19 сакавiка 2024, aўторак, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафта дня 2020: Лукашэнка ў адчайным становішчы

41
Нафта дня 2020: Лукашэнка ў адчайным становішчы
ФОТА: T.ME/ALLGOLOBUTSKY

Афіцыйны Менск наўрад ці можа спадзявацца на паспяховыя для сябе вынікі гандлю.

У 2020 год Беларусь увайшла без доўгатэрміновых кантрактаў на нафту. Адчайны, але без аніякіх вынікаў гандаль з расейскімі нафтавікамі за памер скідкі да кошту пастаўлянай імі нафты ў Беларусь ужо павярнуўся сур'ёзнымі праблемамі для беларускіх НПЗ. Як вынік, гэта прывядзе да негатыўных наступстваў для ўсёй эканомікі краіны, піша спецыялістка ў сыравінных рынках Таццяна Манёнак у артыкуле на сайце «Наша думка».

Аднак, як паказала практыка, у адсутнасць рэальных інструментаў уплыву на расейскія нафтавыя кампаніі афіцыйны Менск наўрад ці можа спадзявацца на паспяховыя для сябе вынікі гандлю.

Пастанову пра тарыфы на транзіт праз Беларусь прымаюць у Маскве

Яшчэ да аварыі на «Дружбе» беларускі бок паведаміў расейскай кампaніі «Трaнснафта» пра свае плaны павысіць з 1 траўня 2019 года на 23% тaрыф нa трaнзіт нафты праз трубаправод «Дружба» (у той час Менск паспрабаваў выкарыстаць гэты аргумент у тым ліку для развязання пытання пра кампенсацыю стратаў ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне РФ). Натуральна, «Транснафта» паставілася да прапановы беларусаў адмоўна.

Але прыняць пастанову ў аднабаковым парадку пра павышэнне тарыфнай стаўкі Менск не можа: у гэтым пытанні ён павінен дзейнічаць у адпаведнасці з працэдурай. З 2010 года паміж Расеяй і Беларуссю дзейнічае міжурадавае пагадненне, якое рэгулюе тарыфы на паслугі ў транзіце нафты па магістральных трубаправодах (дакумент быў падпісаны пасля чарговага нафтавага канфлікту паміж хаўруснікамі). Гэтая методыка (яна, дарэчы, не ўтрымлівае абмежаванняў у тэрмінах яе дзеяння) дазваляе планавы і пазапланавы перагляд тарыфаў.

Планавы перагляд прадугледжвае наступную працэдуру. «Транснафта» не пазней за 15 лістапада накіроўвае на адрас трубаправодных арганізацый Беларусі звесткі пра запланаваныя на наступны год аб'ёмы паставак нафты на беларускія НПЗ і транзіту. У сваю чаргу Беларусь да 25 лістапада перадае «Транснафце» на ўзгадненне планаваныя памеры тарыфаў. Тарыфы павінны быць узгодненыя да 25 снежня, зацверджаныя Мінэканомікі Беларусі да 15 студзеня, уведзеныя ў дзеянне з 1 лютага. Калі дамовіцца не атрымліваецца, беларускі бок можа павысіць стаўкі тарыфаў на ўзровень сярэднегадавой інфляцыі ў Расеі, павялічаны не больш чым на 3%.

Планавы перагляд робіцца не раней чым праз 12 месяцаў пасля папярэдняга планавага перагляду.

Раней тарыфы на транзіт нафты па Беларусі планава індэксаваліся, згодна з методыкай, з 1 лютага 2019 года. Яны памяняліся з улікам сярэднегадавога індэкса спажывецкіх коштаў у РФ на 2019 г. (4,6%), павялічанага на 3%. У выніку на 2019 г. тарыфы на паслугі ў транспартаванні нафты па беларускіх магістральных трубаправодах былі павышаныя на 7,6%.

Менск у пытаннях транзіту не самастойны і скаваны працэдурнымі абмежаваннямі

Намер беларускага боку павысіць тарыфы на транзіт нафты на 23% быў пазапланавы. Згодна з прынятай методыкай, яно можа адбывацца ў тым выпадку, калі ўмовы гаспадарчай дзейнасці беларускіх прадпрыемстваў трубаправоднага транспарту моцна змяніліся.

Беларускі бок абгрунтаваў сваю прапанову спасылкай на экалагічную сітуацыю ў Беларусі. У канцэрне «Белнафтахім» растлумачылі, што арганізацыя бяспекі ў працэсе транспартавання нафты даволі затратная, яна патрабуе сталага маніторынгу нафтаправода, а таксама мадэрнізацыі і замены зношанага абсталявання. Пры гэтым адзначылі, што беларускі тарыф на транспартаванне нафты застаецца самым нізкім сярод суседніх краінаў-транзіцёрак нафты: USD 0,86 на 100 тона-кіламетраў. Для параўнання: у Польшчы ён вышэйшы за беларускі на 22% (USD1,05), ва Украіне – на 62% (USD1,39).

Варта таксама адзначыць, што беларускія тарыфы на транзіт нафты з 2010 года паводле дамоўленасці з РФ вызначаныя не ў далярах, а ў расейскіх рублях. Аднымі з самых нізкіх сярод суседніх краінаў яны застаюцца ў тым ліку і з прычыны прыкметнага падзення курсу расейскага рубля.

Паводле працэдуры, калі «Транснафта» не згодная з беларускімі прапановамі, спрэчнае пытанне павінны развязаць Федэральная антыманапольная служба Расеі і беларускі МАРГ.

У выніку доўгай спрэчкі расейскі бок толькі з 1 верасня 2019 пагадзіўся на павелічэнне на 3,7% тарыфу на транспартаванне нафты па «Дружбе». Аднак на гэтым спрэчка не закончылася. У снежні 2019 года старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў заявіў, што Беларусь хоча закласці ў тарыф на транзіт расейскай нафты ў 2020 годзе свае страты з прычыны зніжэння транзіту нафты праз аварыю на «Дружбе». Паводле наяўных звестак, беларускі бок у сувязі з гэтым мае намер павысіць тарыф на транзіт расейскай нафты на 16,6%. Такім чынам, Менск прапанаваў падвысіць тарыф на 2020 год на інфляцыйны складнік, як гэта прадугледжана методыкай, а таксама на недаатрыманы аб'ём выручкі, каб кампенсаваць страты ў гэтым годзе.

Аднак 9 лютага ФАС РФ і МАРГ Беларусі не змаглі дамовіцца аб тарыфах. У расейскага боку ўзніклі пэўныя пытанні да разлікаў, праведзеных ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Торг будзе прадоўжаны.

Згодна з дзейнай методыкай пытанне аб суме тарыфаў на транзіт расейскай нафты і нафтапрадуктаў павінна быць развязанае ФАС і МАРГ не пазней за 15 студзеня. Калі зрабіць гэтага не здолеюць, пастанова павінна быць прынятая да 1 лютага.

Варта звярнуць увагу, што напярэдадні гэтай спрэчкі Лукашэнка 10 студзеня падпісаў указ №9 «Аб падаткаабкладанні», якім з 1 студзеня 2020 года ўведзены экалагічны падатак на транзіт нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі.

Аб'ектам падаткаабкладання экалагічным падаткам прызнаная транзітная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі нафты і нафтапрадуктаў магістральнымі трубаправодамі. Аплатнікамі экалагічнага падатку з'яўляюцца ААТ «Гомельтранснафта Дружба» і прадпрыемства «Захад-Транснафтапрадукт», уласнікам маёмасці якой з'яўляецца расейскае АТ «Транснафтапрадукт». Стаўка падатку ўстаноўленая ў суме 0,35 рубля (блізу USD0,17) за перамяшчэнне адной тоны нафты або нафтапрадуктаў на 100 км.

Можна меркаваць, што ААТ «Гомельтранснафта Дружба» паспрабуе таксама «ўлічыць» новыя выдаткі ў тарыфе на транзіт расейскай нафты. Што, у сваю чаргу, можа выклікаць незадаволенасць расейскага боку.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках