28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, каму належыць скандальны рэстаран «Лебядзіны»

20
Стала вядома, каму належыць скандальны рэстаран «Лебядзіны»
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Журналісты правялі расследаванне.

Рэстаран «Лебядзіны» на беразе аднайменнага заказніка зарэгістраваны на прадпрыемства, заснавальнікам якога з'яўляецца Нацыянальны алімпійскі камітэт. Што пра гэта кажуць НАК і забудоўнік аб'екта «Тапас» - у матэрыяле tut.by.

Рэстаран «Лебядзіны» ў канцы снежня пабудаваў буйны забудоўнік «Тапас». Аб'ект уваходзіць у шматфункцыянальны комплекс «Алімпік парк».

З інфармацыі гандлёвага рэестра вынікае, што рэстаран «Лебядзіны» зарэгістраваны на ўнітарнае прадпрыемства «Лебядзіны парк».

Згодна з выпіскай з дзяржрэгістра юрыдычных асоб, адзіным заснавальнікам УП «Лебядзіны парк» з'яўляецца Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства зарэгістраванае 16 снежня 2019 года.

Кіраўніком «Лебядзінага парку» з'яўляецца Валерый Філіповіч - цяперашні дырэктар Палаца спорту.

Фота: openchess.by

Таксама Філіповіч значыцца гульцом у аматарскай камандзе «Шчыт». Згодна з інфармацыяй на сайце спартовага клуба Лукашэнкі, у спіс гульцоў гэтай каманды ўваходзіць у тым ліку сын Аляксандра Лукашэнкі - Зміцер.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка прыязджаў на адкрыццё рэстарацыі 21 снежня.

НАК і забудоўнік: «рэстарацыя ва ўласнасці не значыцца» і «кіроўная кампанія вызначаецца»

Нягледзячы на пералічаныя вышэй звесткі, у НАК нам адказалі, што рэстаран «Лебядзіны» ў іх уласнасці не значыцца і ў эксплуатацыі такі аб'ект не знаходзіцца.

А што кажа забудоўнік шматфункцыянальнага комплексу «Алімпік парк», у які ўваходзіць у тым ліку рэстарацыя? Са слоў прадстаўніка кампаніі, цяпер заканчваецца падрыхтоўка дакументаў, якія ўстанаўліваюць права што да формы ўласнасці аб'екта.

- Група кампаній «Тапас» з'яўляецца забудоўнікам і фактычна не мае досведу кіравання аб'ектамі грамадскага харчавання, кіроўная кампанія рэстарацыяй вызначаецца. Прававы статус аб'екта найбліжэйшым часам будзе названы ў СМІ, - адказалі нам у прэс-службе.

У рэстаране «Лебядзіны» паабяцалі адказаць на нашы пытанні пазней.

Насуперак пратэстам і са скандаламі

Нагадаем, будаўніцтва і піяр рэстарана «Лебядзіны», які ўваходзіць у комплекс «Алімпік парк» на праспекце Пераможцаў, суправаджаліся скандаламі. Пасля таго як суд аштрафаваў забудоўніка за будаўніча-мантажныя працы без неабходных дазволаў, указам Лукашэнкі ад 5 снежня 2018 года №468 у генплан Менска тэрмінова ўнеслі змены і выключылі тэрыторыю забудовы з зоны прыродных асабліва ахоўных тэрыторый.

Такім чынам кампанія «Тапас» узвяла побач з заказнікам комплекс «Алімпік парк», які ўключае ў сябе шматкватэрныя жылыя дамы, катэджы, спартовы цэнтр з дзвюма лядовымі арэнамі і рэстарацыяй, пабудаванай на беразе вадаёма насуперак пратэстам эколагаў і грамадскіх актывістаў.

А перад афіцыйным адкрыццём рэстарацыі адбыўся яшчэ адзін скандал: найманая піяршчыца апублікавала ў Instagram паведамленне для хейтэраў, пасля якога на яе абрынулася хваля крытыкі і абурэння карыстачоў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках