23 красавiка 2024, aўторак, 23:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зіма ў Беларусі: гусі прыляцелі, дачнікі сеюць моркву

15
Зіма ў Беларусі: гусі прыляцелі, дачнікі сеюць моркву

Вадохрышчанскія маразы сёлета абяцаюць максімум -2 градусы.

Амаль заканчваецца студзень, а ў нас не зіма, а адна назва. Замест марозу і снегу - туманы і дажджы, як увосень. А дзе-нідзе і зусім траўка зелянее, сонейка блішчыць - вясна! Напрыклад, на паўднёвым захадзе Беларусі. Там снегу так і не дачакаліся. Пару разоў толькі зямлю ледзь прыкметна прыцярушыць на некалькі гадзін - вось і ўся зіма, піша kp.by.

Пасяўную пачынаць яшчэ рана

- Надвор'е, якое цяпер у нас - гэта тыповая заходне-еўрапейская зіма. Нам здаецца, што ўжо вясна, але наогул яшчэ сярэдзіна студзеня. Узгадайце, як некалькі гадоў таму ў сакавіку наляцеў цыклон «Хаўер», усё снегам заваліла - надвор'е вельмі непрадказальнае... Так што цешыць сябе рана, - мяркуе намеснік дырэктара ў навуцы навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі ў земляробстве Эрома Урбан.

Аднак на Палессі, у Менскай і Гарадзенскай абласцях на клумбах зацвілі прымулы, выпусціла коцікі вярба... На Берасцейшчыне ў лесе была заўважаная ветрагонка, якую часта блытаюць з падснежнікамі. У Белавежскай пушчы растуць грыбы дрэўнавушкі, у Лідскім раёне збіраюць лісічкі, у Бярозаўскім - апенькі.

А дачнікі ўжо на ўсю моц узяліся за працу!

- Я ўжо і трускалкі прапалола, і моркву пасадзіла, у чэрвені буду першы ўраджай збіраць, - хваліцца ў мясцовай раёнцы жыхарка Лідскага раёна Святлана Антухевіч.

Доктар сельскагаспадарчых навук Эрома Пятровіч кажа, што такое надвор'е ставіць гаспадаркі і дачнікаў у складаную сітуацыю. Тыя, хто рызыкнуць цяпер нешта пасадзіць, могуць застацца ні з чым, калі зіма ўсё ж апамятаецца і наляціць з маразамі.

- Адзінае, што можна высаджваць - моркву, пятрушку, пастарнак, іх нават на зімоўку ў зямлі пакідаюць. З астатнімі культурамі не трэба так рабіць. Усё адно насенне будзе ў зямлі броснець, гніць, губляць пажыўныя ўласцівасці. Вегетатыўны рух пачынаецца пры тэмпературы, вышэйшай за 5 градусаў. Звычайна гэта сярэдзіна сакавіка - пачатак красавіка. І хоць ужо цяпер прагназуюць да +7, гэта яшчэ не значыць, што пара пачынаць пасяўную - гэта тэмпература паветра, а ў зямлі халадней, - тлумачыць Эрома Урбан.

Злы жарт такое надвор'е можа згуляць і з азімымі. Снег на палях хавае насенне ад марозу і выветрывання. Паводле апошніх звестак Белгідрамета, цяпер азімым нішто не пагражае. Але калі імкліва пахаладае, мы рызыкуем страціць пасевы. І яшчэ невядома, ці будзе ўраджай летам!

- Гэта толькі бабулі так кажуць, што калі цёплая зіма, то будзе цёплае лета. На справе можа атрымацца, што ўзімку ў нас +10 - а летам будзе +12. Такое надвор'е да дабра не давядзе! - перажывае Эрома Урбан.

Птушак ад маразоў выратуюць калгасныя палеткі

Затое птушкі не асабліва перажываюць з нагоды таго, як будуць карміцца ў сярэдзіне зімы. У Берасцейскай вобласці і ў некаторых раёнах Гарадзенскай пералётныя птушкі сёлета паленаваліся ляцець на зіму. Качкі і лебедзі аседлы лад жыцця вядуць ужо даўно, цяпер да іх далучыліся і іншыя віды.

- Зімы яшчэ і не было... У многіх месцах, не толькі на паўднёвым захадзе Беларусі, рэгіструюцца журавы, гусі, кнігаўкі, шпакі, гракі, перапёлкі, - дзеліцца назіраннямі супрацоўнік нацпарка «Белавежская пушча», арнітолаг Вадзім Пракапчук.

А навошта птушкам ляцець, калі іх і тут нядрэнна кормяць?

- Птушкі прывыклі, што Беларусь зялёная, яны кормяцца на кукурузных і рапсавых палетках. Напрыклад, так робяць качкі, якія ў нас зімуюць, - лётаюць на найбліжэйшы СВК харчавацца, - распавядае Віктар Дзямянчык, намеснік дырэктара ў навуковай рабоце Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук.

Касяк белалобых гусей, якія звычайна вяртаюцца з зімоўкі ў сакавіку, навукоўцы назіралі над Берасцем 10 - 11 студзеня.

- Мы мяркуем, што гэта раней за тэрмін вяртаюцца блізкія мігранты. Гусі зімуюць у раёне Балтыйскага мора. Яны неяк паміж сабой дамаўляюцца - разумеюць, што тут ужо цёпла, і ляцяць сюды. Далёкія мігранты - тыя ж буслы, якія зімуюць у Цэнтральнай Афрыцы - усё ж будуць чакаць звыклай пары, - разважае Віктар Дзямянчык.

На Вадохрышча будзе мароз - да -2!

У Белгідрамеце адзначаюць, што кліматычная зіма ў Беларусі так і не наступіла. Зіма згодна з навукай пачынаецца, калі сярэднядзённая тэмпература перасягае за нуль і цягам некалькіх дзён трымаецца ніжэй за нулявую адзнаку. А ў нас стабільны плюс! Часта на 5 - 10 градусаў вышэй за кліматычную норму.

На Вадохрышча сёлета ў прагнозе таксама спрэс «блізу наля». Так што нават няшчасныя -2 можна разглядаць як вадохрышчанскі мароз! У Менску, Віцебску, Гомелі і Магілёве 19 студзеня - дождж і ад 0 да -2, у Гародні і Берасці будзе ад +0 да +3.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках