27 лютага 2020, Чацвер, 8:53
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Польскі эксперт: У нафтавым канфлікце Лукашэнка зрабіў стратэгічную памылку

47
Польскі эксперт: У нафтавым канфлікце Лукашэнка зрабіў стратэгічную памылку
Фота: ria.ru

Для альтэрнатыўных паставак нафты патрэбная палітычная воля.

На фоне нафтавага канфлікту паміж Расеяй і Беларуссю ўсё часцей чуваць заявы, што Менск будзе шукаць альтэрнатыўныя магчымасці для паставак вуглевадародаў. Сярод маршрутаў беларускі бок называў пастаўкі нафты праз Польшчу.

14 студзеня ў прэс-службе польскага аператара «Дружбы» кампаніі PERN заявілі, што на гэты момант пастаўкі ў Беларусь немагчымыя.

Якія крокі можа зрабіць Беларусь? Чым пагражае нафтавы канфлікт для ўсяго рэгіёну? Ці ёсць формула энэргетычнай бяспекі для Беларусі?

Усе гэтыя пытанні сайт Charter97.org задаў аналітыку Польскага інстытута міжнародных справаў Мацею Заневічу.

– Спадар Заневіч, ці магчымыя пастаўкі нафты з Польшчы ў Беларусь па нафтаправодзе «Дружба»?

– Падобныя пастаўкі тэхнічна магчымыя. Калі пачаўся крызіс з «бруднай нафтай», то нафтаправод «Дружба» працаваў у рэжыме рэверсу, але толькі да мяжы з Польшчай. На тэрыторыі Беларусі дзве ніткі нафтаправода з трох працавалі ў рэжыме рэверсу. З боку Польшчы гэта таксама тэхнічна магчыма рэалізаваць, але для гэтага патрэбныя інвестыцыі. Такую пазіцыю займае польскі аператар PERN.

Для Польшчы гэта азначае, што павінна быць палітычная дэкларацыя з боку Беларусі пра набыццё нафты з Польшчы. Таксама патрэбныя гарантыі, што гэта не будзе кароткатэрміновы кантракт на некалькі месяцаў, а доўгатэрміновы – на некалькі гадоў. Павінен быць падрыхтаваны выразны бізнэс-план, гарантыі, што інвестыцыі акупяцца. І ў гэтым галоўная праблема. Гэта павінен быць добра падрыхтаваны інвестыцыйны праект, які проста немагчыма зрабіць цягам некалькіх дзён.

Але пытанне ўпіраецца ў тое, што нафта з Расеі для Беларусі з'яўляецца больш таннай. Кантракт паміж Менскам і Масквой прадугледжваў тое, што Беларусь набывае нафту з коштамі ніжэйшымі за сусветныя. Да нядаўняга часу кошт для Беларусі складаў блізу $ 49 за бараль, беручы да ўвагі, што ў 2019 годзе сярэдні кошт за бараль нафты маркі Brent быў блізу $ 67. Гэтыя розніцы даволі значныя.

Цяпер Расея рэалізуе так званы падатковы манеўр, які прывядзе да павелічэння коштаў на нафту для Беларусі. Менск жа дамагаецца кампенсацыі, каб нафта прадаўжала набывацца паводле коштаў ніжэйшых за рынкавыя. Але калі Беларусь не здолее дамовіцца пра кампенсацыю, то сцэнар з частковым набыццём нафты ў Польшчы быў бы магчымы. Акрамя таго, у гэтым зацікаўленая Літва, якая дэкларавала магчымасць дастаўкі нафты чыгуначным спосабам. Толькі праблема ў тым, што фізічна немагчыма даставіць вялікую колькасць нафты з порта Буцінге на тэрыторыю Беларусі.

– Як Вы мяркуеце, ці нясе нафтавы канфлікт Масквы і Менска пагрозу для ўсяго рэгіёну?

– Мяркую, што не. Калі гаворка ідзе пра дастаўку нафты праз нафтаправод «Дружба», то яго канчатковым адрасатам з'яўляецца Нямеччына. Расея проста не зацікаўленая ў тым, каб сапсаваць стасункі з Нямеччынай. Таму я не думаю, што нейкія перабоі з дастаўкай немагчымыя.

Акрамя таго, існуе магчымасць павелічэння паставак праз нафтапорт у Гданьску. Дарэчы, менавіта адтуль прыходзіла б нафта для Беларусі, калі была б прынятая пастанова набываць яе з Польшчы. Нафта прыходзіла б у нафтапорт Гданьска, далей рэверсам паступала б праз Плоцк і Адамуў – у Мазыр.

– Якія памылковыя крокі Менска прывялі да нафтавага крызісу?

– Была зробленая стратэгічная памылка. Нельга было рабіць эканоміку залежнай ад таннай расейскай нафты. Беларуская мадэль абапіралася на набыццё таннай нафты з Расеі і паступленняў у бюджэт ад продажу нафтапрадуктаў, што зрабіла Менск залежным ад палітычнай волі Крамля. Усё гэта было часткова выкарыстана Расеяй: пачалася скупка беларускай інфраструктуры і прамысловасці. Цалкам натуральнымі і прадказальнымі былі далейшыя жаданні Расеі.

Беларуская эканоміка не была дыверсіфікаваная, НПЗ занадта позна былі адрамантаваныя.

– Як Беларусь павінна будаваць сваю энэргетычную бяспеку, каб перастаць быць залежнай ад Крамля?

– Беларусь павінна засяродзіцца на дыверсіфікацыі паставак – тое, што робяць усе краіны ў рэгіёне пачынаючы ад Польшчы і заканчваючы Украінай. Трэба шукаць новыя крыніцы паставак, але гэта залежыць ад прыняцця палітычнай пастановы. Беларусь павінна заявіць, што спыняе будаваць эканоміку, завязаную на таннай нафце з Расеі. На пачатковых этапах гэта б прывяло да вялікіх фінансавых выдаткаў і павелічэння коштаў на сыравіну. Але ўсе краіны рэгіёну, якія пастанавілі стаць незалежнымі ад Расеі, плацяць гэты кошт. Усе гэтыя выдаткі ў стратэгічнай перспектыве вяртаюцца.

Аднак, як мне здаецца, Лукашэнка не думае стратэгічна, а толькі на некалькі гадоў наперад. Ён імкнецца задаволіць свае інтарэсы і інтарэсы свайго найбліжэйшага асяроддзя.