19 красавiка 2024, Пятніца, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дарыян» набліжаецца да ўзбярэжжа Паўночнай і Паўднёвай Караліны

«Дарыян» набліжаецца да ўзбярэжжа Паўночнай і Паўднёвай Караліны

Мільёны чалавек атрымалі распараджэнні аб эвакуацыі.

Аслаблены, але ўсё яшчэ смяротна небяспечны, ураган «Дарыян» у сераду дабраўся да паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа ЗША, паведамляе «Голас Амерыкі».

Мільёны чалавек атрымалі распараджэнні аб эвакуацыі, у той час як сіноптыкі дапускаюць, што блізкія да рэкордных узроўні павышэння марской вады і праліўныя дажджы могуць затапіць узбярэжжа Джорджыі, Паўднёвай і Паўночнай Караліны.

Шторм, які цэлы дзень бушаваў на Багамскіх выспах, абрынуўшы на іх разбуральныя вятры і ліўні, аслабеў з пятай катэгорыі да трэцяй. Аднак ён усё яшчэ нясе з сабой небяспечныя вятры і пагражае затапіць нізіны ад Джорджыі да паўднёвага ўсходу Вірджыніі па меры прасоўвання на поўнач.

«Мы чакаем прыходу ўраганнага ветру, прынамсі, парываў», - заявіў на прэс-канферэнцыі губернатар Паўднёвай Караліны Генры МакМастэр.

З ягоных слоў, нават калі ўраган не нанясе штату наўпроставы ўдар, «будзе вецер і вада, і калі вы знаходзіцеся ў прыбярэжнай зоне, то гэтая вада можа быць падступнай».

Відавочна, «Дарыян» падыдзе на небяспечна блізкую адлегласць да Чарльстона ў Паўднёвай Караліне, які размешчаны ва ўразлівым месцы на паўвостраве.

Згодна з мапай меркаваных затапленняў, апублікаванай Нацыянальнай службай надвор'я, спалучэнне прыліву і штармавых хваляў у Чарльстанскай гавані можа прывесці да ўздыму ўзроўню вады на 3,1 метра. Рэкорд, пастаўлены ўраганам «Х'юга» ў 1989 годзе, склаў 4 метры.

Крамы і рэстарацыі ў гістарычным цэнтры Чарльстане закрываюць вокны драўлянымі шчытамі і лістамі гафрыраванага металу. Амаль 830 тысяч чалавек, якія пражываюць на ўзбярэжжы Паўднёвай Караліны, атрымалі загады аб абавязковай эвакуацыі. Больш за паўтары тысячы чалавек размешчаныя ў 28 хованках ва ўсім штаце.

Улады Паўночнай Караліны паведамілі пра гібель 85-гадовага мужчыны, які ўпаў з лесвіцы, рыхтуючыся да шторму. Губернатар штата Рой Купер папярэдзіў пра пагрозу штармавых хваль і ліўневых паводак у выніку моцных дажджоў. Асабліва ўразлівымі з'яўляюцца Вонкавыя водмелі - бар'ерныя выспы ля ўзбярэжжа Паўночнай Караліны.

Небяспека таксама пагражае астравам ля ўзбярэжжа Джорджыі, паведаміў у сераду губернатар Браян Кемп.

«Мы вельмі хвалюемся, асабліва пра тое, што бар'ерныя выспы могуць быць адрэзаныя, калі гэтыя штармавыя хвалі прыйдуць адначасова з прылівам», - сказаў Кемп.

Энэргетычная кампанія Duke Energy паведаміла, што «Дарыян» можа прывесці да больш чым 700 тысяч адключэнняў электраэнэргіі ва ўсходніх раёнах Паўночнай і Паўднёвай Караліны. Энэргетычная кампанія з Джорджыі Georgia Power паведаміла, што 2800 дамоў і прадпрыемстваў ужо засталіся без электрычнасці.

ВМС ЗША загадалі караблям, якія знаходзяцца на велізарнай базы ў Норфолку, штат Вірджынія, выйсці ў мора ў мэтах бяспекі. Вайсковыя самалёты на базе ВПС Лэнглі ў Хэмптане, штат Вірджынія, пераводзяцца ўглыб краіны. Камандуючы ВМС у Сярэднеатлантычным рэгіёне выдаў загад аб экстранай эвакуацыі вайскоўцаў і іх сямейнікаў у пяці акругах Паўночнай Караліны.

Аслаблены, але пашыраны пасля ўдару па Багамскіх выспах, «Дарыян» выдаляўся ад узбярэжжа Джорджыі з хуткасцю 13 кіламетраў на гадзіну па стане на другую палову дня. Сіноптыкі паведамілі, што хуткасць ветру ўнутры ўрагану дасягала 175 кіламетраў на гадзіну, а яго цэнтр знаходзіўся ў 210 кіламетрах ад Чарльстана.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках