23 верасня 2019, панядзелак, 23:41
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Пяць пытанняў пра Аршанскую бітву

1
Пяць пытанняў пра Аршанскую бітву

Гэта была легендарная перамога ВКЛ.

«Салідарнасць» прапаноўвае простыя адказы на пытанні, датычныя легендарнай бітвы.

1. Чым знакавая Аршанская бітва?

Значнасць гэтай бітвы зусім не ў тым, што нашыя войскі разбілі маскоўскія, хоць такі факт таксама займае не апошняе месца. Нават у адным з расейскіх (!) гістарычных даведнікаў Аршанская бітва аднесеная да ста найбольш вялікіх бітваў еўрапейскай гісторыі. Тады, 8 верасня 1514 года, 30-тысячнае войска ВКЛ, разграміла ўтрая большае войска Маскоўскага княства.

Як вядома, у пачатку 16-га стагоддзя адбыўся геапалітычны падзел Еўропы паміж аўстрыйскай і маскоўскай імперыямі, у адпаведнасці з якім Вялікае Княства Літоўскае падпадала пад уплыў Маскоўскага княства. Бітва пад Оршай развязала на той момант лёс незалежнасці ВКЛ.

2. Галоўныя героі бітвы

Камандаваў беларускімі войскамі гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі. Князь, стараста брацлаўскі і вінніцкі, ваявода троцкі да 37 гадоў правёў больш за пяцьдзясят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў. У 1500 годзе ён саступіў у бітве Маскоўскаму княству на рацэ Вядрошы, аднак праз 14 гадоў узяў рэванш.

Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юры Радзівіл Геркулес, асобнымі атрадамі – слуцкі князь Юры Алелькавіч, Іван Сапега.

Літоўскае войска рабіла стаўку на ўзаемадзеянне ўсіх родаў войскаў (цяжкай і лёгкай конніцы, пяхоты, і палявой артылерыі) на полі бою. І не пралічылася. Дзякуючы мужнасці і гераічнасці нашых жаўнераў адносна невялікае войска ВКЛ перамагло сілы, якія пераўзыходзілі яго амаль у тры разы.

На чале маскоўскага войска быў пастаўлены вялікі ваявода Іван Чаляднін.

3. Чаму Дзень беларускай вайсковай славы?

Перамога ў гэтай бітве з'яўляецца самай вялікай у беларускай ратнай гісторыі. Да гэтага іншыя буйныя перамогі беларусы, як правіла, атрымлівалі пры падтрымцы войскаў іншых дзяржаваў.

Упершыню ў гэтай бітве мы змаглі ўбачыць бел-чырвона-белыя сцягі конніцы Вялікага Княства. Гэта знайшло адлюстраванне на карціне невядомага мастака «Бітва пад Оршай», напісанай на некалькі гадоў пазней за саму бітву.

На дзідах вершнікі мелі невялікія вымпелы, на якіх мацаваліся белыя і дзве чырвоныя палоскі, перасякаліся крыжам каля дрэўца. Пазней гэты крыж знік, а чырвоная стужка стала павялічвацца. Фактычна гэты знак замацаваўся як наш вайсковы сцяг ажно да 19-га стагоддзя і стаў правобразам беларускага нацыянальнага сцяга.

4. У чым гістарычнае значэнне гэтай бітвы?

У бітве пад Оршай Вялікае Княства Літоўскае адстаяла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спыненая агрэсія Маскоўскага княства. Фактычна гэтая бітва сарвала вялікі хаўрус Германскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе германскі імператар адмовіўся ад хаўрусу з Масквой, а ўступіў у звяз з вялікім князем літоўскім і польскім каралём.

У сутнасці, у выніку той бітвы акрэслілася мяжа, якую мы цяпер маем.

5. Чаму беларускія ўлады грэбуюць гэтай падзеяй?

Гэтае пытанне хутчэй рытарычнае. Здавалася б, важнасць гэтай бітвы для беларускай дзяржаўнасці відавочная, і гэтая ідэя магла б стаць выдатным аргументам у барацьбе за незалежнасць. Сапраўды, у савецкі час Аршанская бітва не згадвалася нават у падручніках гісторыі: вельмі ўжо моцна не стыкавалася яна з прапагандысцкай ідэяй пра імкненне ўсіх славянскіх народаў пад крыло «вялікага брата».