрэбна дзяржаўная палітыка адраджэння беларускай мовы.

- Калі мы перастанем забывацца на сваю годнасць, нашы справы выправяцца!