24 красавiка 2024, Серада, 22:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скульптар помніка Гедыміну: Цяпер чарга Вітаўта

6
Скульптар помніка Гедыміну: Цяпер чарга Вітаўта

Сяргей Аганаў гатовы стварыць помнік вялікаму князю літоўскаму.

У Лідзе на Дзень горада ўрачыста адкрылі помнік князю Гедыміну. Людзі вельмі цёпла ўспрынялі выбар асобы Гедыміна для ўстаноўкі помніка, што адсочваецца ў каментарах на буйных інтэрнэт-пляцоўках.

Адзін з аўтараў помніка, скульптар Сяргей Аганаў, распавёў nn.by пра свае пачуцці.

«Я бачыў, што на адкрыццё прыйшлі розныя людзі, з рознай сімволікай нават. І гэта дэмакратычна, бо помнік - для ўсіх, а не для нейкага міжсабойчыка. Герб «Пагоня» не выклікае ніякага дысанансу ў чалавека, які хаця б мінімальна знаёмы з гісторыяй Беларусі, з перыядам ВКЛ. «Пагоня» тут была на дакументах, гербах, пячатках - усюды! - разважае Сяргей Аганаў. - Што тычыцца герба «Калюмны», то яны з'явіліся на помніку ў адпаведнасці з абгрунтаваннем Інстытута гісторыі. Іншая назва герба - «Слупы Гедыміна».

Ці былі характэрныя гісторыі ў працэсе стварэння помніка?

«Калі мы працавалі з Вольгай [Вольга Нячай, сааўтар скульптуры - «НН»] ужо над вялікім Гедымінам, яна была ўнізе, а я на рыштаванні - уверсе. І ёсць такі інструмент, стэк, падобны да кінжала. Ён у мяне алюмініевы, тоўсты, востры. І я страшна баяўся, каб ён не зваліўся ўніз, а то была б катастрофа. Так здараецца часам, калі вечарам ты стаміўся і ўніз ляцяць малаткі ці яшчэ што-небудзь такое. Але ўсё абышлося, толькі рукі падрапалі аб каркас, - працягвае ён. - Наогул-то, помнік тэхнічна вельмі складаны. Падганянне плашча да пастамента - складаная рэч, бо калі адліваецца ў бронзе, то дае ўсаджванне, часам сур'ёзнае. Мы гэты плашч цэлы дзень па 5 міліметраў адразалі, каб села добра».

А як майстар ацэньвае сваю працу з эмацыйнага пункту гледжання? Бо мы дажылі да той пары, калі замест фігур камуністычнага пантэона сталі з'яўляцца беларускія гістарычныя дзеячы.

«Калі я быў студэнтам, мне падабалася ляпіць кампазіцыі на тэму гісторыі Беларусі. Чыста выставачныя, быў нават такі момант, калі мне здавалася, што гэта наогул нікому не трэба, акрамя мяне. Я шалею, такое дзіўнае хобі, укладваю грошы.

А потым атрымалася ўсталяваць войта каля Менскай ратушы... Тады здавалася: ну ўсё, гэта мяжа, пра што можна марыць - Магдэбургскае права і войт! Потым была Анастасія Слуцкая, прадстаўніца магнацкага роду, наша Жанна д'Арк. Потым Давід Гарадзенскі, цяпер - Гедымін. Гэта вялікае шчасце, што гэтая лінія запатрабаваная. Цяпер хочацца, каб нарэшце з'явіўся Вітаўт.

Чаму не? Фігура складаная, але ключавая і вельмі важная для нашай гісторыі. Яго значэнне ніхто не аспрэчыць. А з улікам, што ў наступным годзе круглая дата Грунвальдскай бітвы... Гэта ж не ганебна, не сорамна, мы гэтым ганарымся - расказваем у школах і ўспамінаем, а сама падзея і архітэктар гэтай перамогі не ўвекавечаны. Тыя ж менска-заслаўскія харугвы павінны быць увекавечаны хоць бы памятным знакам», - мяркуе скульптар.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках