29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спрабуе ўтрымаць уладу праз «нафтавыя катастрофы»

52
Лукашэнка спрабуе ўтрымаць уладу праз «нафтавыя катастрофы»
Крыніца: Сергей Елкин / DW.de

Нафтагазавыя войны з Расеяй супадаюць з прэзідэнцкімі выбарамі.

Перманентнае змаганне з Расеяй за нафту і газ – аснова рэжыму Лукашэнкі. Больш за тое, рэжым катастрофы, на краі якой краіна балансуе ўсе гэтыя гады, жыццёва неабходны для падаўжэння кіравання Лукашэнкі.

Аляксандр Чубрык у сваёй выдатнай працы «Нафта ў абмен на ўсё. Кароткая гісторыя беларуска-расейскіх стасункаў у нафтагазавай сферы з 2007 г.», звярнуў увагу, што цыклы канфліктных абвастрэнняў з Расеяй праз нафту і газ дзіўна супадаюць з электаральнымі.

Сапраўды, бітва з Расеяй за нафту і газ увесь час паўтараецца на новым вітку. У гэтай бітве, як і ў той іншай, электаральнай, цыклы якой так неймаверна супадаюць з расейска-беларускімі канфліктамі, заўсёды адзін і той пераможца, вось ужо 25 гадоў.

Адзначыўшы і цыклічнасць, і сталасць у спрэчках пра ўмовы набыцця расейскіх газу і нафты, непрадукцыйнасць гэтых спрэчак і ствараную імі атмасферу нявызначанасці, якая не дазваляе эканамічным агентам, уключаючы дзяржаўных, будаваць доўгатэрміновыя стратэгіі развіцця, Аляксандр Чубрык выказвае надзею:

«Так ці інакш, мы падыходзім да сітуацыі, калі пэўнасць ад наяўнасці доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўку расейскіх нафты і газу, няхай нават з рынкавымі коштамі, апынецца больш каштоўнай для кампаній і насельніцтва, чым кароткатэрміновыя льготы, якія абумоўліваюцца палітычнымі патрабаваннямі. І зэканоміць процьму часу найвышэйшых службовых асобаў і звычайных дзяржслужбоўцаў, які цяпер сыходзіць на перамовы і працу над дакументамі, сэнс якіх у тым, каб быць непрынятымі».

Падобныя надзеі выказалі падчас пасяджэння экспертнага клуба Арцём Шрайбман і Сяргей Чалы.

Я не падзяляю гэтыя надзеі, і вось чаму.

Па-першае, я схільная думаць, што калі беларускае кіраўніцтва ўвесь час марнуе на перамовы з Расеяй значную частку сваіх часу і сілаў, а часам дзеля прадаўжэння супрацьстаяння ахвяруе прыбыткам бюджэту – як гэта было ў 2016 годзе і, верагодна, будзе ў 2020-м, – то менавіта самі перамовы і супрацьстаянне служаць невідавочным, але важным мэтам.

Па-другое, я сур'ёзна веру, што ў Беларусі ўсталяваны аўтарытарны рэжым, а гэта значыць, што галоўнай мэтай краіны з'яўляецца не яе развіццё, не дабрабыт грамадзянаў або высокі ВУП, не саюз з Расеяй ці замарозка стасункаў з ёй, але ўтрыманне ўлады і захаванне жорсткай сацыяльнай іерархіі.

Па-трэцяе: калі мы прызнаем, што гэтая галоўная мэта нязменна дасягаецца цягам апошніх 25 гадоў, то легкадумна меркаваць, што адносна сталыя элементы палітыкі ўладаў (уключаючы цыклічны канфлікт з Расеяй праз нафту і газ) выпадковыя або памылковыя.

Іншымі словамі: перманентнае змаганне з Расеяй за нафту і газ – аснова рэжыму Лукашэнкі. Нават больш: рэжым катастрофы, на краі якой краіна балансуе ўсе гэтыя гады, жыццёва неабходны для падаўжэння кіравання Лукашэнкі.

Давайце паспрабуем уявіць: расейскія і беларускія кампаніі ў штатным парадку (як гэта робяць бізнэс і дзяржаўныя структуры іншых краінаў) заключаюць кантракты на пастаўкі энэргарэсурсаў у зручным і ўзаемавыгадным рэжыме на два ці чатыры гады. Пра гэта паведамляюць толькі навінавыя агенцтвы, інтрыгі няма.

Калі ад гэтых паставак не завісае на валаску лёс краіны, калі пра іх здольныя дамовіцца людзі, чые прозвішчы памятаюць толькі самыя добрасумленныя журналісты, то чым тады займацца Лукашэнку? Ды і ці патрэбны ён народу 25 гадоў запар і больш?

Не, па-за рэжымам патэнцыйнай катастрофы і мабілізацыі на яе прадухіленне проста няма чым растлумачыць дзіўную стабільнасць рэжыму, не залежную ні ад эканамічных поспехаў або няўдачаў, ні ад рэйтынгаў уладаў і дзяржорганаў, ні ад волевыяўлення выбарнікаў.

Сёння, у разгар чарговай бітвы з Расеяй і напярэдадні чарговай бiтвы з выбарнікамі, Лукашэнка кажа: «Цяпер вельмі востры перыяд існавання нашай дзяржавы. Мы ідзем не проста па тонкім лёдзе або па лязе. Мы ідзем і хістаемся злева-направа і не дай Бог няправільны крок – мы страцім усё».

А калі гэты перыяд быў не вельмі вострым?

Вось яшчэ цытата: «Вы заўважылі, што ў апошні час у сваіх выступах я часта кажу пра суверэнітэт і незалежнасць. Паверце, гэта ад душы». І тут жа: «Трэба спыніць “бадзянні” па мірных вуліцах. Трэба спыніць усялякія размовы пра суверэнітэт і незалежнасць».

Словам, нікому, акрамя Лукашэнкі, не трэба казаць пра незалежнасць і суверэнітэт, а яму трэба – ён робіць гэта «ад душы».

Агульным меркаваннем у дэмакратычным грамадстве з'яўляецца перакананне, што гэта Крэмль атакуе Лукашэнку, што ён увесь час на яго цісне, і яму даводзіцца абараняцца. Мабыць, варта прызнаць пэўную перамогу дзяржпрапаганды, якая здолела зрабіць вобраз героя і абаронцы Лукашэнкі цалкам пераканальным.

Але якой зброяй (аргументам) Масква атакуе цяпер? Масква гатовая прадаваць газ і нафту на мінулагодніх умовах, якія па-ранейшаму з'яўляюцца найлепшымі ў рэгіёне. Гэта Беларусь не гатовая набываць на леташніх, яна хоча танней.

Масква пагадзілася пастаўляць у 2020 годзе 24 млн тонаў нафты, г.зн. +6 млн тонаў на перапрацоўку, што часткова кампенсавала б недаатрыманыя прыбыткі праз падатковы манеўр – усё ж такі гэта экспартныя мыты за нафтапрадукты, выціснутыя з гэтых 6 млн т (што крыху менш, чым экспартныя мыты на сырую нафту), плюс прыбыткі ад продажу нафтапрадуктаў з гэтых 6 млн тонаў (што больш за нулявыя прыбыткі, якія былі ў нас паводле гэтага артыкула ў 2018–2019 гг.).

Г.зн. гэтыя дадатковыя 6 млн тонаў цалкам можна меркаваць кампенсацыяй за падатковы манеўр. Гэта не бліскучыя, але ўсё ж нармальныя ўмовы.

Аднак Лукашэнка тлумачыць: «У двух словах, чаму з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся пра нафту. Таму што РФ хоча, каб мы набылі ў яе нафту паводле коштаў вышэйшых за сусветныя. Дзе такое відаць?! Таму я і адмовіўся ад такой нафты».

Аднак пакуль ніякіх іншых сведчанняў (акрамя словаў беларускага лідара) намеру Расеі прадаваць нафту даражэй за сусветны коштавы ўзровень няма. Роўна таксама, як няма сведчанняў жадання Расеі прадаваць газ не за USD127, а за USD152 за тыс. куб. метраў.

Якой мэце служыць плынь інфармацыі пра перабольшаныя апетыты Расеі? Мэце перамогі: каб згода на леташнія ўмовы выглядала прарывам і поспехам. Праўда, дзеля гэтай перамогі НПЗ і бюджэту давядзецца зноў панесці страты. Але ім не прывыкаць.

Валерыя Касцюгова, «НАШЕ МНЕНИЕ»

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках