23 верасня 2019, панядзелак, 23:45
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Як ліцвінскі Геркулес перамог у 30 бітвах

Як ліцвінскі Геркулес перамог у 30 бітвах

У 1508-м годзе Радзівіл Геркулес удзельнічаў у вайне з Маскоўскім княствам.

Блізу 1480-га года на свет з'явіўся Юрый Радзівіл, які атрымаў пасля мянушку «Віктар - Пераможца, Геркулес Літоўскі» за тое, што рэгулярна браў удзел у ваенных дзеяннях і перамагаў дзесьці ў 30 бітвах. Акрамя гэтага, ён з'яўляўся дзяржаўным дзеячам, і з 1500-га года займаў пасады намесніка мазырскага, мейшаголаўскага, мерацкага, вяленскага, уцянскага, піша сайт vklby.com.

У 1508-ім годзе Радзівіл Геркулес удзельнічаў у вайне з Маскоўскім княствам. На наступны 1509-ы год ён атрымаў пасаду падчашага ВКЛ і будзе ім да 1517-га года. 1511-ы год прынёс Радзівілу пасаду літоўскага гетмана польнага і чарговую перамогу: ён разам са слуцкім князем Юрыем Алелькавічам разбіў татараў за 20 міль да Кіева ва ўрочышчы Рутка.

1512-ы год зноў знамянальны ў жыцці літоўскага Геркулеса. У гэтым годзе ён узяў удзел у пераможнай бітве супраць татараў пад Вішняўцом. Праз год пасля гэтай бітвы Юрый Радзівіл ізноўку ваюе з ворагамі айчыны. На гэты раз ён біўся супраць Масквы ў бітве пад Воршай 8 верасня 1514-га года. У гэтай значнай у сваіх маштабах бітве ён камандуе лёгкай конніцай ВКЛ на левым флангу. У баі Радзівіл праяўляе ўсю сваю адвагу, мужнасць і гонар, за што пасля перамогі над ворагам і атрымлівае сваю мянушку Віктара - Пераможцы, Геркулеса Літоўскага.

Пасля слаўнай перамогі ў бітве пад Воршай яго чакае яшчэ нямала сур'ёзных бітваў. У 1517-м годзе ён удзельнічае ў паходзе на Пскоў, у 1519-м змагаецца з маскоўскімі войскамі пад Крэвам, і з таго ж 1519-га года па 1521-ы ваюе з Тэўтонскім ордэнам.

З 1520-га года Радзівіл Пераможца займае новую дзяржаўную пасаду і становіцца кашталянам Трокскім, а з 1522-га - Віленскім. Але на гэтым ён не спыняецца і прадаўжае служыць і абараняць сваю дзяржаву. У 1527-м годзе ўдзельнічае ў бітве на рацэ Альшанцы, дзе войскі ВКЛ пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага зноў разбіваюць татараў, і ў гэтым жа годзе Радзівіл атрымлівае чарговую дзяржаўную пасаду маршалка надворнага.

Дзякуючы сваёй дзяржаўнай дзейнасці і баявым заслугам, ён дасягнуў вялікага ўплыву ў Вялікім княстве Літоўскім і ў 1530-м годзе ўжо ўваходзіў у магнацкі трыумвірат, дзе разам з канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам і Жэмойцкім старастам Янам Радзівілам фактычна кіраваў Вялікім княствам Літоўскім у адсутнасць Вялікага князя Літоўскага.

Наступны 1531-ы год, становіцца самым значным у вайсковай кар'еры Радзівіла Пераможцы, яго прызначаюць на самую галоўную вайсковую пасаду ў ВКЛ, ён становіцца Вялікім гетманам Літоўскім. Пасля прызначэння Радзівіл як і раней абараняе межы княства і з 1534-га да 1537-а года ваюе з Маскоўскім княствам. Падчас гэтай вайны ён возьме гарады Гомель і Старадуб.

Юры Радзівіл Геркулес быў двойчы жанаты. У першы раз ён ажаніўся на Барбары Кішцы, але яна рана памерла. Другі раз ён узяў у жонкі 22-гадовую Барбару са знакамітага роду Колаў, якая з'яўлялася дачкой багатага галіцкага каменданта Паўла. У іх нарадзілася трое дзяцей: сын Мікалай і дзве дачкі Ганна і будучая Вялікая княгіня Літоўская і каралева Польская Барбара Радзівіл. Памёр Юрый Радзівіл у 1541-м годзе.