24 красавiка 2024, Серада, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вяскоўцы ўзбунтаваліся супраць арабскіх сяброў Лукашэнкі

57
Вяскоўцы ўзбунтаваліся супраць арабскіх сяброў Лукашэнкі
Фота: «Радыё Свабода»

Жыхары Лагойскага раёна абараняюць сваю зямлю.

Жыхары лагойскіх вёсак Кроква і Цна не могуць хадзіць у лес і на раку, бо тут агароджаны велізарны надзел, аддадзены ў арэнду на 99 гадоў Аб'яднаным Арабскім Эміратам, паведамляе «Радыё Свабода».

Тут будуецца рэзідэнцыя, паляўнічыя вальеры, штучныя вадаёмы, паляўнічыя домікі і аб'екты для іх абслугоўвання, а таксама аб'екты інжынернай і транспартнай інфраструктуры. Тут жа будзе помпавая станцыя, якая ўваходзіць у комплекс гідратэхнічных збудаванняў штучнага вадаёма.

Заказчыкамі будаўніцтва пазначанае ТАА «КПІ Спэшл Прожэктс». Таксама да будаўніцтва мае дачыненне інжынерная арганізацыя ТАА «Майсэн».

Будаўніцтва пачалося ў студзені 2018 года і павінна было скончыцца ў траўні 2019-га. Аднак на пляцоўцы яшчэ кіпіць праца.

Таксама працоўныя разбіраюць стары глухі плот вакол самой будаўнічай пляцоўкі. Новая сеткавая агароджа ўзводзіцца значна далей ад яго.

На ўваходах журналістаў сустракаюць шыльдачкі «Праход зачынены, прыватная тэрыторыя».

Як адгароджваюць вёскі

Агароджа арабскага надзелу з рэзідэнцыяй праходзіць каля вёскі Цна і перасякае раку. З абодвух бакоў высякаюцца дрэвы. Пакуль яшчэ можна выйсці на ўзгорак і ўбачыць вадаём, а за ім пабудовы.

Паводле адной з крыніцаў, надзел з рэзідэнцыяй абгарадзілі, каб да яе «не падыходзілі звяры і людзі».

«Вёска Цна адсякаецца. А далей ужо вонкавы перыметр, далей агароджа пяройдзе за Цну, вузкакалейку, Барысаўскі раён; яна выходзіць у Лагойскі раён і паварочвае на сяло Малінаўку, закальцоўваецца ўсё».

Жыхары Цны будуць мець доступ да аднаго берагу ракі на пэўным адрэзку. Але калі пяройдуць па мастку на другі бераг, ім перакрые дарогу «сетка».

Жыхары Крокваў могуць прайсці ў лес метраў на трыста, далей тэрыторыя будзе закрытая.

«Я грамадзянка Беларусі, гэта мая зямля»

Жыхары Крокваў незадаволеныя тым, што цяпер не змогуць хадзіць у ягады і грыбы, а таксама купацца на раку Цну, бо «пад носам плот стаіць».

«Усе людзі абураныя. Там напісана, што гэта прыватная тэрыторыя. Загароджваюць найлепшую тэрыторыю, дзе ягады і грыбы збіралі. Будоўля там, Бог ведае, што там робіцца. Яны ж ужо амаль да асфальту агароджваюць. Поле было добрае, так загадзілі, забудавалі, – кажа адна з мясцовых жанчынаў. – Я пайшла ў бярэзнік за агароджу, але падышоў вартаўнік і мяне выганяе. Я кажу: “Паспрабуй прагані. Я грамадзянка Беларусі, гэта мая зямля. Чаму я не маю права ў дзяржаўны лес зайсці”. Адказваюць: “Не, ужо прыватны”. Здалі ў арэнду шэйху, арабам. Загарадзілі сеткай высокай. Нам гэта непрыемна, мы не разумеем палітыкі. Нельга схадзіць туды, куды мы ўвесь час хадзілі».

«Гэта ж народны здабытак, як можна ім аддаваць?»

Лявон Колас, жыхар Крокваў: «Я не ведаю, што тут робіцца. Арабы выкупілі лес на 99 гадоў. Гэта ж народны здабытак, як можна ім аддаваць?

Паставілі трохметровую агароджу, высеклі лес. Чаму так зрабілі? Чым яны там займаюцца? Дарогу каля дома грузавыя машыны разбілі, дождж пройдзе – не праехаць. Там Лукашэнка кіруе, трэба ж думаць, што атрымліваецца.

Для мясцовых жыхароў гэта вельмі дрэнна. Яны выкапалі два возеры, домікі будуюць. Там жа да агароджы падыдзеш – ахоўнікі кажуць: “Ідзіце адсюль”. За метраў трыста лес – гэта ўжо іх валоданні. Раней плот быў далей, дарогу пашырылі. Мясцовыя жыхары пачалі скардзіцца. Так яны праз браму прапускалі, але трэба было запалкі пакінуць або нож, і ты павінен абавязкова вяртацца ў гэтую браму. А калі чалавек заблукаў? Што рабіць? Мясцовыя жыхары абураныя».

«І нарадзіўся, і жыў тут, а ў лес не зойдзеш»

Жыхарка Крокваў: «У лес не зойдзеш, усюды абгарадзілі. А што людзі зробяць? Нічога. Машыны тут ездзяць, лес вывозяць. Там агароджа вышэйшая за чалавека. Шкада: і нарадзілася тут, і бацькі мае тут памерлі. А што рабіць, вайной жа не пойдзеш. І нарадзіўся, і жыў тут, а ў лес не зойдзеш».

Дакументы «для службовага карыстання»

На будоўлі прараб Аляксандр патлумачыў, што не можа даваць інфармацыю пра аб'ект.

Галоўная ляснічая Лагойскага лясгаса Ірына Фадзеева расказала карэспандэнту «Радыё Свабода», што агароджваецца «арэндная тэрыторыя на 99 гадоў».

«Гэта прамысловыя землі, яны ўжо не маюць дачынення да лясгасу. Гэтыя землі выведзеныя з ляснога фонду Лагойскага лясгаса».

У лясгасе паведамілі, што інфармацыя пра тое, хто арандуе землі і якая іх плошча, «канфідэнцыйная».

«Гэта ўсё для службовага карыстання. Звяртайцеся ў кампетэнтныя органы».

Не патлумачылі, хто арандуе землі, і ў Менскім аблвыканкаме. У Лагойскім райвыканкаме сказалі, што пра арандатараў «інфармацыю не распаўсюджваюць».

У Менскай вобласці некалькі надзелаў перадалі Катару і Аб'яднаным Арабскім Эміратам

У 2013 годзе ўлады на падставе дакументаў «для службовага карыстання» на 99 гадоў дзяржаве Катар адвялі тры надзелы.

25 гектараў ля Дубровенскага вадасховішча аддалі пад рэзідэнцыю, а два надзелы лясоў у Лагойскім раёне агульнай плошчай амаль 25 квадратных кіламетраў – пад паляўнічыя ўгоддзі. У Лагойскім раёне размяшчаецца і надзел, вылучаны для ААЭ.

Адзін з надзелаў, блізу 15 квадратных кіламетраў, знаходзіцца ў раёне пасёлка гарадскога тыпу Плешчаніцы Лагойскага раёна. Ён прызначаны для будаўніцтва і эксплуатацыі паляўнічых вальераў і аб'ектаў іх абслугоўвання.

Другі катарскі надзел (блізу 23 квадратных кіламетраў) размешчаны каля вёскі Пагост і лясніцтва Лагойскага раёна. Арэндная плата за два надзелы складае блізу 701,5 тысячы рублёў за месяц.

Трэці надзел, аддадзены Катару, мае плошчу 25 гектараў і размешчаны на беразе Дубровенскага вадасховішча ў Смалявіцкім раёне. Ён прызначаны для будаўніцтва і эксплуатацыі рэзідэнцыі гэтай дзяржавы. У 2013 годзе гэты надзел перададзены ва ўласнасць Катару.

Надзел ААЭ (блізу 32 квадратных кіламетраў) знаходзіцца каля вёсак Кроквы і Цна Лагойскага раёна. Гадавая арэндная плата з 2018 года складае 885 583,59 беларускіх рублёў. Яшчэ адзін надзел ААЭ знаходзіцца ў Барысаўскім раёне.

Кіраўнік Беларусі некалькі разоў наведваў спадчыннага прынца ААЭ. У гасцях у Мухамеда бін Заіда аль-Нахаяна бывае і старэйшы сын беларускага дыктатара Віктар Лукашэнка. Ён прыязджае на фінальную гонку «Формулы-1» на запрашэнне кіроўнай сям'і ААЭ.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках