28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя факты: украінскі лайнэр у Іране маглі збіць «на асобны загад»

Новыя факты: украінскі лайнэр у Іране маглі збіць «на асобны загад»

З'явіліся довады на карысць гэтай версіі.

Уплывовае амэрыканскае выданне The New YorkTimes апублікавала відэа, як іранскія СПА збілі ўкраінскі Boeing у небе над Тэгеранам. Калі меркаваць, што відэа сапраўднае, то характар абстрэлу сведчыць аб тым, што самалёт быў збіты наўмысна і, мусібыць, на асобны загад вайсковага камандавання Ірана, паведамляе apostrophe.ua.

Відэа знішчэння ўкраінскага Boeing-737 авіякампаніі МАУ вядомае амэрыканскае выданне The New York Times апублікавала 14 студзеня. На ім відаць, як у пасажырскі самалёт выпускаецца зенітная ракета. Выбліск ад трапляння выяўна бачны ў начным небе Тэгерана. Праз сэкундаў 10-15 у самалёт выпускаецца другая ракета прыкладна з тога ж пункту, адкуль прыляцела першая. Пасля другога трапляння самалёт яшчэ пэўны час трымаецца ў паветры, а потым зыркай знічкай ляціць да зямлі.

Як вядома, самалёт Boeing-737 украінскай авіякампаніі МАУ пацярпеў катастрофу раніцай 8 студзеня непадалёк ад Тэгерана. Паспеўшы ўзняцца на вышыню 2400 мэтраў, машына бразнулася на дол. Усе 176 чалавек, якія знаходзіліся на яе борце, у тым ліку 11 украінцаў - загінулі.

Версія пра тое, што самалёт быў збіты, з'явілася практычна ў той жа дзень пасля катастрофы. Паведамлялася, што ракеты былі выпушчаныя з зенітнага ракетнага комплексу "Тор", які быў распрацаваны ў СССР, а пазней мадэрнізаваныя ў РФ. У сярэдзіне "нулявых" 29 такіх комплексаў былі пастаўленыя ў Іран з Расеі. Галоўнай асаблівасцю гэтай сістэмы з'яўляецца магчымасць працаваць не толькі ў ручным, але і ў аўтаматычным рэжыме.

У суботу, 11 студзеня, іранская старана прызнала, што самалёт быў збіты. Галоўнай прычынай называўся "чалавечы чыннік". У заяве Генеральнага штаба Ірана паказваецца, што Boeing здзейсніў раптоўны паварот у бок сакрэтнага аб'екта Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), на ўзбраенні якога знаходзяцца ЗРК "Тор", з прычыны чаго і трапіў пад абстрэл. Міністр замежных спраў Ірана Махамад Джавад Зарыф растлумачыў катастрофу "чалавечай памылкай" , а начальнік Вайскова-касмічных сіл КВІР Амір Алі Хаджызадэ заявіў, што іранскія зенітчыкі пераблыталі самалёт з амэрыканскай крылатай ракетай. Старты крылатых ракет на важныя іранскія аб'екты нібыта чакаліся, у сувязі з моцным абвастрэннем стасункаў паміж Іранам і ЗША.

Аўтар гэтых радкоў знаёмы з асаблівасцямі дзейнасці зенітных ракетных комплексаў. Раней мы ўжо пісалі пра тое, што чалавечая памылка пры абстрэле ўкраінскага самалёта выклікае сумневы. Нават на відэа, апублікаваным The New York Times, відаць, што сітуацыя ў небе над Тэгеранам спрэс спакойная. Гэта азначае, што разлік ЗРК, грунтуючыся на радыёлакацыйных звестках, мог лёгка зразумець, што гэта цывільны самалёт. Пагатоў батарэя знаходзілася каля аэрапорта і ў такіх варунках велізарны аб'ект, які вельмі павольна набірае вышыню, не можа з'яўляцца чымсьці, акрамя пасажырскага самалёта. Ва ўсякім выпадку, яго надзвычай цяжка зблытаць з амэрыканскай крылатай ракетай Tomahawk, якая ляціць на гранічна малых вышынях, да 50 мэтраў над зямлёй, з абгінаннем рэльефу мясцовасці. І, калі памылка ўсё-такі адбылася, то гэта сведчыць толькі пра вельмі нізкую кваліфікацыю зенітнага разліку альбо поўным бязладдзі ў сістэме іранскай СПА.

СТАРТ РАКЕТЫ TOMAHAWK
ФОТА: GETTY IMAGES

Варыянт, пры якім іранскі "Тор" збіў Boeing у аўтаматычным рэжыме, бо той выпадкова апынуўся ў нейкай беспалётнай зоны над іранскім вайсковым аб'ектам, больш пасуе да катэгорыі памылкі. Пагатоў, падобнае ўжо здарылася ў 2010 годзе, калі іранскія "Торы" збілі свой жа самалёт F-4, які ўвайшоў у забароненую зону над АЭС у Бушэры. Аднак 11 студзеня прэзідэнт украінскай кампаніі МАУ Ігар Сасноўскі заявіў, што да ракетнай атакі экіпаж Boeing дакладна выконваў усе наказы дыспетчарскай вежы аэрапорта. Гэта ставіць пад сумнеў варыянт з "аўтаматычным" абстрэлам самалёта і пакідае толькі адну магчымасць - наўмыснае знішчэнне.

Тут трэба грунтавацца на тым, што разлік выдатна бачыў, што ў небе знаходзіцца пасажырскі самалёт. У баявой сітуацыі, калі няма часу і магчымасці чакаць асобных загадаў, вайскоўцы зенітных ракетных дывізіёнаў і батарэй, ад якіх залежыць прыняцце пастановы пачаць страляць, кіруюцца інструкцыямі аб баявой дзейнасці, у якіх, сярод іншага, распісана, якая паветраная цэлт з'яўляецца першачарговай. Для кожнага ЗРК гэтыя інструкцыі адрозніваюцца, аднак пасажырскі самалёт у кожным выпадку не ўваходзіць у спіс першачарговых цэляў. Іншымі словамі, зенітнік, знаходзячыся ў здаровым розуме, наўмысля ніколі не абстраляе цывільны лайнэр, калі на тое няма спецыяльнага загаду начальства, рангам вышэйшага, чым камандзір дывізіёна.

Такім чынам, калі відэа NYT з'яўляецца сапраўдным (у гэтым таксама ёсць сумневы, бо датай зняцця роліка значыцца 17 кастрычніка 2019 года, а не 8 студзеня 2020), то здарэнне выглядае наступным чынам. РЛС комплексу заўважыла паветраную цэль, пасля чаго яе ўзялі на суправаджэнне. Затым быў дадзены загад на старт ракеты, у адпаведнасці з раней аддадзеным загадам досыць высокага начальства. А другая выпушчаная ракета сведчыць пра вельмі цвёрды наказ за ўсялякую цану "прызямліць" лайнэр.

Безумоўна, наўмыснае знішчэнне пасажырскага самалёта - гэта жахлівае злачынства. Складана ўявіць, навошта афіцыйнаму Тэгерану спатрэбілася ісці на гэты рызыкоўны крок. Хіба што ўкраінскі борт забіраў з Ірана нешта такое, чаго аятолам было вельмі нявыгадна адпускаць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках