19 сакавiка 2024, aўторак, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Змены ў дарожным падатку: Байкот прадоўжыцца?

95
Змены ў дарожным падатку: Байкот прадоўжыцца?

Сабраныя з кіроўцаў грошы сыходзяць невядома куды.

У Мінфіне апавялі, якіх зменаў варта чакаць аўтаўладальнікам, якія плацяць так званую дзяржмыту за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Улады праігнаравалі даўно прапанаваны кіроўцамі варыянт – уключыць дарожны падатак у кошт на паліва. Замест гэтага прапануецца адвязаць збор ад тэхагляду, кіроўцам прапануюць плаціць збор памесячна.

Улады пастанавілі змяніць прынцып аплаты дарожнага падатку пасля таго, як беларускія кіроўцы зладзілі сапраўдны байкот дзяржтэхагляду. Ці зменіцца сітуацыя цяпер? Cайт Charter97.org звярнуўся па каментар да лідара незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча, які ў праграме «32 народныя патрабаванні да ўлады» заклікае развязаць праблему з дарожным падаткам.

– Найлепшае выйсце для Мінфіна з гэтай сітуацыі – уключэнне дарожнага падатку ў кошты на паліва. Гэта найлепшая пастанова для ўладаў, аўтамабілістаў, сямейных бюджэтаў і гаманцоў. Хачу звярнуць увагу, што так раней і было. Дарожны падатак некалі ўваходзіў у кошт бензіну на АЗС.

Сёння Мінфін кажа, што могуць быць розныя злоўжыванні пры ўключэнні дарожнага падатку ў кошт на паліва. Паўстае пытанне: «А што, іх цяпер няма»? Усе кінуцца красці дызельнае паліва і бензін? Гэта смешна. Вы усіх заганяеце пад адзін капыл. Выклікаеце недавер людзей. Так жа нельга сябе паводзіць.

Таму я мяркую, што аўтааматарам трэба самаарганізоўвацца і праводзіць акцыі пратэсту. Трэба прымушаць уладу рабіць тое, што трэба народу.

– Чаму ж улады не хочуць уключаць дарожны падатак у кошт паліва?

– Усё ўпіраецца ў грашовыя сродкі. У дзейным варыянце яны бралі грошы за тэхагляд і дарожны падатак разам. Грошы ішлі – Бог ведае куды. Цяпер, кажуць, мы адвяжам дарожны падатак ад тэхагляду, можна будзе плаціць памесячна. Навошта ўвесь гэты галаўны боль?

– Адно з тлумачэнняў Мінфіна – «у выпадку ўключэння дарожнага падатку ў кошты на паліва плаціць давядзецца КДБ і МУС, якія вызваленыя ад мыты». Чые інтарэсы прадстаўляюць ўлады ў гэтым выпадку?

– Я хачу сказаць, калі КДБ, МУС не плацяць дарожны падатак, значыць за іх плаціць народ. А трэба, каб кожны плаціў за сябе. Калі сёння ў нас не ваенны час, то пастаўце ўсіх у роўныя ўмовы. Калі вызвалены МУС ад гэтай мыты, значыць у бюджэце павінны быць прадугледжаныя на гэта грошы. Вось і ўсё.

– Ці варта дарожны падатак адвязваць ад тэхагляду?

– Той, хто задумаў усе гэтыя змены – страціць працоўнае месца. Страты для бюджэту будуць большымі, чым улады ўключылі б гэты збор у кошты на паліва. У іх проста ёсць надзея, што калі цяпер адвяжуць дарожны збор ад тэхагляду, то ўсе рэзка пачнуць яго аплачваць. Калі б уключылі ў кошт на паліва – народ бы заплаціў.

– Атрымліваецца, што масавы байкот прадоўжыцца?

– Абсалютна не сумняваюся, што так яно і будзе. Неабдуманая, неразумная пастанова, якая ідзе ў разрэз з інтарэсамі пераважнай большасці аўтааматараў і іх сем'яў. Перад тым, як улады будуць нешта там адвязваць або чагосьці там прывязваць, я б дзесяць разоў падумаў. Калі раней працавала гэтая сістэма прывязкі кошту дарожнага падатку да кошту паліва, то навошта ад яе было пазбаўляцца? Акрамя таго, даўно ўжо час запатрабаваць выразную і ясную справаздачу за праведзеную працу: колькі сродкаў пайшло, якія дарогі паправілі.

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках