25 красавiка 2024, Чацвер, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская кармілка для Лукашэнкі зачыняецца

27
Расейская кармілка для Лукашэнкі зачыняецца
ФОТА: GETTY IMAGES

Новы ўрад РФ можа ўзмацніць эканамічны ціск на беларускага дыктатара.

Нафтагазавыя сваркі яшчэ да Новага года паставілі пад пытанне падпісанне «паглыбленай інтэграцыі». Цяпер жа праз пачаты Уладзімірам Пуціным транзіт улады і спадарожную кадравую ператасоўку Масквы, на думку шэрагу экспертаў, адбудуцца карэктаванні ў палітыцы Крамля ў дачыненні да Беларусі, піша Аляксандр Класкоўскі ў артыкуле на сайце Naviny.by.

Які лёс чакае пры гэтым пакет у асноўным ужо ўзгодненых дарожных картаў? І калі ў гэтым плане ў «заклятых хаўруснікаў» не зрасцецца, то як будзе жыць Беларусь у новых рэаліях – без звыклых расейскіх прэферэнцый?

Пасля таго як новы ўрад будзе сфармаваны і ўвойдзе ў курс справаў, расейскія ўлады прадоўжаць падштурхоўваць Менск да падпісання і рэалізацыі дарожных картаў, мяркуе эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» (Менск) Валер Карбалевіч.

«Але цяпер задача гэтага праекта ўжо іншая. Паколькі Менск не пагаджаецца, асабліва з 31-й картай (якая прадугледжвае адзіную валюту і наднацыянальныя органы. – А.К.), то гэта добрая нагода, падстава згарнуць эканамічныя прэферэнцыі Беларусі», – растлумачыў суразмоўца Naviny.by.

Пры гэтым цяпер, дадаў ён, калі стала відавочна, што Расея не гатовая зніжаць кошты на газ і нафту, для беларускага боку ўвесь сэнс перамоваў пра дарожныя карты становіцца незразумелым.

У цэлым жа, на ягоную думку, у святле апошніх падзей у Расеі «рызыкі для беларускай эканомікі – выраслі».

Тут, праўда, узнікае такое пытанне: калі Пуцін сабраўся развязваць для сябе праблему-2024 не праз далучэнне суседняй краіны, а «паглыбленая інтэграцыя» можа падвіснуць яшчэ і з прычыны ўнутрырасейскіх палітычных турбацый, то ці азначае гэта, што Крэмль у прынцыпе махне рукой на Беларусь?

Шэраг беларускіх аналітыкаў мяркуе, што зусім не. «Пайшлі заявы, што, маўляў, усе перыпетыі, звязаныя цяпер з Беларуссю, абумоўленыя не прымусам да “інтэграцыі”, а ўсяго толькі пераходам на ўзаемадзеянне з Беларуссю на ўмовах зніжэння датацый і рынкавай эканомікі. Сур'ёзна? Расея, столькі ўклаўшы ў Беларусь, цяпер раптам дазволіць знізіць залежнасць ад РФ у сыравіне, крэдытаванні эканомікі, рынках збыту і г.д., г.зн. адысці Беларусі ад уплыву Расеі? Вельмі ў гэтым сумняваюся. Інтарэсы Расеі нікуды не зніклі...» – піша ў фэйсбуку Ягор Лебядок.

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў (Менск) Арсень Сівіцкі раней у каментары для Naviny.by выказаў меркаванне: незалежна ад таго, які сцэнар транзіту ўлады будзе абраны ў Расеі, Крэмль прадоўжыць узмацняць ціск на Беларусь. Больш за тое – ціск можа прыняць і больш жорсткія формы. «Паглыбленне інтэграцыі» – толькі адзін з інструментаў Масквы, а яе звышзадача – «яшчэ мацней замацаваць Беларусь у сваёй геапалітычнай арбіце», кажа Сівіцкі.

Удар па эканоміцы неўнікнёны

Такім чынам, паводле адной версіі, ціск на Менск аслабне, паводле іншай – будзе ўзмацняцца. Аднак, як гэта ні парадаксальна, у любым выпадку Лукашэнку давядзецца развязваць задачу, як адаптаваць эканоміку да новай рэальнасці.

Бо расейскае кіраўніцтва дастаткова ясна намякнула: хочаце газ з коштам Смаленскай вобласці – станавіцеся Смаленскай вобласцю ці нечым такога кшталту.

А гэта азначае, што Беларусі давядзецца жыць ва ўмовах імкнення да нуля расейскай фінансава-эканамічнай падтрымкі. Гэта ўдарыць – і ўжо б'е – па звыклай да маскоўскага падсілкоўвання беларускай эканоміцы.

Нафта няўхільна даражэе, так што НПЗ адназначна перастануць прыносіць бюджэту ранейшыя барышы. Перспектыва і так паўлеглых монстраў сацыялістычнай індустрыі, што паглынаюць плойму энэргіі і матэрыялаў, становіцца яшчэ горшай. Грошай на датацыі сялу, нізкаэфектыўнаму прамысловаму дзяржсектару будзе ўсё менш. Ну, і гэтак далей паводле ўсяго спісу.

Як у гэтых умовах выжываць? Самы просты адказ – перакройваць структуру эканомікі, узмацняць курс на яе дыверсіфікацыю, разгортваць комплекс рэформаў.

Але Лукашэнка на днях лішні раз пацвердзіў свой кансерватыўны імідж, заявіўшы, што «прынцыпы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, якую мы фармавалі гадамі, застануцца нязменнымі».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках