26 лютага 2020, Серада, 13:29
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як цукар мяняе мозг

19
Навукоўцы высветлілі, як цукар мяняе мозг
ФОТА: DEPOSITPHOTOS/AJAFOTO

Вынікі эксперыменту перасягнулі чаканні.

Многія людзі скардзяцца на непераадольную цягу да салодкага. Праз гэтую звычкк часта развіваюцца атлусценне і цукровы дыябет. Цукар часта называюць "салодкім наркотыкам", але да апошняга часу навуковых пацверджанняў узнікнення залежнасці ад яго не прыводзілася, піша ria.ru.

Дацкія навукоўцы з Орхускага ўніверсітэта правялі эксперымент на свіннях і прыйшлі да высновы, што цукар сапраўды ўплывае на іх мозг, які вельмі падобны на мозг чалавека, як наркотык.

"Не было сумненняў у тым, што цукар праз свае фізіялагічныя эфекты шкодны для здароўя. Але мы сумняваліся ў тым, што цукар уплыў на мозг і паводзіны", - прыводзяцца ў прэс-рэлізе ўніверсітэта словы першага аўтара працы, дацэнта кафедры клінічнай медыцыны Майкла Вінтэрдала (Michael Winterdahl).

Цягам 12 дзён сем свіней атрымлівалі па два літры цукровай вады на дзень. Навукоўцы з дапамогай працэдуры МРТ параўналі стан мозгу жывёл да пачатку даследавання, у канцы першага дня і пасля заканчэння эксперыменту.

"Пасля ўсяго толькі 12 дзён прыёму цукру мы назіралі сур'ёзныя змены ў дафамінавых і апіойдных сістэмах мозгу. Фактычна апіойдная сістэма, якая ў хімічным плане звязаная з дабрабытам і задавальненнем, была актываваная ўжо пасля самага першага прыёму", - кажа навуковец.

Іншымі словамі, даследчыкі выявілі, што цукар уплывае на сістэму ўзнагароджання мозгу паводле той жа схемы, што і наркатычныя сродкі, вызваляючы нэўрамедыятары - дафамін і апіойды. Сістэму ўзнагароджання, з якой звязаныя адчуванні задавальнення, шчасця і дабрабыту, можна актываваць і іншымі спосабамі, такімі як сэкс, сяброўства або пазнаванне чагосьці новага, але штучныя стымулы часам дзейнічаюць хутчэй і мацней.

"Калі цукар можа змяніць сістэму ўзнагароджання мозгу ўсяго за дванаццаць дзён, як мы гэта бачылі ў свіней, зразумела, што натуральныя стымулы, такія як навучанне або сацыяльнае ўзаемадзеянне, адсоўваюцца на задні план і замяняюцца цукрам ці іншымі штучнымі стымулятарамі дафаміну", - адзначае Вінтэрдал.

Аўтары тлумачаць, чаму эксперымент праводзіўся менавіта на свіннях тым, што ў людзей ўзровень дафаміну моцна змяняецца ў залежнасці ад вялікай колькасці фактараў: на гармон радасці ўплываюць нашы стасункі з іншымі людзьмі, тое, што мы ямо, і нават гульні ў тэлефоне. Усё гэта можа прывесці да значных адхіленняў у выніках. Свінні ж з'яўляюцца цудоўнай альтэрнатывай. Іх мозг больш складаны, чым у мышэй, і пакрыты звілінамі, падобна чалавечаму, а яго памер ідэальна падыходзіць для візуалізацыі глыбокіх структур з выкарыстаннем скенераў, прызначаных для даследавання мозгу чалавека.