23 красавiка 2024, aўторак, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амаль 500 тысяч «дармаедаў» атрымаюць у кастрычніку «лісты шчасця»

75
Амаль 500 тысяч «дармаедаў» атрымаюць у кастрычніку «лісты шчасця»

«Дармаедам» прыйдуць квітанцыі з поўнымі тарыфамі на ацяпленне і газ.

Беларусам, якія трапілі ў «дармаедскую» базу «не занятага ў эканоміцы насельніцтва», з кастрычніка будуць прыходзіць аплаты за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне паводле «эканамічна абгрунтаваных тарыфаў», піша tut.by.

Пры гэтым па-ранейшаму невядома, колькі чалавек знаходзіцца ў базе «не занятага ў эканоміцы насельніцтва» і колькі з іх ужо атрымліваюць пацяжэлыя рахункі. Нагадаем, са студзеня гэтага года «дармаеды» згодна з поўнымі тарыфамі аплачваюць гарачае водазабеспячэнне.

У Беларусі налічылі блізу паўмільёна «не занятых у эканоміцы», паведаміла ў пачатку снежня мінулага года міністр працы Ірына Касцевіч. Адкуль знайшлі столькі «ўтрыманцаў» і хто патрапіў у гэтую базу, міністр не ўдакладняла.

- За мінулы перыяд з базы выключаныя 86 тысяч чалавек. Цяпер у ёй застаецца крыху больш за 425 тысяч грамадзян, - распавядаў у лютым гэтага года намеснік міністра працы Валерый Кавалькоў. З ягоных слоў, у міністэрстве прааналізавалі спісы «не занятых у эканоміцы». Амаль 110 тысяч грамадзян з пераліку, пачынаючы з 2003 года, ні разу не былі зарэгістраваныя ў базе індывідуальнага персаніфікаванага ўліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. А яшчэ 135 тысяч чалавек не працуюць больш за пяць гадоў.

Пры гэтым у Мінпрацы, агучваючы агульную колькасць «дармаедаў», не тлумачылі, ці ўключаюць у іх лік бацькоў дзяцей да 7 гадоў і тых, у каго ёсць прысядзібныя і сельскагаспадарчыя надзелы. Калі з улікам гэтых катэгорый, то атрымліваюцца адны лічбы, а калі без уліку, то менш.

Да прыкладу, у Віцебскай вобласці першапачаткова «ў базу не занятых» у эканоміцы трапілі блізу 78 тысяч чалавек, паведамлялі раней vitvesti.by. Да сярэдзіны студзеня з базы выключылі 1,5 тысячы чалавек, у якіх ёсць прысядзібныя і сельскагаспадарчыя надзелы, амаль 1000 чалавек, якія працуюць і выплачваюць падаткі за межамі Беларусі, а таксама аплатнікі адзінага падатку і іншыя.

Журналісты пацікавіўся ў міністэрстве, колькі цяпер чалавек уключана «ў базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва» і колькі беларусаў атрымалі паведамленні на аплату жыллёва-камунальных паслуг паводле поўных тарыфаў.

У міністэрстве спаслаліся на закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» і паведамілі, што «інфармацыя на запыт не можа быць прадстаўленая, бо для яе атрымання патрабуецца правядзенне аналітычнай работы, непасрэдна не звязанай з абаронай вашых правоў і законных інтарэсаў (правоў і інтарэсаў журналіста. - Заўвага.)».

Так, у Мінпрацы не сталі адказваць у тым ліку на гэтыя пытанні:

Колькі чалавек, паводле апошніх звестак, уключаныя ў «дармаедскую» базу?

Колькі чалавек знаходзяцца ў базе з улікам бацькоў дзяцей да 7 гадоў і тых, у каго ёсць прысядзібныя і сельскагаспадарчыя надзелы?

Як колькасць уключаных у базу адрозніваецца па рэгіёнах?

Колькі чалавек, уключаных у базу, атрымалі паведамленні на аплату жыллёва-камунальных паслуг з выстаўленымі «паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў» аплатамі за падагрэў вады?

Ці могуць «дармаеды» абскардзіць пастанову аб сваім ўключэнні «ў базу не занятых»? Куды для гэтага трэба звяртацца?

Ці разглядаюць улады пытанне карэкціроўкі дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» і іншых дакументаў, прынятых у мэтах выканання гэтага дэкрэта?

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках