18 красавiка 2024, Чацвер, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нічога не чулі - ні стрэлу, ні выбуху»

7
«Нічога не чулі - ні стрэлу, ні выбуху»

Што вядома пра дзёрзкае забойства бізнэсоўца пад Горадняй.

У ноч на 15 студзеня ў вёсцы Чэхаўшчына, што недалёка ад Горадні, забіты індывідуальны прадпрымальнік. Паводле некаторых звестак, яго застрэлілі прама ва ўласным BMW X6, стралялі ў галаву. Забіты - 55-гадовы Аляксандр Прасняк, адзін з акцыянераў гарадзенскай пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», а таксама ўладальнік рознай камерцыйнай нерухомасці ў абласным цэнтры. Расказваем, што пакуль вядома пра злачынства, піша tut.by.

Вёска Чэхаўшчына за некалькі кіламетраў ад Горадні, размешчаная на берагах двух азёр. У населеным пункце старыя вясковыя хаты суседнічаюць з вялікімі катэджамі. Менавіта каля аднаго з іх і быў застрэлены гарадзенскі бізнэсовец.

Пра тое, што тут адбылося злачынства, праз суткі нагадваюць чырвона-белыя пластыкавыя стужкі з надпісам «Следчы камітэт», нацягнутыя паміж дрэвамі, на дарозе валяецца аднаразовы светла-сіні халат, а каля дома стаіць патрульны аўтамабіль ДАІ. Побач - двое інспектараў.

Ва ўсіх мінакоў даішнікі правяраюць дакументы, спыняюць і машыны, што праязджаюць міма. У доме, дзе жыў Аляксандр, у вокнах гарыць святло, аднак сваякі загінулага размаўляць з журналістамі наадрэз адмаўляюцца. Суседзі найбліжэйшых дамоў таксама нешматслоўныя: «Нічога не бачылі, з суседам асабліва не кантактавалі».

Затое жыхары дамоў, якія знаходзяцца крыху воддаль, распавядаюць, што Аляксандра ў пасёлку называлі «Касічка».

- Таму што ён коску насіў. Раніцай і ўвечары катаўся па акрузе на ровары. Ездзіў з сабакамі, яны беглі за ім. Такі ў яго быў рытуал. Ведаем, што ён быў буйным бізнэсоўцам. Разам са сваімі паплечнікамі быў акцыянерам прадпрыемства "Акцэнт". Яны ўсё і жывуць побач, па выхадных адзін да аднаго ў лазню хадзілі. І ведаеце, што дзіўна? У нас тут такая цішыня, што староннія гукі заўсёды выразна чутныя, а ў гэтую ноч мы нічога такога не чулі - ні стрэлу, ні выбуху. Нічога. У нас па вясне на возеры ганяюць птушак стрэламі, каб яны не з'елі ўсю рыбу ў вадаёме. Таму мы б звярнулі ўвагу на знаёмы гук, - кажа адна з мясцовых жыхарак.

Суседзі таксама распавялі ОНТ, што на доме каля катэджа бізнэсоўца вісіць камера вонкавага відэаназірання, і яна зафіксавала «ўспышкі стрэлаў і як чалавек пабег у бок горада [Горадні]».

- Ён быў адзін, без машыны, чакаў яго.

У Чэхаўшчыне і ў суседнім пасёлку Каробчыцы ўсе абмяркоўваюць здарэнне. Некаторыя мяркуюць, што Аляксандр быў вінен камусьці грошай - але, маўляў, сума была настолькі маленькай, што «наўрад ці за такое ў Беларусі забіваюць».

- Можа быць пасварыўся з кімсьці? Але нічога дрэннага не магу пра яго сказаць. Быў ветлівы, просты, - кажа яшчэ адна суседка. - Можа быць, забойства звязанае з камерцыяй? Дарэчы, у яго акрамя дома тут, ёсць некалькі кватэр яшчэ і ў горадзе. Ва ўласнасці ёсць яшчэ і камерцыйная нерухомасць. У яго застаўся дарослы сын, які жыве ў Горадні, і старэнькая маці.

Суседзі распавядаюць, што разам з бізнэсоўцам у доме жыла яго 30-гадовая грамадзянская жонка і іх трохгадовы сын.

Жыхары Каробчыц кажуць, што сёння супрацоўнікі міліцыі правяраюць ва ўладальнікаў паляўнічыя стрэльбы.

Аляксандр Прасняк у 2011 годзе быў намеснікам дырэктара ў развіцці пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», у 2013 годзе - старшынём назіральнай рады, а апошнім часам - адным з акцыянераў прадпрыемства. Да 2014 года быў таксама акцыянерам гарадзенскага ААТ "Швейная-гандлёвая фірма Элод».

Злачынства - гучнае і рэзананснае. Папярэдні такі выпадак быў у Горадні ў шалёныя 90-я, калі хтосьці застрэліў ля брамкі дома тагачаснага старшыню Гарадзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Арцыменю. Імёны заказчыка і выканаўцы таго злачынствы дагэтуль не вядомыя.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках